Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цуд над Віслай упершыню пахаваў камуністычную ідэю”


Валянцін Голубеў
Валянцін Голубеў
15 жніўня ў Польшчы адзначаецца 90-годзьдзе перамогі ў бітве за Варшаву паміж войскамі адроджанай Польшчы і дывізіямі чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам Тухачэўскага. Пра тое, чаму тая бітва атрымала назву «Цуд над Віслай» і які ўплыў яна мела на лёсы Польшчы і Беларусі — гутарым з гісторыкам Валянцінам Голубевым.

Апошнім часам гісторык, ў нядаўнім мінулым, палітык Валянцін Голубеў часта бывае ў Польшчы, дзе працуе ў мясцовых архівах. Валянцін Голубеў мяркуе, што бітва за Варшаву ў 1920 годзе вызначыла лёс ня толькі польскага і беларускага народаў, але паўплывала на ўсю гісторыю Эўропы:

— Гэта была першая параза камуністычнай ідэалёгіі. Пасьля рэвалюцыі 1917 года маскоўскія бальшавікі паставілі задачу правядзеньня сусьветнай рэвалюцыі і выбралі Польшчу ў якасьці слабога зьвяна. Яны палічылі, што калі Чыроная армія зьявіцца ў гэтай краіне, то працоўныя і сяляне падымуцца супраць эксплюататараў, як яны казалі, і гэтак пачнецца рэвалюцыя ў Эўропе. Але польскі народ прадэманстраваў, што ня толькі камуністычныя ідэі не ўспрымае, а што галоўнае для палякаў, як заўсёды, гэта нацыянальная і дзяржаўная самастойнасьць.

— Наступ войска Тухачэўскага на Польшчу пачаўся з-пад Кіева, дзе было амаль разьбітае польскае войска. Польскія аддзелы ледзь ня беглі праз усю Беларусь да самой Віслы, але там нечакана змаглі ня толькі аказаць супраціў і адбіць наступ Чырвонай арміі, але і нашчэнт яе разьбіць. Паводле падлікаў страты ў Чырвонай арміі сягалі да 25 тысяч загіблых і 60 тысяч палонных. Польскае войска страціла ўдвая менш. У чым асноўная прычына гэтай вікторыі?

— Важна тое, што бітва на Вісьле — гэта была, я б сказаў, не дзяржаўная арганізацыя перамогі, а народная арганізацыя перамогі. Бо выйшлі змагацца простыя людзі: студэнты, працоўныя, сяляне, якія змаглі даць адпор рэгулярнай арміі бальшавікоў на чале з Тухачэўскім».
Мы, беларусы, пацярпелі ў той вайне і ад палякаў, і ад расейцаў.

— Вядома, што сярод францускіх вайсковых дарадцаў, якія дапамагалі палякам, быў будучы прэзыдэнт Францыі генэрал дэ Голь. Якім, паводле вашых ацэнак, быў памер замежнай дапамогі Польшчы ў змаганьні на Вісьле, у тым ліку краінаў Антанты?

— Дадзеныя гісторыкаў насамрэч сьведчаць, што гэтая замежная дапамога не была вялікай. Па-сутнасьці яна зьвялася да парадаў. Але што змаглі арганізаваць палякі — гэта тое, што яны расшыфравалі ўсе сакрэтныя коды Чырвонай арміі і камандаваньне польскага войска па-сутнасьці ведала ўсе пляны штабу Тухачэўскага.

— Вынікам паразы Тухачэўскага стала імклівае адступленьне ягоных войскаў за Менск і ўрэшце — Рыская мірная дамова, якая падзяліла Беларусь на дзьве часткі, заходнюю і ўсходнюю. Вайна і мяжа прайшла празь лёсы тысяч беларусаў. Адзін мой дзед быў пазьней адпраўлены бальшавікамі ў канцлягер за тое, што дапамагаў беларускаму генэралу Булак-Булаховічу, які супрацоўнічаў з палякамі. Другога дзеда палякі арыштавалі за тое, што падчас наступу на Варшаву ён быў мабілізаваны бальшавікамі для працы на чыгунцы. Дык ці быў «цуд на Вісьле» для беларусаў цудам?

— Вайна была ня Польшчы зь Беларусьсю ці Беларусі з Польшчай, а Савецкай Расеі з Польшчай дзеля сусьветнай рэвалюцыі. І мы, беларусы, пацярпелі ў той вайне і ад палякаў, і ад расейцаў. Плюсам можна назваць толькі тое, што пасьля вызваленьня Менску ад палякаў адбылося другое ўзбуйненьне БССР , якая стала называцца Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, і як бы там ні было, гэтая ССРБ заўсёды ўжо існавала ў сьвеце і была ўсімі прызнана, потым зноў як БССР. А ў выніку мы дажылі да таго моманту, калі была створаная незалежная Рэспубліка Беларусь. І вось лёсы гісторыі! У 1991 годзе Польская Рэспубліка была першай у сьвеце краінай, якая прызнала незалежную Рэспубліку Беларусь.
XS
SM
MD
LG