Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: "Можа, я толькі цяпер гатовы быць прэзыдэнтам"

абноўлена

У Менску скончыўся Ўсебеларускі народны сход, у якім браў ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Заканчваючы сваю фінальную прамову, ён зьвярнуўся да прадстаўнікоў беларускай дыяспары і паабяцаў, што Беларусь загаворыць па-беларуску «ня сёньня, дык заўтра».

Сёньня на сходзе была прынятая рэзалюцыю.

На зьезд прыехалі дзьве з паловай тысячы чалавек.

6 сьнежня зь перадвыбарчай прамовай на ім выступіў Аляксандар Лукашэнка.

Для выступаў на плянарным пасяджэньні запісалася 29 дэлегатаў і гасьцей.

17.05 Сход завершаны.

17.00 Нельга даць зламаць наш агульны дом — Беларусь.
Учора жанчына мітынгавала, скардзілася на судовыя органы. Папрашу, каб гэтыя пытаньні былі перададзены Генпракурору.

Мне даводзілася папраўляць і судовыя органы ўлады.

Хачу сказаць беларусам за межамі, вам за нас сорамна ня будзе. І калі вы хочаце, каб мы размаўлялі на беларускай мове, мы зробім гэта заўтра ці потым.

16.55 Незалежнасьць — рэч адносная.

Я не тэарэтык. Мы зляпілі з краіны тое, што ёсьць. Але мы ў тупік не зайшлі.

Можа, я толькі цяпер гатовы быць прэзыдэнтам. Я не трымаюся за ўладу. Але гэта не азначае, што я аддам усе на водкуп. Нехта гаворыць, што прэзыдэнт — гэта цар. Я ўспрымаю гэту пасаду як самую цяжкую працу. Яна цяжкая найперш маральна.

Я не лічу сябе яшчэ старым, але я ўжо аксакал у палітыцы.

Мікола Статкевіч
Кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч такім чынам пракамэнтаваў заключны выступ Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён сказаў, што за ўладу не трымаецца:

«Дзіўная ты асоба. Калі кажаш, што за ўладу не трымаесься — дык правядзі сумленныя выбары. Столькі праблемаў у краіне зьнікне — у стасунках з Захадам, з Эўропай, унутры краіны… Калі за ўладу не трымаесься, чаму махлюеш? А калі махлюеш — значыць, трымаесься. Такое ўражаньне, што гэты чалавек проста хворы на гэтую ўладу. Альбо баіцца яе пакінуць, таму што зрабіў нешта нядобрае, што яму нават самая памяркоўная ўлада ня зможа дараваць. Сорамна, што такі чалавек кіруе краінай, якога адзін раз абралі, а потым ён гэтую ўладу захапіў і ўжо 17-ы год за яе трымаецца».

16.45 Чую і ад заходніх сяброў і апанэнтаў, што вынікі выбараў прадвызначаны. Хачу засьцерагчы нашых прыхільнікаў ад такіх высноваў. Я, фактычна, не вяду прэзыдэнцкую кампаніі. Гэта не мая прэзыдэнцкая кампанія, я яе вёў 5 гадоў. І цяпер гэта ваша кампанія і трэба абараніць тое, што зроблена. Будзьце пільныя. Палітычная барацьба — часам бруд.
Глядзіце, каб праз растапыраныя пальцы не сьцякло, тое, што зроблена.

Не расслабляйцеся.
Прашу абараніць сваю краіну. Выслухаў альтэрнатыўных кандыдатаў. Сярод іх няма розьніцы, усе аднолькавыя. Адзін чэсны толькі гэта прадстаўнік БНФ Рыгор Кастусёў. Усе астатнія пераапрануліся. Але ўсе яны з аднаго кораня. Усіх іх ведаю. Некаторых ад турмы выратоўваў. А сёньня яны пачынаюць аплёўваць прэзыдэнта.
Некаторыя фінансуюцца Расеяй.
Нехта хацеў бы зьвергнуць уладу. Самыя празаходнія сёньня загаварылі пра расейцаў.
Грошы дадуць толькі на экстрэмістаў. Каб зрабіць краіну рабыняй. Гэтага мы не павінны дазволіць.
У нас былі забастоўкі ў парлямэнце. Я выйшаў выступаць, а там 15 чалавек ляжыць. Вось да гэтага яны схіляюць.

16.30 Пішуць, што ў нас ледзьве ня зьезд КПСС, да зьезда КПСС мы не дацягваем , але такая ацэнка нас натхняе.У нас сапраўды жорсткая сыстэма ўлады.

Гэта мерапрыемства натхняе ў чарговы раз. 2500 тысячы дэлегатаў як у ваду апушчаныя дамоў паедуць? Не. Чыноўнікаў таксама трэба натхняць.



Мікалай Пятрушэнка, дэпутат зьезда народных дэпутатаў СССР:


Мікалай Пятрушэнка
«Лукашэнка біў сябе ў грудзі, што ён камуніст, і гаворыць прынародна, на ўсебеларускім хурале, што партыйны білет захоўвае ў сэйфе. А я ўзгадваю Зьезд народных дэпутатаў СССР. Дык вось Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, які ўзначальваў тады фракцыю «Камуністы Беларусі за дэмакратыю», у жніўні 1991 году першым выйшаў з КПСС і КПБ, першым напісаў заяву ў падтрымку таго, каб паставіць крыж на кампартыі. А зараз ён б’е сябе ў грудзі, божыцца і гаворыць пра вернасьць камуністычнай ідэі…

Я ўзгадваю Трэці ўсебеларускі зьезд. Тады Лукашэнка — стэнаграма ў мяне ляжыць перад вачыма — біў сабе ў грудзі і гаварыў: «Глядзіце, што робяць палякі: 110 мільярдаў зьнешняга доўгу ў іх!» А зараз Беларусь мае 25 мільярдаў — па 2,5 тысячы на кожнага. І Лукашэнка ўжо з трыбуны чацьвёртага народнага хуралу кажа, што добра, што мы бярэм, добра, што нам даюць зьнешнія пазыкі».



13.40 У сваім выступе на сходзе гендырэктар «Беларуснафты» Аляксандар Ляхаў заявіў, што вэнэсуэльскія праекты прынесьлі беларускаму бюджэту за два гады 52 мільёны даляраў. У 2011 годзе ў Вэнэсуэле плянуецца здабыць 1 мільён тон нафты і 600 мільёнаў кубамэтраў газу.

«Адбылося яшчэ адна значная падзея. Учора да нашага прадпрыемства ў Вэнэсуэле далучаныя два нафтавыя радовішчы. Адпаведнае рашэньне прынятае Нацыянальным сходам Вэнэсуэлы».

Кіраўнік «Беларуснафты» назваў гістарычнай падзеяй першую пастаўку вэнэсуэльскай нафты на Мазырскі НПЗ праз трубаправод «Адэса — Броды».

13.35 Адносна роўнасьці дзіцячага харчаваньня ў школе Аляксандар Лукашэнка адзначыў:

«Мы павінны любыя ільготы прыбраць і скараціць, але накарміць дзяцей. Гэтае рашэньне было прынятае гадоў 6 таму, а можа, нават і больш, калі я знаходзіўся ў Брагіне. Тады нам вельмі цяжка было, ніякіх грошай наогул не было. Вельмі цяжкая была сытуацыя пасьля распаду Савецкага Саюзу. Грошай не было. Але тады было сказана чэсна, што ня кожнае дзіця ў сям’і можа атрымаць нармальнае харчаваньне. І такіх сем’яў была ледзь не палова. І тады мной было прынятае рашэньне: карміць дзяцей. Можа, недзе і па два разы. Мы з тых часоў дзяцей кормім. Але атрымаліся перакосы. Тут усе начальнікі прысутнічаюць, і я патрабую ліквідаваць да Новага года гэту дзікасьць: дзіця ў школе не павінна адрозьнівацца адно ад другога. Мы ж прынялі рашэньне ня толькі на ўзроўні — карміць, не карміць, — але і ліквідавалі гімназічныя клясы… Мы вярнуліся да таго, што было ў савецкія часы. Таму карміць дзяцей без усялякіх законаў з 1 студзеня. Дзіця трэба накарміць».

Ён адзначыў, што падчас нядаўніх праверак устаноўлена, калі «ў адной школьнай сталовай дзеці з менш забясьпечаных сем’яў сілкаваліся па адным меню, а дзеці, якія ядуць за грошы, сілкуюцца зусім па-іншаму. Тым, каго кормяць бясплатна, сасіскі ці катлеты ў „гарачае“ не маюць. Гэта дзікунства, сярэднявечча! Лепш наогул тады нікога не карміць, чым рабіць так».

Ён сказаў, то ў Менску такі «перакос» ухілены.


13.00 Генадзь Зюганаў, старшыня ЦК КПРФ, выступаў 11 хвілін.

Адзначыў, што для яго Беларусь — другая радзіма. Тут ён праходзіў курс маладога байца. Служыў каля Ўручча.

Узгадаў «лінію Сталіна», пакт Молатава — Рыбэнтропа:

«Тут, на „лініі Сталіна“, я ўпершыню адчуў, наколькі геніяльным і дакладным было рашэньне Сталіна аб падпісаньні пакту Молатава — Рыбэнтропа, які адсунуў нашу заходнюю мяжу на 200 — 300 кілямэтраў, даў нам запас у два гады, калі мы змаглі паставіць на канвэер лепшы танк „Т-34“, лепшую артылерыйскую сыстэму „Кацюша“ БМ-13 і лепшы штурмавік „Л-2“…»

Арол, ягоная радзіма, і Берасьце — гарады-пабрацімы.

«20 гадоў вы мужна і стойка праводзіце граматную і мудрую лінію з правядзеньнем нармальных, дастойных рэформ, якія і даюць адпаведны плён».

Сёньня ў Расеі самы папулярны фільм — «Брэсцкая крэпасьць». Хлопчыкі ўваходзяць у кіназалю расхлябанымі, а выходзяць — грамадзянамі сваёй краіны…

«Вы гэты бой і праз 70 гадоў пасьля пачатку вайны ведзяце граматна і правільна».

Узгадаў усясьветны крызіс: «200 краін трапілі ў гэтую яміну. З 200 краін толькі 12 краін прыбаўлялі цягам году, і сярод іх — ваша рэспубліка. Таму я вас віншую…»

«Калі запыталі: дзе вы бачыце выйсьце? Я адказаў — вязіце ўсіх у Шанхай.

І паглядзіце ў бок рэформаў Беларусі, і вы зразумееце той рэцэпт і сутнасьць яго, які трэба рэалізаваць і на нашай, расейскай зямлі. Хачу ня проста падтрымаць вас, а як палітык і вучоны… што ваша мадэль найбольш эфэктыўная, і вы павінны ўпэўнена ісьці гэтым шляхам».

Правы чалавека атаясаміў з чалавечым патэнцыялам.

Справядлівасьць. «У вас самы нізкі паказчык расслаеньня грамадзтва».

Па нашым тэлебачаньні часьцяком пляжаць вашу рэспубліку, ваш досьвед, дабраліся і да прэзыдэнта. Прычым паводзяць сябе проста па-хамску. Я кажу: вы павінны зьмяніць сваё стаўленьне…"

«У мяне многія знаёмыя езьдзяць адпачываць у Беларусь. Я думаю, і мне знойдзецца месцайка на тыдзень у беларускім санаторыі».

«Вы дапамагалі нам тушыць пажары. А самі не дапусьцілі масавых пажараў».

«Патрэбна сацыяльная мадэль разумнай, кіруемай дзяржавы. Ваш шлях, ваш вопыт заслугоўвае ўвагі».

«Палітыка вашага прэзыдэнта, накіраваная на роўнанабліжанасьць — мудрая. Зьяднаньне патэнцыялу Расеі і Эўропы».

«Вы на слушным шляху. Вас паважаюць у Расеі. У добры шлях, мае сябры!»



Сяргей Калякін, старшыня партыі «Справядлівы сьвет», такім чынам пракамэнтаваў выступ Генадзя Зюганава:

Сяргей Калякін
«Гэта добра праплочаныя выступы, і добра праплочаныя самі дэлегаты. Паглядзіце, якія толькі падарункі былі для дэлегатаў — на суму амаль што 700 тысяч рублёў, гэта 230 даляраў на кожнага дэлегата. Сумарны кошт гэтых падарункаў — амаль паўмільёна даляраў. Гэта ўсё бюджэтныя грошы. Я думаю, для замежных гасьцей былі яшчэ даражэйшыя падарункі. Акрамя таго, я думаю, гэта добра аплочваецца і іншымі паслугамі. Я думаю, гэта ўсё заказное. І той жа Генадзь Зюганаў, думаю, ня верыць у тое, што ён кажа. Ён жа не дурны чалавек. Аднак, на мой погляд, у яго няма ніякага сумленьня, відаць, нешта добрае яму паабяцалі за гэта».



12.30 Адзін з дэлегатаў зьезду запатрабаваў увесьці званьне заслужанага донара, бо «чатыры гады назад у рэспубліканскім цэнтры пераліваньня крыві здавала кроў каля ста чалавек у дзень. Цяпер здае 50–60. Праз чатыры гады будзе здаваць 20—30».

11.45 Аляксандар Лукашэнка, рэагуючы на выступ дэлегата адносна будаўнічай сфэры, адзначыў, што

«дысцыпліна і хуткасьць вырашэньня пытаньняў будзе ня проста падвоена. Хто хоча жыць, той мусіць бегчы. Хто хутчэй прыбяжыць, той будзе жыць. Рыхтуйцеся да ўмацаваньня дысцыпліны! Калі мы разгільдзяйства спынім, дробны крадзеж, несуноў, як у савецкія часы — іх жа поўна сёньня — мы на 25% зьменшым сабекошт».

«Ідзіце ў гэтыя прыватныя структуры і абараняйце правы чалавека. Эўропа ад нас патрабуе абараніць правы чалавека. Дык давайце зробім перад імі добры знак, пакажам, як насамрэч абараняць правы чалавека».


11.30 Козік: Акрамя дзейнага прэзыдэнта ніхто толкам не разумее, куды павінна ісьці Беларусь


Леанід Козік
Выступаючы на сходзе, кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік заявіў:

«19 сьнежня адбудуцца выбары прэзыдэнта краіны. Мы ўжо пачулі і пабачылі ўсіх кандыдатаў. Гэта, на мой погляд, лепшая агітацыя альбо „за“, альбо „супраць“. Акрамя дзейнага прэзыдэнта ніхто толкам не разумее, куды павінна ісьці Беларусь, што трэба рабіць для разьвіцьця сувэрэннай краіны. Ніхто зь іх ня бачыць, колькі зроблена вамі ў краіне за гэты час, зроблена за кошт сваёй працы нашымі людзьмі, грамадзянамі Беларусі. І толькі ў праграме Аляксандра Рыгоравіча, ягоным дакладзе мы бачым рэальнасьць, якая ідзе ад жыцьця, ад сытуацыі, ад грамадзтва. І гэтую праграму прэзыдэнта мы павінны падтрымаць. Я ўношы прапанову: трэба вось гэтую кнігу, якую мы выдалі і зь якой азнаёміліся дэлегаты, падараваць кандыдатам у прэзыдэнты»


11. 05 Першым пачаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандар Якабсон. Ад пачатку выступы праходзяць толькі на расейскай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG