Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія МВФ зьбіраецца ў Беларусь


Місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам яе кіраўніка Крыса Джарвіса наведае Менск з 3 па 16 лістапада.

Пра гэта паведаміла "Інтэрфаксу" сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.

Яна, у прыватнасьці, прааналізуе ўплыў апошніх падзей у эканоміцы Беларусі і суседніх краінаў на макра-прагноз для беларускай эканомікі ў 2010-2011 гадах.

У кастрычніку МВФ падвысіў ацэнку прыросту ВУП Беларусі ў 2010 годзе з 2,4% да 7,2%. Экспэрты фонду чакаюць, што рост ВУП Беларусі ў 2011 годзе паменшыцца да 6,2%. Раней МВФ наадварот чакаў росту эканомікі Беларусі ў наступным годзе, з 2,4% да 4,6%. Тым ня менш, ацэнка тэмпаў росту ВУП Беларусі ў 2011 годзе таксама павышана.

Паралельна з істотным падвышэньнем ацэнкі росту эканомікі Беларусі, МВФ значна пагоршыў ацэнку стану рахунку бягучых апэрацый аплатнага балянсу. Дэфіцыт бягучага рахунку ў 2010 годзе прагназуецца ў межах 14% ВУП супраць 10,4% ВУП, якія чакаліся раней. У 2011 годзе МВФ не чакае істотнага паляпшэньня дэфіцыту бягучага рахунку. Па ацэнцы экспэртаў фонду, ён складзе 13,9% ВУП.

Па выніках працы папярэдняй місіі МВФ у траўні гэтага году, яе кіраўнік К. Джарвіс не выключаў, што ўвосень фонд можа вярнуцца да абмеркаваньня з уладамі Беларусі магчымасьці рэалізацыі новай праграмы stand-by у выпадку зацікаўленасьці з беларускага боку.

У апошні час прадстаўнікі МВФ выказвалі заклапочанасьць з нагоды электаральна арыентаваных плянаў уладаў рэзка павялічыць заробкі ў бюджэтным сэктары. У МВФ лічаць, што ў эканоміцы Беларусі для гэтага цяпер адсутнічаюць аб'ектыўныя эканамічныя перадумовы.

Беларусь рэалізавала праграму МВФ stand-by са студзеня 2009 года па красавік 2010 году. Першапачаткова крэдыт пад праграму быў ухвалены ў суме 2,46 мільярда даляраў, у сярэдзіне мінулага году МВФ пагадзіўся з просьбай афіцыйнага Менску павялічыць суму крэдыту да 3,46 мільярда даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG