Зора Кіпель, "Дні аднаго жыцьця...". Успаміны, Артыкулы, Дзёньнікі; Мінск, Выдавец Зміцер Колас, 2010.
Калі вам захочацца ўявіць сабе карціну жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША пасьля Другой сусьветнай вайны, вы зможаце зрабіць гэта даволі лёгка, гартаючы падшыўкі нью-ёрскага "Беларуса" або чытаючы гістарычныя кніжкі пра беларускі эмігранцкі лёс, ладны гурт якіх выйшаў за два апошнія дзесяцігодзьдзі як у ЗША, так і ў Менску.
А вось пачытаць нешта пра беларускае "непублічнае" жыцьцё ў Амэрыцы — пра тое, што ў іншых мовах і літаратурах акрэсьліваецца назвай "гісторыя штодзённасьці" — вам наўрад ці ўдасца. Так ужо склалася, што беларускім аўтарам беларускі лёс амаль аўтаматычна асацыюецца зь безупынным падзьвіжніцтвам, са змаганьнем на барыкадах ці з прысутнасьцю на розных нацыянальных імпрэзах, прысьвечаных той ці іншай памятнай даце нашай нацыянальнай нядолі.
А як жывуць беларусы без свае публічнае ролі, вечарам на кухні або ўдзень на працы, якая з падзьвіжніцтвам ня мае нічога супольнага? Пра такое жыцьцьё-быцьцё кніжак няма. Магчыма, таму, што мы лічым такое жыцьцё ў сваім жыцьці нецікавым. Або таму, што мы пакуль не сасьпелі для такіх кніжак, бо яшчэ не зразумелі, што беларускасьць — гэта таксама прыватная справа ці, лепш сказаць, што беларускасьць павінна быць для беларусаў перш за ўсё прыватнай справай, а потым ужо публічнай.
Дзёньнікі Зоры Кіпель, якія толькі што выйшлі з друку, зьяўляюцца, мабыць, першай спробай у беларускай прасторы паказаць хоць кавалачак айсбэргу, які можна пайменаваць "гісторыяй беларускай штодзённасьці". Зразумела, маецца на ўвазе гісторыя эміграцыйнай штодзённасьці, бо Зора Кіпель эмігравала зь Беларусі ў 1944 годзе, калі ёй было 17 гадоў, і пражыла на чужыне яшчэ амаль 60 (яна памерла у 2003 годзе).
Больш-менш рэгулярныя запісы спадарыня Кіпель пачала рабіць у 1978 годзе і вяла іх да канца 1990-х. Ейныя дзёньнікі, надрукаваныя даволі дробным шрыфтам, займаюць больш за 800 старонак кнігі, якую ўклаў і адрэдагаваў наш рэдакцыйны калега Сяргей Шупа. Пераважная большасьць запісаў суправаджаецца камэнтарамі спадарожніка жыцьця спадарыні Зоры Вітаўта Кіпеля, які тлумачыць шырэйшы грамадзкі кантэкст прыватных запісаў жонкі ці расшыфроўвае ідэнтычнасьць некаторых знаёмых і сяброў сям’і, якія ў асабістых запісах, прызначаных выключна для сямейнага вока, згадваюцца як нешта само сабой зразумелае.
Зора і Вітаўт Кіпелі стаялі ў цэнтры жыцьця беларускай дыяспары ў Амэрыцы, а таму ў дзёньніках выступаюць бадай ці ня ўсе асобы, якія мелі больш ці менш значныя публічныя ролі ў гэтым жыцьці. Для дасьледніка эміграцыі, які дагэтуль прыглядаўся да яе лёсу праз прызму афіцыйных дакумэнтаў розных беларускіх арганізацый, дзёньнікі Зоры Кіпель даюць нагоду зірнуць на неафіцыйную падбіўку некаторых падзей (прыкладам, спадарыня Зора апісвае рэакцыю сваіх знаёмых на перадачу ў амэрыканскай тэлевізіі, якая сьцьвярджала на ўсю Амэрыку, што беларусы ў ЗША — гэта закансьпіраваныя нацысты).
Для мяне гэтыя запісаныя даволі бясколернай і сухаватай мовай занатоўкі даюць нечаканы ўгляд у атмасфэру і абставіны звычайнага, "негістарычнага" жыцьця эмігранцкай сям’і. Бо з-за кілямэтраў радкоў пра рытуалы амэрыканскай штодзённасьці і пра клопат аб эканамічным дабрабыце сям’і праглядвае нясьпешны, але няўмольны мэханізм амэрыканскага жыцьця, называны некаторымі melting pot, які кожную больш ці менш выразную дыяспару цягам двух-трох пакаленьняў пераплаўляе ў нешта іншае, ужо амэрыканскае.
"Дні аднаго жыцьця..." Зоры Кіпель — гэта, зразумела, не чытаньне для масавага чытача. Але кніжка будзе важнай for the happy few, якія раней цікавіліся гісторыяй беларускай эміграцыі і, зразумела, не маглі ня чуць пра Зору і Вітаўта Кіпеляў. Гэтыя дзьве асобы — інтэлектуальныя і арганізацыйныя рухавікі публічнага жыцьця заакіянскай дыяспары, адны зь яе найбольш яркіх постацяў. З выхадам гэтых дзёньнікаў іхны двухвымерны вобраз узорных нацыянальных падзьвіжнікаў і змагароў за захаваньне беларускага духу за акіянам набыў трэцяе, больш зямное і асабістае вымярэньне.