12.55 Лазавік: Працэс рэгістрацыі ініцыятыўных групаў быў "супэрлібэральным"
"Што тычыцца працэсу рэгістрацыі, то ён быў супэрлібэральным", - заявіў журналістам сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
"Ён быў настолькі лібэральным, што нават тым ініцыятыўным групах, дзе былі істотныя недапрацоўкі, дзесьці ня вельмі сур'ёзнае стаўленьне да фарміраваньня перадвыбарчай каманды, было дадзена права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі", - адзначыў Лазавік, перадае Інтэрфакс.
12.20 Паседжаньне ЦВК скончылася. Удзельнікі паседжаньня адказваюць на пытаньні журналістаў.
12.15 Зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы загадчыка лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» Івана Кулікова, пэнсіянэра Пятра Барычава, бізнэсоўца Ўладзімера Правальскага і начальніка сэктару замежнаэканамічнай дзейнасьці ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» Сяргея Рыжова.
Уладзімер Правальскі выступіў з заявай пра тое, што ціснуць на кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Алега Правальскага і яшчэ аднаго сябра, прозьвішча якога патэнцыйны кандыдат абяцаў назваць у судзе.
Паводле Ўладзімера Правальскага, на вуліцы да гэтых людзей пад'ехала чорная "Волга". Адтуль выйшлі невядомыя і запыталіся: "Вам што, Лукашэнка не падабаецца?". На што адзін зь чальцоў ініцыятыўнай групы адказаў: "Так, ён мне надакучыў".
Яшчэ адна ўдзельніца ініцыятыўнай групы Правальскага прызналася, што пад ціскам свайго начальства – кіраўніцтва Беларускай чыгункі – вымушаная была адмовіцца ад працы ў камандзе гэтага патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта.
12.10 ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Сяргея Іванова. Адзін зь сяброў Камісіі, які быў супраць рэгістрацы, сказаў, што беспрацоўнаму ня мае сэнсу ісьці ў прэзыдэнты.
12.00 Зарэгістравалі ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча.
11.50 Зарэгістраваная ініцыятыўная група Віталя Рымашэўскага.
11.55 ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі.
Віцебскі прадпрымальнік Уладзімер Правальскі падаў у ЦВК заяву, у якой прасіў не рэгістраваць групу Лукашэнкі, пакуль той асабіста не падаваў свае дакумэнты.
Ярмошына патлумачыла, што дакумэнты ў ЦВК можа перадаваць давераная асоба. І кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Аляксандар Радзькоў меў такія паўнамоцтвы.
Яна таксама згадала мінулыя мясцовыя выбары, калі палітпрызыўнік Франак Вячорка падаваў дакумэнты не пэрсанальна, а праз давераную асобу.
А ў прэзыдэнцкія выбары 2006-га году, таксама адзначыла Ярмошына, падобная сытуацыя была зь Сяргеем Скрабцом, які на момант падачы дакумэнтаў у ЦВК знаходзіўся ў сьледчым ізалятары.
Правальскі, у сваю чаргу, заявіў, што ў адну з выбарчых кампаніяў яго не зарэгістравалі кандыдатам на дэпутата, бо ён не прысутнічаў па паседжаньні выбарчай камісіі, калі тая разглядала ягоныя дакумэнты.
"Выходзіць, для адных закон ёсьць, а для другіх - няма", - падсумаваў Правальскі.
Гэтыя словы прысутныя ў залі сустрэлі аплядысмэнтамі.
11.45 Зарэгістравалі групу Сяргея Гайдукевіча
Падчас выбарачнай праверкі сьпісу ініцыятыўнай групы Гайдукевіча высьветлілася, што некаторыя чальцы групы не валодаюць выбарчым правам.
У сьпісе групы Гайдукевіча нават аказаўся адзін зь сябраў ЦВК, пра што той нічога ня ведаў.
Інтарэсы Сяргея Гайдукевіча на паседжаньні ЦВК прадстаўляў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Анатоль Хішчанка
Лазавік: "У ЦВК ёсьць усе падставы адмовіць Гайдукевічу ў рэгістрацыі. Але давайце прыслухаемся да самаго Гайдукевіча, які казаў: "якія ж гэта выбары без Гайдукевіча?
Сябра ЦВК Каляда: "Дадзены кандыдат пераўтварае выбары ў клаўнаду". Каляда прапанаваў не рэгістраваць Гайдукевіча. Гэтую прапанову падтрымала сябра ЦВК Надзея Кісялёва.
11.40 ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва
"Мы годна прайшлі першы этап выбарчай кампаніі - здолелі арганізаваць 1307 актыўных, адданых ідэі чалавек, якія далі згоду зьбіраць подпісы за кандыдата ад Партыі БНФ не за грошы, а выключна за ідэю. Гэта вялікая перамога. Наперадзе - цяжкая праца, этап збору подпісаў. Я перакананы, што з тымі людзьмі, якія увайшлі ў ініцыятыўную групу Рыгора Кастусёва, мы з годнасьцю і з чарговай перамогай пройдзем і яго", - заявіў старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч.
11.40 Зарэгістравалі ініцыятыўныя групы бізнэсоўца Дзьмітрыя Вуса і намесьніка кіраўніка Беларускай партыі "Зялёныя" Юрыя Глушакова.
На паседжаньні ЦВК Вуса навзвалі "вэтэранам выбарчых кампаніяў". Ён ужо ўдзельнічаў ў мясцовых выбарах, у выбарах у Палату прадстаўнікоў, а гэтым разам ідзе на прэзыдэнта.
11.30 ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы Яраслава Раманчука, Андрэя Саньнікава і Алеся Міхалевіча.
11.20 Зарэгістравалі ініцыятыўную групу Ўладзімера Някляева.
За тое, каб зарэгістраваць Някляева выступіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Галасаваць "супраць" заклікаў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Лазавік тлумачыў сваю пазыцыю тым, што Някляеў нібыта 10 год ня жыў у Беларусі і таму ня можа быць патэнцыйным кандыдатам.
Някляеў, у сваю чаргу, заявіў, што знаходзіўся за мяжой у камандзіроўцы па накіраваньні ПЭН-клюбу, што эміграцыі ў яго не было.
"Я знаходзіўся ў Беларусі. Знаходжуся ў Беларусі. І ў Беларусі памру. Але, спадзяюся, ня хутка", - падкрэсьліў Някляеў.
Някляеў: "Я знаходзіўся ў Беларусі. Знаходжуся ў Беларусі. І ў Беларусі памру. Але, спадзяюся, ня хутка"
Ярмошына ў сваім заключным слове адзначыла, што ў сытуацыі зь Някляевым быў прэцэдэнт – рэгістрацыя ў 2006 годзе патэнцыйным кандыдатам лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка, які ад 1996 году не жыве ў Беларусі.
"Калі мы вырашалі "пытаньне Пазьняка", то мы падышлі да яго найперш з палітычнага боку. Мы думалі пра тое, што ў выбарцаў павінен быць выбар, што яны мусяць мець канкурэнтныя праграмы. Я думаю, што Някляеў здольны прадставіць такую праграму, і яго рэгістрацыя пойдзе на карысьць выбарцаў", - патлумачыла Ярмошына.
11.10 Пачалі разглядаць дакумэнты Ўладзімера Някляева.
11.05 ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы беспрацоўнага Ільлі Дабратвора.
Ільлі Дабратвору няма 35 гадоў. А ягоная ініцыятыўная група складаецца з адной асобы.
11.00 ЦВК не зарэгістравала ініцыятыўную групы санітаркі гомельскага санаторыя "Чонкі" Натальлі Старыкавай. Яе ініцыятыўная група налічвае 30 чалавек. Паводле заканадаўства, для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна 100 чалавек.
Як паведаміла "Свабодзе" Лідзія Ярмошына, сёньня ЦВК разгледзіць усё заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.
На рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у ЦВК падалі дакумэнты 19 патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта.