Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве ўпэўненыя, што Лукашэнка вернецца да прарасейскага курсу


У Расеі на мінулым тыдні даволі квола абмяркоўвалі прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі. Сваё стаўленьне да выбараў зноў выказаў Дзьмітры Мядзведеў, і адначасова Крэмль забараніў сваім чыноўнікам кантактаваць з Аляксандрам Лукашэнкам. Разам з тым, расейскія палітыкі лічаць, што альтэрнатывы ўсходняму вэктару палітыкі ў Аляксандра Лукашэнкі няма, бо, цытуючы аднаго з іх, “усё, што можа даць яму Запад, – гэта камэра Мілошавіча”.

Для таго, каб выказаць сваё стаўленьне да выбараў у Беларусі, Дзьмітры Мядзьведзеў гэтым разам скарыстаў Twitter. Ляканічны камэнтар ня ўтрымліваў вялікіх сэнсацый. Мядзьведзеў сказаў, што максымальна паважліва ставіцца да беларускіх выбараў, але адначасова адаслаў да свайго відэаблогу за 3 кастрычніка, у якім вельмі крытычна выказаўся пра беларускія ўлады.

Гэта той выпадак, калі публічныя дзеяньні менш красамоўныя, чым непублічныя. А менавіта – тыдзень таму расейскім чыноўнікам негалосна забаранілі сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам. З-за гэтага беларускага прэзыдэнта падчас свайго знаходжаньня ў Менску ігнараваў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Дэпутат расейскай Дзярждумы Канстанцін Затулін назваў такую забарону цалкам лягічнай. Ён заявіў:

“Лаўрову было б няўтульна, калі б яго паставілі перад неабходнасьцю выслухоўваць ад Лукашэнкі крытыку свайго кіраўніцтва і ня мець магчымасьці адказаць на гэта”.

Лаўрову было б няўтульна, калі б яго паставілі перад неабходнасьцю выслухоўваць ад Лукашэнкі крытыку свайго кіраўніцтва і ня мець магчымасьці адказаць на гэта
Такім чынам, кіраўніцтва Расеі усьведамляе, што кожная сустрэча з расейскімі чыноўнікамі дае прэзыдэнту Беларусі шанец агучваць сваю пазыцыю ў двухбаковых спрэчках і такім чынам набіраць дадатковую папулярнасьць пад час выбарчай кампаніі. Па зьвестках расейскае прэсы, забарона на кантакты чыноўнікаў зь беларускім прэзыдэнтам будзе дзейнічаць як мінімум да 19 сьнежня.

Але і тое, што такія кантакты адновяцца, ні ў кога няма сумневу. У Расеі, здаецца, упэўненыя, што зь цягам часу Аляксандар Лукашэнка ўсё роўна вернецца да прарасейскага курсу ў сваёй зьнешняй палітыцы. Эканаміст і публіцыст Міхаіл Дзялягін на міулым тыдні надрукаваў артыкул, у якім упэўнівае:

“Пры ўсіх эскападах, прэзыдэнт Лукашэнка разумее – усё, што можа даць яму Захад – гэта камэра Мілошавіча. Як і Хусэйн, той пасьпеў пабываць сябрам ЗША, але заходнія дэмакратыі, не жадаючы ваяваць адна з адной, маюць патрэбу ў ворагах за межамі свайго кола і прызначаюць іх як толькі ў гэтым узьнікае неабходнасьць”.

Увогуле, назіраючы за перадвыбарчай кампаніяй, расейская прэса адзначае, што беларускія ўлады даволі пасьпяхова спрабуюць стварыць прынамсі ілюзію яе дэмакратычнасьці. Той самы Міхаіл Дзялягін заўважыў, што гэтыя выбары “да сораму нашых агітатараў і прапагандыстаў ужо выглядаюць больш дэмакратычнымі, чым расейскія, прынамсі што тычыцца свабоды рэгістрацыі кандыдатаў”.

Увогуле, тое, што Аляксандар Лукашэнка ня стаў ствараць перашкодаў для рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў, расейскія назіральнікі ставяць яму ў плюс. Аналітычны інтэрнэт-партал Рэгнум у артыкуле наконт беларускіх выбараў адзначае, што “для большасьці кандыдатаў, якія ня маюць ні фінансавых, ні чалавечых рэсурсаў, каб працягваць кампанію, рэгістрацыя стала прыкрай нечаканасьцю, у выніку чаго ў іх зьнікла дадатковая магчымасьць гаварыць пра дыскрымінацыю з боку рэжыму”.

Лукашэнка ня пойдзе на такую авантуру, бо яму давядзецца паступіцца амбіцыямі і прызнаць, што яго падтрымлівае не абсалютная большасьць беларусаў, дый прадказаць дзеяньні намэнклятуры ў такой сытуацыі даволі складана
А “Незавісімая газета” адзначае, што частка кандыдатаў ад апазыцыі, зьяўляючыся перад тэлекамэрамі, дыскрэдытуе сама сябе – у якасьці прыкладу прыводзіцца сяміхвілінны выступ на тэлебачаньні Дзьмітрыя Вуса.

З гэтай прычыны расейскія журналісты і палітолягі не чакаюць занадта жорсткіх санкцыяў адносна арганізатараў несанкцыянаванага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы – маўляў, Цэнтрвыбаркам абмяжуецца папярэджаньнямі некаторым з кандыдатаў у прэзыдэнты, каб толькі колькасьць іх ня зьменшылася.

Як адзначае аўтар артыкулу на партале Рэгнум, “цяпер для Лукашэнкі важна захаваць як мага больш прэтэндэнтаў, каб выбары падаваліся дэмакратычнымі. У ідэале ён мог бы пайсьці на рызыку і правесьці абсалютна празрыстыя выбары ў два туры, пасьля чаго яго легітымнасьць не выклікала б ніякага сумневу”. Аднак, адзначае далей аўтар, - “Лукашэнка ня пойдзе на такую авантуру, бо яму давядзецца паступіцца амбіцыямі і прызнаць, што яго падтрымлівае не абсалютная большасьць беларусаў, дый прадказаць дзеяньні намэнклятуры ў такой сытуацыі даволі складана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG