Сёньня — Міжнародны дзень бібліятэк. Паводле зьвестак Міністэрства культуры Беларусі, сетка айчынных бібліятэк сёлета скарацілася ўжо на 120, а з улікам папярэдняга году — амаль на 400. Ніводнага новага бібліятэчнага будынка ў рэгіёнах сёлета не збудавана.
Пра канкрэтныя адрасы і прычыны закрыцьця бібліятэк інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».
Інфармацыйныя тэхналёгіі да вёскі не даходзяць, дзеці просяць кніжак
На пачатку 90-х гадоў на Гомельшчыне налічвалася звыш тысячы бібліятэк, у тым ліку блізу 900 — у сельскай мясцовасьці.
Цяпер у рэгіёне — 705 бібліятэк, у тым ліку ў вёсках менш як 600.
Спэцыялістка абласной бібліятэчнай сеткі апавяла, што прычына скарачэньня бібліятэк больш як на траціну — перадусім абязьлюдненьне вёскі:
«Гэта зьвязана найперш з дэмаграфічнай сытуацыяй — колькасьць насельніцтва скарачаецца, і асабліва ў сельскай мясцовасьці. І ў сувязі з гэтым бібліятэкі ў малых вёсках, дзе аплата працы была на чвэрць стаўкі, закрыліся. Закрываюцца й бібліятэкі з аплатай 0,5 стаўкі. Аб’ядноўваюцца таксама дзіцячыя й сельскія бібліятэкі — былі й такія ў нас у буйных вёсках».
Практыка скарачэньня ня спынена й дагэтуль. Падобнае аб’яднаньне прапанавана, у прыватнасьці, аддзелу культуры Веткаўскага раёну.
Вясковыя бібліятэкары глядзяць на такую практыку без асаблівага энтузіязму. Нягледзячы на прыход новых інфармацыйных тэхналёгіяў, кнігі патрэбныя людзям, і найперш — школьнікам.
У Сьвяцілавічах у вясковай дзіцячай бібліятэцы ўжо месяц няма спэцыяліста. Пакуль дакладна не вядома, злучаць гэтую бібліятэку з дарослай ці не. Тым часам дзеці дапытваюцца, калі ж адчыніцца іхняя бібліятэка.
Пра гэта кажа бібліятэкарка Сьвяцілавіцкай сельскай бібліятэкі спадарыня Вольга:
«Ня ведаю пакуль нічога — альбо злучаць, альбо яшчэ некага возьмуць на працу. Для мяне, канечне, было б лепей, каб узялі яшчэ аднаго работніка. Людзей у нас шмат, і дзеці з задавальненьнем у бібліятэку ходзяць. Зараз там няма бібліятэкара — дзеці бегаюць і пытаюцца: калі ж будзе бібліятэкар?»
І вясковаму, і гарадзкому бібліятэкару жывецца складана. Праца гэтай катэгорыі культработнікаў аплачваецца надзвычай слаба. Большыя заробкі ў іх толькі ў чарнобыльскай «зоне», дзе паводле кантрактаў прадугледжана 30-адсоткавая даплата. У астатніх выпадках стаўка сельскага бібліятэкара не перавышае 300 тысяч рублёў.
Ня лепшая сытуацыя і ў маладых спэцыялістаў, якія прыйшлі ў бібліятэкі з профільнай унівэрсытэцкай адукацыяй.
Спэцыялістка: «Нягледзячы на тое, што ў верасьні нам крыху падвысілі заробак, мы гэтай дабаўкі не адчулі. Цэны растуць несувымерна заробкам. У бібліятэчных работнікаў заробкі заўсёды былі невысокія. Маладыя спэцыялісты атрымліваюць 370 тысяч — гэта стаўка й прэміяльныя».
У Клімавічах квітнее «лікёрка», а бібліятэка — гібее
У райцэнтры Клімавічы тры гады таму згарэў будынак дзіцячай бібліятэкі. На будоўлю новага няма грошай. Улады толькі абяцаюць іх знайсьці. Пакуль жа дзіцячая чытальня разам з цэнтральнай раённай туляцца ў адным маленькім будынку.
Будынак раённай дзіцячай бібліятэкі згарэў у 2007 годзе. Фонд чытальні ўдалося выратаваць. Месца двум бібліятэкам у адным будынку замала, наракае супрацоўніца цэнтральнай раённай бібліятэкі для дарослых.
«Дый наша бібліятэка дужа старэнькая. Сёлета дзевяноста гадоў. Юбілей адзначае бібліятэка. А вось будынак, відаць, яшчэ старэйшы, як мне здаецца».
Кожны візыт высокага начальства ў цэнтральную раённую бібліятэку раней не абыходзіўся без абяцаньняў: не турбуйцеся, адбудуем новую — двухпавярховую. Сьледам за абяцанкамі надышоў крызіс. Сродкі пачалі эканоміць. Бібліятэкараў цяпер супакойваюць традыцыйным — «у плянах вы ёсьць».
Не адно пакаленьне жыхароў райцэнтру вырасла на паслугах дзіцячай чытальні. Былая яе ўтульнасьць зьнікла разам з будынкам у пажары, кажа былы яе наведнік Сяргей. Калі яна вернецца і ці вернецца наагул — невядома:
«Чытальная заля была. Кнігасховішча. Быў кампутар свой. А цяпер яго забралі. Сказалі, што ў аграгарадок трэба. А дзеці прыходзяць, ім рэфэраты трэба рабіць. У інтэрнэт. А кампутара няма месяцы два ці тры. У іх нічога там няма, пустая бібліятэка».
Нягледзячы на цяжкія ўмовы існаваньня бібліятэк, ад іх патрабуюць выкананьня пляну платных паслугаў. Фонды папаўняюцца ў асноўным кніжкамі, зь якіх ёсьць камэрцыйная выгада. Яе, аднак на новы будынак ня хопіць. Вось і застаюцца Клімавічы зь лікёра-гарэлачным заводам, але без прыстойнай бібліятэкі.
«Некалі кожная вёска мела сваю бібліятэку, цяпер — лічаныя»
Некаторыя бібліятэкі Берасьцейшчыны ахопліваюць сваімі паслугамі па чатыры-пяць паселішчаў. Некалі ці ня кожная вёска мела сваю бібліятэку, але цяпер кнігі паперадавалі ў цэнтральныя раённыя кнігазборы, а будынкі або пустуюць, або выкарыстоўваюцца пад жытло для сэзонных рабочых.
Паводле бібліятэкаркі вёскі Мінянка Кобрыньскага раёну, тутэйшым кнігазборам карыстаецца каля 400 чалавек. Гэта жыхары пяці вёсак. Бібліятэкі ў суседніх вёсках былі зачыненыя. Ужо год як няма бібліятэкі ў вёсцы Стрылава, сфэра яе абслугоўваньня перайшла да Мінянскай бібліятэкі. Будынак у Стрылаве пустуе. Але і ў Мінянцы таксама няма свайго будынка. Некалі тут быў і Дом культуры, і бібліятэка:
«Ужо трэці год, як зьнесьлі будынак, а нам далі невялічкае памяшканьне ў адміністрацыйным будынку мясцовага СПК. Невялікі пакой, дзе знаходзяцца кнігі».
У вёсцы Яблынька Івацэвіцкага раёну бібліятэкі няма ўжо колькі гадоў. Насельніцтва вёскі скарачаецца, чытаць проста няма каму, кажа мясцовы жыхар:
«У будынку, дзе раней была бібліятэка, цяпер жывуць сэзонныя рабочыя, якія прыяжджаюць на працу ў СПК. А што да кніг, то яны былі перададзеныя ў цэнтральную Івацэвіцкую бібліятэку».
Некалі ў гэтай вёсцы існаваў і клюб. Але ў ягоным будынку абрынуўся дах, памяшканьне заліваюць дажджы.
Жыхары вёсак у бібліятэкі ня ходзяць, акрамя школьнікаў і студэнтаў. Жыхарка Жабінкаўскага раёну кажа, што чытаць ня любіць, але мусіць выконваць праграму завочнага навучаньня:
«Час ад часу наведваю бібліятэку. Але чытаю толькі навуковую літаратуру, бо навучаюся завочна. А так чытаць ня вельмі люблю».
Жыхарка Іванаўскага раёну, бухгальтарка аднаго з СПК, кажа, што пасьля мноства дакумэнтаў чытаць кнігі ўжо і сіл не застаецца:
«Шчыра кажучы, то і не наведваю бібліятэку. Стамляюся пасьля працы, нават газэту ня хочацца потым чытаць, ня кажучы пра кнігі».
Прапанова па бібліятэцы «заглухла», будуюць офісы для КДБ і міліцыі
Найлепшым падарункам на Дзень бібліятэк для супрацоўнікаў абласной Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна стаў бы новы будынак, паабяцаны некалі старшынёй аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам. Аднак навасельле чарговым разам адкладаецца.
У сакавіку Аляксандар Косінец заявіў (і гэтую заяву працытавалі ўсе дзяржаўныя СМІ), што будынак абласной бібліятэкі, узьведзены яшчэ ў 1967 годзе, маральна і фізычна састарэў і што ў Віцебску будзе ўзьведзены новы «алмаз ведаў» — можа, крыху меншы за менскую Нацыянальную бібліятэку, але таксама з адмысловымі ўмовамі для захаваньня рарытэтных кніг, з кавярняй для чытачоў ды супрацоўнікаў і з прасторнымі памяшканьнямі для ўсіх аддзелаў.
Але сёньня бібліятэкары ў адзін голас кажуць, што прапанова старшыні аблвыканкаму «заглухла» — яе больш ня ўзгадвае нават ён сам, распавядаючы пра новыя грандыёзныя пляны гарадзкога будаўніцтва. Цяпер спадар Косінец кажа, што трэба будаваць заапарк, аквапарк, тры райаддзелы міліцыі і абласную ўправу КДБ. Таму пра новы будынак абласной бібліятэкі ніхто ня ведае.
«Гэтае пытаньне не да нас. Як быццам бы загадана дабудаваць толькі тое, што ўжо пачата. Так што — доўгая песьня. Шчыра кажу: мы нічога ня ведаем, і я нават не цікаўлюся!»
«Казалі, што ў верасьні будзе закладка падмурку. Але вось дзе — гэты факт нам не вядомы (сьмяюцца). Абяцалі, што будзе і паркоўка, і кавярня… А то людзі ў нас з 10-й ранку да 9-й вечара працуюць, а паесьці няма дзе. Выходзяць, нешта ядуць, на акне седзячы…А мы так марым! Можа, у нас будзе асобная заля рарытэтных выданьняў… Цяпер яны ў шафцы ў нас ляжаць, пад замком!»
Пра пэрспэктывы і рарытэтныя выданьні разважаюць супрацоўнікі краязнаўчага аддзелу абласной бібліятэкі — пэўна, самага цеснага і непрыдатнага для працы:
«У нас усяго 8 месцаў, 4 сталы. Калі чытач бярэ газэтную падшыўку, газэты цяжкія, вялікія, то і займае цэлы стол. А побач яшчэ адзін чытач. Цесна, нязручна».
З прычыны нястачы месца выставу рарытэтных выданьняў да Дня бібліятэк работнікі краязнаўчага сэктару мусілі ладзіць у суседнім аддзеле.
А аддзел абанэмэнту ўвогуле выбраўся на вуліцу, выставіўшы паліцы проста на ганку — заадно, маўляў, і рэкляма для чытачоў.
Паводле афіцыйнага сайту аблвыканкаму, на Віцебшчыне 679 бібліятэк. Але насамрэч іх у першай палове чэрвеня заставалася 665, астатнія — зачыніліся. На сёньня, верагодна, іх яшчэ меней, проста справаздачы аблвыканкаму не пасьпяваюць за рэаліямі бібліятэчнага жыцьця.
Пра канкрэтныя адрасы і прычыны закрыцьця бібліятэк інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Інфармацыйныя тэхналёгіі да вёскі не даходзяць, дзеці просяць кніжак
На пачатку 90-х гадоў на Гомельшчыне налічвалася звыш тысячы бібліятэк, у тым ліку блізу 900 — у сельскай мясцовасьці.
Цяпер у рэгіёне — 705 бібліятэк, у тым ліку ў вёсках менш як 600.
Спэцыялістка абласной бібліятэчнай сеткі апавяла, што прычына скарачэньня бібліятэк больш як на траціну — перадусім абязьлюдненьне вёскі:
«Гэта зьвязана найперш з дэмаграфічнай сытуацыяй — колькасьць насельніцтва скарачаецца, і асабліва ў сельскай мясцовасьці. І ў сувязі з гэтым бібліятэкі ў малых вёсках, дзе аплата працы была на чвэрць стаўкі, закрыліся. Закрываюцца й бібліятэкі з аплатай 0,5 стаўкі. Аб’ядноўваюцца таксама дзіцячыя й сельскія бібліятэкі — былі й такія ў нас у буйных вёсках».
Гэта зьвязана найперш з дэмаграфічнай сытуацыяй.
Практыка скарачэньня ня спынена й дагэтуль. Падобнае аб’яднаньне прапанавана, у прыватнасьці, аддзелу культуры Веткаўскага раёну.
Вясковыя бібліятэкары глядзяць на такую практыку без асаблівага энтузіязму. Нягледзячы на прыход новых інфармацыйных тэхналёгіяў, кнігі патрэбныя людзям, і найперш — школьнікам.
У Сьвяцілавічах у вясковай дзіцячай бібліятэцы ўжо месяц няма спэцыяліста. Пакуль дакладна не вядома, злучаць гэтую бібліятэку з дарослай ці не. Тым часам дзеці дапытваюцца, калі ж адчыніцца іхняя бібліятэка.
Пра гэта кажа бібліятэкарка Сьвяцілавіцкай сельскай бібліятэкі спадарыня Вольга:
«Ня ведаю пакуль нічога — альбо злучаць, альбо яшчэ некага возьмуць на працу. Для мяне, канечне, было б лепей, каб узялі яшчэ аднаго работніка. Людзей у нас шмат, і дзеці з задавальненьнем у бібліятэку ходзяць. Зараз там няма бібліятэкара — дзеці бегаюць і пытаюцца: калі ж будзе бібліятэкар?»
І вясковаму, і гарадзкому бібліятэкару жывецца складана. Праца гэтай катэгорыі культработнікаў аплачваецца надзвычай слаба. Большыя заробкі ў іх толькі ў чарнобыльскай «зоне», дзе паводле кантрактаў прадугледжана 30-адсоткавая даплата. У астатніх выпадках стаўка сельскага бібліятэкара не перавышае 300 тысяч рублёў.
Ня лепшая сытуацыя і ў маладых спэцыялістаў, якія прыйшлі ў бібліятэкі з профільнай унівэрсытэцкай адукацыяй.
Спэцыялістка: «Нягледзячы на тое, што ў верасьні нам крыху падвысілі заробак, мы гэтай дабаўкі не адчулі. Цэны растуць несувымерна заробкам. У бібліятэчных работнікаў заробкі заўсёды былі невысокія. Маладыя спэцыялісты атрымліваюць 370 тысяч — гэта стаўка й прэміяльныя».
МАГІЛЁЎШЧЫНА
У Клімавічах квітнее «лікёрка», а бібліятэка — гібее
У райцэнтры Клімавічы тры гады таму згарэў будынак дзіцячай бібліятэкі. На будоўлю новага няма грошай. Улады толькі абяцаюць іх знайсьці. Пакуль жа дзіцячая чытальня разам з цэнтральнай раённай туляцца ў адным маленькім будынку.
Будынак раённай дзіцячай бібліятэкі згарэў у 2007 годзе. Фонд чытальні ўдалося выратаваць. Месца двум бібліятэкам у адным будынку замала, наракае супрацоўніца цэнтральнай раённай бібліятэкі для дарослых.
«Дый наша бібліятэка дужа старэнькая. Сёлета дзевяноста гадоў. Юбілей адзначае бібліятэка. А вось будынак, відаць, яшчэ старэйшы, як мне здаецца».
Кожны візыт высокага начальства ў цэнтральную раённую бібліятэку раней не абыходзіўся без абяцаньняў: не турбуйцеся, адбудуем новую — двухпавярховую. Сьледам за абяцанкамі надышоў крызіс. Сродкі пачалі эканоміць. Бібліятэкараў цяпер супакойваюць традыцыйным — «у плянах вы ёсьць».
Не адно пакаленьне жыхароў райцэнтру вырасла на паслугах дзіцячай чытальні. Былая яе ўтульнасьць зьнікла разам з будынкам у пажары, кажа былы яе наведнік Сяргей. Калі яна вернецца і ці вернецца наагул — невядома:
«Чытальная заля была. Кнігасховішча. Быў кампутар свой. А цяпер яго забралі. Сказалі, што ў аграгарадок трэба. А дзеці прыходзяць, ім рэфэраты трэба рабіць. У інтэрнэт. А кампутара няма месяцы два ці тры. У іх нічога там няма, пустая бібліятэка».
Нягледзячы на цяжкія ўмовы існаваньня бібліятэк, ад іх патрабуюць выкананьня пляну платных паслугаў. Фонды папаўняюцца ў асноўным кніжкамі, зь якіх ёсьць камэрцыйная выгада. Яе, аднак на новы будынак ня хопіць. Вось і застаюцца Клімавічы зь лікёра-гарэлачным заводам, але без прыстойнай бібліятэкі.
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
«Некалі кожная вёска мела сваю бібліятэку, цяпер — лічаныя»
Некаторыя бібліятэкі Берасьцейшчыны ахопліваюць сваімі паслугамі па чатыры-пяць паселішчаў. Некалі ці ня кожная вёска мела сваю бібліятэку, але цяпер кнігі паперадавалі ў цэнтральныя раённыя кнігазборы, а будынкі або пустуюць, або выкарыстоўваюцца пад жытло для сэзонных рабочых.
Паводле бібліятэкаркі вёскі Мінянка Кобрыньскага раёну, тутэйшым кнігазборам карыстаецца каля 400 чалавек. Гэта жыхары пяці вёсак. Бібліятэкі ў суседніх вёсках былі зачыненыя. Ужо год як няма бібліятэкі ў вёсцы Стрылава, сфэра яе абслугоўваньня перайшла да Мінянскай бібліятэкі. Будынак у Стрылаве пустуе. Але і ў Мінянцы таксама няма свайго будынка. Некалі тут быў і Дом культуры, і бібліятэка:
«Ужо трэці год, як зьнесьлі будынак, а нам далі невялічкае памяшканьне ў адміністрацыйным будынку мясцовага СПК. Невялікі пакой, дзе знаходзяцца кнігі».
У вёсцы Яблынька Івацэвіцкага раёну бібліятэкі няма ўжо колькі гадоў. Насельніцтва вёскі скарачаецца, чытаць проста няма каму, кажа мясцовы жыхар:
У будынку, дзе раней была бібліятэка, цяпер жывуць сэзонныя рабочыя, якія прыяжджаюць на працу ў СПК.
Некалі ў гэтай вёсцы існаваў і клюб. Але ў ягоным будынку абрынуўся дах, памяшканьне заліваюць дажджы.
Жыхары вёсак у бібліятэкі ня ходзяць, акрамя школьнікаў і студэнтаў. Жыхарка Жабінкаўскага раёну кажа, што чытаць ня любіць, але мусіць выконваць праграму завочнага навучаньня:
«Час ад часу наведваю бібліятэку. Але чытаю толькі навуковую літаратуру, бо навучаюся завочна. А так чытаць ня вельмі люблю».
Жыхарка Іванаўскага раёну, бухгальтарка аднаго з СПК, кажа, што пасьля мноства дакумэнтаў чытаць кнігі ўжо і сіл не застаецца:
«Шчыра кажучы, то і не наведваю бібліятэку. Стамляюся пасьля працы, нават газэту ня хочацца потым чытаць, ня кажучы пра кнігі».
ВІЦЕБШЧЫНА