Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбываецца размарожваньне беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў?


У Астане адбылася сустрэча Сяргея Мартынава і Гілары Клінтан. Якія прычыны гэтай дыпляматычнай нечаканасьці? Што азначае сумесная заява пра падтрымку будаўніцтва ў Беларусі АЭС? Ці адбываецца прынцыповы зрух у адносінах паміж Беларусьсю і ЗША?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і навуковы супрацоўнік зарэгістраванага ў Літве Інстытуту палітычных дасьледаваньняў "Палітычная сфэра" Сяргей Богдан.

Чаму сустрэліся Мартынаў і Клінтан?

Валер Карбалевіч
: “Сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава і дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан стала амаль што дыпляматычнай сэнсацыяй. Беларускія ўлады ўжо выкарыстоўваюць яе ў якасьці перадвыбарчага піяру. А што падштурхнула ЗША да гэтай сустрэчы зь міністрам, які прадстаўляе "апошнюю дыктатуру Эўропы", акурат перад прэзыдэнцкімі выбарамі?"

Андрэй Фёдараў
: "Сапраўды, сустрэча нечаканая. Асабліва з улікам таго, што амаль за два гады дзейнасьці цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі ніводзін з кіраўнікоў краіны (маю на ўвазе: прэзыдэнт, віцэ-прэзыдэнт, дзяржсакратар) публічна ні словам Беларусь ня згадвалі.

Прычына ў тым, што ЗША моцна турбуе праблема распаўсюду ядзернай зброі ў сьвеце. А ў Беларусі маецца высокаўзбагачаны ўран. Яна нібыта зьбіралася перадаць яго Расеі, але потым усё спынілася. Цяпер ЗША выкарысталі тое, што Менск шукае кантакты з Захадам, і імкнуцца вырашыць гэтую праблему. Вашынгтон не ўпусьціў магчымасьці прычапіць да гэтай праблемы пытаньне дэмакратыі ў Беларусі.

Наколькі можна зразумець, гэты беларускі ўран будзе вывозіцца ў Расею. А ЗША будуць аказваць тэхнічную і фінансавую дапамогу для гэтай апэрацыі".

Сяргей Богдан
: "Беларускаму кіраўніцтву патрэбна замежнапалітычнае прызнаньне рэжыму і прэзыдэнцкіх выбараў, якое ня будзе поўным без станоўчага стаўленьня ЗША. Афіцыйнаму Менску трэба было знайсьці тавар, які зацікавіць Злучаныя Штаты. І такі тавар быў знойдзены. Гэты высокаўзбагачаны ўран ня мае вялікай каштоўнасьці для Лукашэнкі (я не кажу пра дзяржаву), але мае вялікую каштоўнасьць для ЗША. І адбылася ўзаемная згода. Для ЗША важна тое, каб Беларусь не займалася гэтай тэхналёгіяй у далейшым".

Навошта ЗША падтрымала будаўніцтва ў Беларусі АЭС?

Карбалевіч: “Што азначае тэза ў сумеснай заве кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў пра падтрымку ЗША будаўніцтва АЭС у Беларусі?

Фёдараў: "Мяркую, што гэтая тэза зьявілася з падачы афіцыйнага Менску. Гэта дэманстрацыя ў бок Расеі, што на ёй сьвет клінам не сышоўся. Маўляў, у нас ёсьць іншыя магчымасьці для рэалізацыі гэтага праекту. Для Масквы будзе непрыемна, што яе галоўны апанэнт у ядзерных пытаньнях падтрымаў Беларусь".

Карбалевіч: "Матывы Менску зразумелыя. А навошта гэта ЗША?"

Фёдараў: "А ЗША ад гэтага ані горача, ані халодна. Ім няцяжка зрабіць такую заяву. Але мне зразумела, што ніякіх рэактараў, як пра гэта сталі казаць у мэдыях, ні дасьледчых, ні тым больш энэргетычных, ва ўсялякім разе бясплатна, Беларусь пастаўляць ня будзе".

Богдан: "Гэта такая вельмі дыпляматычная заява, якую па-рознаму можна разумець. Дадам да слоў сп. Фёдарава, што Беларусь не атрымае ад ЗША рэактара ўвогуле, бо ў яе няма грошай. Адзінае, што ЗША можа атрымаць — экспэртную дапамогу ад МАГАТЭ.

Думаю, што гэтая тэза павінна ўпрыгожыць асноўнае пытаньне заявы. Справа ў тым, што Беларусь мае шчыльныя кантакты з Іранам. І калі гэты беларускі ўран і тэхналёгіі яго атрыманьня зьявяцца ў Ірану, то для ЗША ўзьнікае праблема глябальнага маштабу. Таму для ЗША гэта вельмі важнае пытаньне".

Карбалевіч: "Калі б ЗША хацелі купіць у палітычным сэнсе гэты ўран, яны б адмянілі санкцыі адносна беларускіх прадпрыемстваў".

Ці адбываецца прынцыповы зрух у адносінах паміж Беларусьсю і ЗША?

Карбалевіч: "Дачыненьні Беларусі з ЗША паляпшаюцца, пагаршаюцца ці захоўваецца статус-кво?"

Фёдараў: "Крок насустрач адзін аднаму адбыўся, але казаць пра тэндэнцыю да паляпшэньня рана. Бо праблема дэмакратыі і правоў чалавека — вельмі важная для ЗША. Шмат будзе залежыць ат таго, як пройдуць прэзыдэнцкія выбары".

Карбалевіч: "Тут існуе яшчэ адна акалічнасьць. Сустрэча Мартынава і Клінтан адбылася за тры тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў. Фармальна кажучы, магчыма, пасьля 19 сьнежня ў Беларусі будзе новы прэзыдэнт, урад. Тады які сэнс у чымсьці дамаўляцца зь цяперашнім кіраўніцтвам? Але той факт, што гэтая сустрэча адбылася, гаворыць пра тое, што ЗША робяць стаўку на дзейнага кіраўніка?"

Богдан: "Мусіць няма сумневу, хто застанецца ва ўладзе пасьля выбараў. Я ня бачу тэндэнцыі да стабільнага паляпшэньня двухбаковых адносін".

Фёдараў: "Падчас нядаўняга візыту ў Менск намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША Расэла ён заявіў, што ніякіх зрухаў у бок дэмакратыі ва ўнутрыпалітычным жыцьці з гледзішча Злучаных Штатаў не адбываецца. Таму паслабленьняў з боку ЗША чакаць не выпадае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG