Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць гадоў пасьля забойства Веранікі Чаркасавай: пытаньні застаюцца


Вераніка Чаркасава
Вераніка Чаркасава
20 кастрычніка споўнілася шэсьць гадоў са дня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. У гэты дзень сваякі, сябры і паплечнікі наведалі магілу журналісткі на могілках, што ў Калодзішчах пад Менскам. Яны па-ранейшаму перакананыя ў тым, што забойства Веранікі Чаркасавай — палітычна матываванае.

Журналістку незалежнай інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву знайшлі ў яе кватэры з мноствам нажавых раненьняў. Сьледзтва адразу ж узялося распрацоўваць побытавую вэрсію забойства і абвясьціла падазраванымі яе 15-гадовага сына Антона і айчыма Уладзімера Мялешку. Аднак калегі-журналісты і тады, і цяпер ня вераць афіцыйным заявам, кажа рэдактар выданьня Аляксандар Старыкевіч:

"Ну, якая "бытавуха"? Расьсьледаваньне, якое зрабіў журналіст Сяргей Сацук (здаецца, яно было надрукаванае яшчэ ў "БДГ"), абсалютна слушна давяло, што гэта забойства зробленае прафэсіяналам. І "бытавуху" ў 99% выпадкаў праваахоўнікі раскрываюць цягам двух-трох дзён".

Падазрэньні з родных Веранікі Чаркасавай неўзабаве зьнялі, і цяпер Уладзімер Мялешка застаецца ў Менску з маці Веранікі, а сын Антон атрымоўвае адукацыю за межамі краіны. Расьсьледаваньне ж зь месца так і ня зрушылася: афіцыйная вэрсія — забойства побытавае, незалежная вэрсія — забойства, зьвязанае з прафэсійнай дзейнасьцю Веранікі, а менавіта з дасьледаваньнем тэмы продажу беларускай зброі. Аляксандр Старыкевіч працягвае:

"Ні аб чым новым у гэтай справе, на жаль, мы не даведаліся. Тое, што было агучана раней, яно можа быць так, а можа быць і інакш. Проста я лічу, што калі б забойства не было зь вельмі сур'ёзных прычынаў, то інакш бы дзейнічалі і ўлады ў гэтай сытуацыі".

Забойства Веранікі Чаркасавай стаіць у адным шэрагу са зьнікненьнем журналіста Зьмітра Завадзкага і сьмерцю журналіста Алега Бябеніна. І праўда пра гэта мусіць быць даведзеная грамадзкасьці рана ці позна, кажа адзін з кіраўнікоў грамадзкай арганізацыі Беларуская асацыяцыя журналістаў Андрэй Аляксандраў:

"Прайшло шэсьць гадоў, але няма дакладных адказаў на пытаньні, датычныя таго, хто забойца Веранікі, хто замоўца гэтага жахлівага забойства. Дагэтуль ніхто не пакараны за сьмерць нашай калегі. Вельмі шмат пытаньняў застаецца, і мы працягваем патрабаваць дакладанага і аб'ектыўнага расьсьледаваньня як гэтай справы, так і зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, а таксама забойства Алега Бябеніна. На жаль, няма актыўнасьці з боку сьледзтва, каб знайсьці адказы на гэтыя пытаньні".

У памяць калегі Беларуская асацыяцыя журналістаў запачаткавала творчы конкурс імя Веранікі Чаркасавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG