Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі новы “Камунікат”


У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» 29 верасьня адбылася прэзэнтацыя новай вэрсіі беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Гэтая электронная бібліятэка была створаная і разьвіваецца беларусамі, якія жывуць у Польшчы.

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка зьяўляецца праектам Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку. На сайце Kamunikat.org можна знайсці амаль 6000 беларускіх публікацый — кніг, часопісаў, газэтаў, mp3-файлаў, якія датычыць Беларусі ці беларусаў.

Пра новае аблічча «Камунікату» гаворыць стваральнік і каардынатар Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк: «Магчыма, мы можам памыляцца, але гэты сайт зрабіўся крыху лягчэйшым, сьвятлейшым, мае шмат новых магчымасьцяў для наведнікаў, новых функцыянальнасьцяў».

Яраслаў Іванюк
У рамках праекту «Беларускія аўтары» Kamunikat.org дае магчымасьць ствараць пэрсанальныя сайты беларускіх пісьменьнікаў, публіцыстаў і дасьледчыкаў, чые кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх сэрый.

Разам са спадаром Іванюком над «Камунікатам» працуе Натальля Герасімюк: «Я на бібліятэкарства захварэла, калі прыехала жыць у Польшчу. Маім першым духоўным дзіцём стала бібліятэка ў беларускім музэі ў Гайнаўцы. Калі былі пачаткі гэтай бібліятэкі, то на мяжы бы так: усе нармальныя людзі вязуць папяросы ды гарэлку, а я вязу багажнікамі кніжкі».

У інтэрнэт-бібліятэцы «Камунікат» можна знайсьці шмат рарытэтных выданьняў. Напрыклад, спэцвыпуск за 1990-ы год газэты «Свабода» альбо эміграцыйны часопіс «Божым шляхам».

Навуковец Натальля Гардзіенка: «Сёньня „Камунікат“ можна назваць адмысловым вакном Беларусі ў сеціве — то бок у сьвеце. Бо менавіта праз „Камунікат“ сьвет можа даведацца пра тыя культурныя набыткі — кніжныя ды выдавецкія — якія ёсьць і якія былі».

Сярод прысутных на прэзэнтацыі быў амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, а таксама былы генэральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык. Паказаў аўдыторыі свой адмысловы праект «Беларусы ў Польшчы» фатограф Андрэй Лянкевіч. Прасьпяваў некалькі песень бард Алесь Камоцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG