Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памірыць "Усходняе партнэрства" трэці сэктар з уладай?


18 лістапада ў Бэрліне пачаў працу ІІ Форум грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняе партнэрства". Удзел у ім бяруць больш за 200 дэлегатаў з краін-удзельніц эўразьвязаўскай праграмы добрасуседзтва, а таксама прадстаўнікі эўрапейскіх інстытуцыяў. Цягам двух дзён яны падсумуюць дзейнасьць працоўных групаў у рамках форуму, а таксама абмяркуюць новыя стратэгіі. Удзельнікі ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства" — 27 дзяржаў-сябраў Эўразьвязу, а таксама Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.

Удзельнікаў форуму вітаў эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле, які распавёў, як Эўракамісія бачыць далейшае супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства":

"На гэты момант мы распрацавалі сродкі супрацоўніцтва, якія дазваляюць нам выкарыстоўваць грамадзянскі досьвед у ягоным найлепшым варыянце. Мы шчыльна абмяркоўвалі гэтае пытаньне, і 23 лістапада ў Брусэлі будзем рабіць адмысловае міністэрскае паседжаньне па "Ўсходнім партнэрстве". Жадаю ўсім плённай працы!"

На пачатку тыдня Штэфан Фюле наведаў Менск і меў сустрэчу з дэлегатамі форуму. Ягоныя суразмоўцы былі занепакоеныя, што беларускія ўлады пад выглядам наладжваньня дыялёгу спрабуюць выціснуць трэці сэктар з эўрапейскага праекту. У Кіраўнічы камітэт форуму паступіў сумесны зварот прадстаўнікоў Грамадзка-кансультатыўнай рады пры прэзыдэнцкай адміністрацыі, якія выказвалі гатоўнасьць падключыцца да працы Форуму грамадзянскай супольнасьці.

Аднак, гаворыцца ў заяве ўдзельнікаў Нацыянальнай плятформы, дэкляруючы гатоўнасьць да дыялёгу, дзяржаўныя органы наклалі забарону на прысутнасьць прадстаўнікоў Форуму грамадзянскай супольнасьці на сустрэчах тэматычных плятформаў нават у якасьці назіральнікаў. А мадэль узаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці, прапанаваная ў рамках праекту "Разьвіцьцё патэнцыялу для супрацоўніцтва дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый", рэалізуецца без уліку альтэрнатыўных прапаноў і ініцыятыў з боку грамадзянскай супольнасьці.

Гэтыя ды іншыя фактары даюць падставу лічыць: дзяржаўныя захады прывядуць толькі да імітацыі працэсу, а гэта перакрэсьліць дасягненьні апошніх гадоў у разьвіцьці і самаарганізацыі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Але, як лічыць прадстаўніца Агенцтва гуманітарных тэхналёгій Тацяна Вадалаская, у такой сытуацыі менавіта "Ўсходняе партнэрства" можа стаць для Беларусі "нацыянальным міратворцам":

"З розных прычын адбываюцца даволі бурныя працэсы пошуку гэтага дыялёгу — і з боку дзяржавы, і з боку грамадзянскай супольнасьці. Прынамсі, зьяўляюцца магчымасьці размаўляць. Але дзеля таго, каб размаўляць, дзяржаве трэба ня толькі даваць нейкія рэкамэндацыі грамадзянскай супольнасьці ці рабіць нейкія прыватныя заўвагі. Неабходна ажыцьцяўляць сур'ёзныя праграмныя захады. "Дарожныя мапы" — гэта прапановы з боку грамадзянскай супольнасьці. І мы ўсё ж спадзяемся, што здолеем пры дапамозе кансалідацыі грамадзянскай супольнасьці і ў апоры на структуры "Ўсходняга партнэрства" гэты дыялёг пачаць".

З занепакоенасьцю калегаў ня згодны сябра Грамадзка-кансультатыўнай рады, кіраўнік дабрачыннага фонду "Выратаванае пакаленьне" Ўладзімер Нісьцюк:

"Пытаньне ў тым, што яны чамусьці вырашылі, што прадстаўляюць усю грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Шкада, што яны так думаюць, бо трэба больш інклюзіўна рабіць справу і запрашаць да дыялёгу ўсіх, хто ёсьць. А дыялёг, як мне бачыцца, павінен быць у трох варыянтах. Па-першае, дыялёг грамадзянскай супольнасьці з грамадзтвам, якога практычна няма (асабліва ў тых структурах, якія прадстаўляюць Беларусь ва "Ўсходнім партнэрстве"). Па-другое, дыялёг паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі. Гэта вельмі зараз патрэбна, бо ўсе намаганьні грамадзянскай супольнасьці стануць рубам, калі дзяржава не падтрымае гэтых ініцыятываў і мы ня зможам дзяржаву пераканаць, што трэба тую ініцыятыву рэалізаваць. Па-трэцяе, дыялёг з замежнымі партнэрамі. Трэба ўсё разглядаць у комплексе. І калі мы казалі, што Грамадзка-кансультатыўная рада павінна ўдзельнічаць ва ўсім гэтым, перш за ўсё мелі на ўвазе: мы маем права неяк уплываць на тое, што нехта ў Бэрліне бяз нас гаворыць".

Беларусь у Бэрліне прадстаўляюць сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці Сяргей Мацкевіч, нацыянальны каардынатар Улад Вялічка, праваабаронца Алена Танкачова, кіраўнік фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, прадстаўніца аб'яднаньня "Экадом" Ірына Сухій ды іншыя — усяго прадстаўнікі 25 грамадзкіх арганізацый. Беларуская дэлегацыя прывезла шэраг прапановаў. Найперш гэта мэханізмы ўзаемадзеяньня паміж беларускімі ўладамі і грамадзянскай супольнасьцю; "дарожныя мапы" дзеля разьвіцьця мясцовага самакіраваньня і рэфармаваньня СМІ, праект прасоўваньня Беларусі ў рамках ініцыятывы "Права на свабоду рэлігіі і перакананьняў" ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG