Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў аднавіўся на працы праз суд


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў
Былы віцебскі прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах быў звольнены 1 лістапада нібыта за прагул. Суд Віцебскага раёну задаволіў яго скаргу на аднаўленьне на працы, прызнаўшы загад на звальненьне, выдадзены адміністрацыяй пладова-гародніннага камбінату "Ноўка", незаконным.

У судзе Віцебскага раёну Сяргей Рыжоў распавёў пра акалічнасьці звальненьня і яго прычыны — на думку спадара Рыжова, выключна палітычныя. Яго звольнілі пасьля таго, як ён спачатку заявіў пра свой намер балятавацца на прэзыдэнта, а потым мусіў адмовіцца ад гэтага, як ён кажа, з прычыны ціску на сябраў яго ініцыятыўнай групы ды іншых акалічнасьцяў.

Судзьдзя Тацяна Дзегцярова прызнала, што рашэньне звольніць яго з пасады начальніка сэктару зьнешнеэканамічных сувязяў было незаконным.

Адміністрацыя пладова-гародніннага камбінату "Ноўка" звольніла яго за прагул — абвінаваціла ў тым, што 4 кастрычніка ён прагуляў тры гадзіны працоўнага часу. У той дзень ён выклікаў дахаты ўчастковага лекара, але пазьней паехаў у суд, дзе разьбіралася справа пра неўключэньне ў выбарчую камісію праваабаронцы Паўла Левінава. На той час патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду быў адным з тых, хто рэкамэндаваў спадара Левінава, і таму мусіў быць на працэсе ў якасьці сьведкі. У "прагуляны" час адміністрацыя залічыла зварот да лекараў да і пасьля суду, але, у адрозьненьне ад спадара Рыжова, ніякіх дакумэнтальных пацьверджаньняў не падала.

Сяргей Рыжоў пэўны, што і звальненьне, і цяперашняе аднаўленьне на працы маюць адны і тую самую палітычную прычыну — выбары прэзыдэнта краіны. Ён кажа, што звальнялі яго пад ціскам "зьверху", каб застрашыць за праяўленьне актыўнай грамадзянскай пазыцыі. А аднавілі — каб прадэманстраваць эўрапейскім назіральнікам, наколькі дэмакратычна ў Беларусі ставяцца да "іншадумцаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG