Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябожчыка аштрафавалі за пасьлясьмяротнае злачынства


Суд Заводзкага раёну Менску.
Суд Заводзкага раёну Менску.
У судзе Завадзкога раёну Менску пачаўся разгляд унікальнай грамадзянскай справы: бацькі памерлага грамадзяніна даказваюць, што іх сын не рабіў злачынстваў, якія яму прыпісваюць у міліцыі, у тым ліку і крадзеж, які прыпадае на час пасьля ягонай сьмерці.

Па абвяржэньне зьвестак і кампэнсацыю маральных стратаў зьвярнуліся ў суд пэнсіянэры Сьвятлана і Міхаіл Аксяневічы. Паводле зьвестак міліцыі, гэта іх сына Аляксея ў канцы дзьвюхтысячных гадоў некалькі разоў нібыта лавілі падчас дробнага крадзяжу ў менскіх крамах і прыцягвалі за гэта да адміністрацыйнай адказнасьці. Апошні пратакол на Аляксея Аксяневіча быў складзены летась 17 траўня. Але на той момант інвалід другой групы Аляксей Аксяневіч ужо амаль два месяцы як загінуў. Прычым ужо адбыўся суд, які высьветліў, што імем Аксяневіча называецца нейкі Яраслаў Гіль. Пра гэта таксама добра было вядома ў менскай міліцыі. Чаму ж памылка ў складаньні пратаколу паўтарылася?

Міхаіл Аксяневіч у судзе.
Міліцыянт Андрэй Савіч, які дзяжурыў 17 траўня ў Ленінскім райаддзеле міліцыі, спасылаецца на збой інфармацыйнай сыстэмы «Пашпарт», якая выводзіць на манітор фотаздымак чалавека паводле ягоных пашпартных дадзеных. А як праверыць, ці праўду чалавек пра сябе кажа, калі няма фота? Андрэй Савіч зрабіў запыт у банк дадзеных, дзе атрымаў інфармацыю, што гэты чалавек жыве па пэўным адрасе. А тое, што не пазваніў па хатнім тэлефоне — так склалася, тлумачыў Андрэй Савіч сёньня ў судзе маці нябожчыка Сьвятлане Аксяневіч.

Андрэй Савіч: «На падставе дадзеных, якія паведаміў Гіль адносна Аксяневіча, я быў абсалютна перакананы, што гэта ён. Ён жа назваў адміністрацыйныя парушэньні, за якія яго прыцягвалі да адказнасьці, і назваў судзімасьці».

Сьвятлана Аксяневіч: «Ён вам назваў тыя парушэньні і злачынствы, якія сам і зрабіў, і таму добра пра іх ведаў. Калі не працавала інфармацыйная сыстэма і няма фота, у вас мусяць узьнікнуць сумневы. Вы маглі б нам пазваніць, але не пазванілі, ня высьветлілі, ці той гэта чалавек».

Яраслаў Гіль, які, паводле дадзеных мужа і жонкі Аксяневічаў, болей за 8 разоў называўся пры затрыманьні імем іх сына, сёньня на суд не зьявіўся. Між тым, вядома, што ён не панёс ніякай адказнасьці за зробленыя адміністрацыйныя парушэньні. Не прыцягнулі Гіля да адказнасьці і за тое, што выкарыстоўваў чужое імя. Міхаіл і Сьвятлана Аксяневічы патрабуюць дамагчыся ад яго абвяржэньня зьвестак пра сына, якія лічаць паклёпніцкімі. Таксама пэнсіянэры патрабуюць ад Гіля і ад міліцыі кампэнсацыі маральных стратаў — усяго 45 мільёнаў рублёў. Адказваючы на пытаньне судзьдзі Натальлі Мілашэўскай наконт таго, як дадзеныя Аляксея Аксяневіча маглі трапіць у рукі Яраслава Гіля, Сьвятлана Аксяневіч сказала, што інфармацыйная сыстэма МУС недастаткова абароненая. Паводле жанчыны, за 10 тысяч рублёў можна набыць дыск з усімі дадзенымі. Міхаіл Аксяневіч падзяляе пазыцыю сваёй жонкі:

Імя, прозьвішча, калі нарадзіўся і дзе, дзе жыве чалавек — усё можна знайсьці на дыску.
«Імя, прозьвішча, калі нарадзіўся і дзе, дзе жыве чалавек — усё можна знайсьці на дыску. Калі нам усталёўвалі кампутар у хаце, кампутаршчык нават бясплатна прапаноўваў такую праграму. З гэтага можна зрабіць выснову, што проста зьверкі пашпартных дадзеных з дадзенымі адраснага бюро недастаткова».

Прадстаўнік гарадзкога ўпраўленьня міліцыі Мікалай Радонскі заявіў, што пазоў міліцыя не прызнае. Недахопы ў складаньні пратаколаў юрыст прызнаў, але міліцыянты, паводле яго, збольшага выконвалі свае абавязкі дакладна. Усю гэту гісторыю Мікалай Радонскі тлумачыць тым, што Аксяневіч з Гілем, нібыта «супрацоўнічалі». Юрыст спасылаўся на дадзеныя службы ўнутранай бясьпекі гарадзкой міліцыі.

«Мне адтуль па тэлефоне сказалі, што была вусная дамова паміж Гілем і Аксяневічам называцца ў міліцыі імем іншага, калі іх зловяць. Такім чынам Гіль па згодзе Аксяневіча называў ягоныя дадзеныя».

Прадстаўнік гарадзкой міліцыі Мікалай Радонскі абяцаў на наступным судовым паседжаньні прадставіць доказы гэтых зьвестак, якія бацькі нябожчыка лічаць паклёпам на свайго сына.

Варта дадаць, што асобнага разгляду чакае і сьмерць інваліда Аляксея Аксяневіча ў сакавіку гэтага году. Паводле зьвестак зь міліцыі, Аксяневіч памёр ад пабояў, нанесеных невядомымі пасьля таго, як яго затрымалі, а потым вызвалілі зь міліцыі. Бацькі Аксяневіча не выключаюць, што іх сыну менавіта ў міліцыі нанесьлі пабоі, ад якіх ён памёр. Дагэтуль ідзе праверка сьмерці Аляксея Аксяневіча ў пракуратуры Менску.

На фота — Міхаіл Аксяневіч у Завадзкім судзе Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG