Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ зноў супраць КДК


Дзьмітры Адамовіч
Дзьмітры Адамовіч
У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі не камэнтуюць арышт начальніка ўправы расьсьледаваньняў злачынстваў Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Дзьмітрыя Адамовіча ў сувязі з падазрэньнямі ў карупцыі. Назіральнікі кажуць пра новы віток барацьбы КДБ і Дзяржкантролю.

Затрыманьне Дзьмітрыя Адамовіча адбылося на мінулым тыдні. Паводле інтэрнэт-выданьня «Ежедневник», супрацоўнікі КДБ дагналі і затрымалі галоўнага сьледчага КДК на ганку рэспубліканскай пракуратуры, куды ён нібыта накіраваўся пасьля таго, як яго запрасілі на нараду ў КДБ.

«Аказаў актыўны супраціў. Але там хлопцы таксама дужыя, скруцілі яго. Гэта бачылі супрацоўнікі пракуратуры праз вокны. А калі б пасьпеў прайсьці, магчыма, і пазьбег бы затрыманьня», — распавёў журналіст Сяргей Сацук.

Затрыманьню галоўнага сьледчага КДК папярэднічала вялікая праверка дзейнасьці дзяржаўных кантралёраў, наладжаная Саветам Бясьпекі. Паводле зьвестак, правяральнікі выявілі факты пакрыцьця за грошы злачынстваў прадпрымальнікаў, а супрацоўнікі КДБ, якія далей распрацоўвалі гэтыя зьвесткі, сабралі доказы карупцыі. Нібыта, акрамя сьледчага Адамовіча, пад падазрэньне патрапіў і дарадца старшыні КДК Віктар Пісарык, якога адхілілі ад працы. У сувязі са скандалам называецца таксама імя намесьніка дырэктара Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Віктара Марозава. У Камітэце Дзяржкантролю гэтыя зьвесткі дагэтуль не камэнтуюць.

Вядомы журналіст Павал Шарамет, які шмат займаўся тэмай карупцыі ў вышэйшым кіраўніцтве Беларусі, мяркуе, што за чарговым наступам КДБ на Камітэт дзяржкантролю стаіць каманда дарадцы прэзыдэнта Віктара Лукашэнкі, якая паступова бярэ пад кантроль усе праваахоўныя структуры.

Павал Шарамет: «Наколькі памятаю, раней на тры дні Навумаў затрымліваў Пісарыка, але за яго заступіўся Ломаць, і таго выпусьцілі. Новае адхіленьне гэтага чалавека, які займаўся сілавым прыкрыцьцём Зянона Ломаця, — гэта прыкмета таго, што дні гэтага адыёзнага дзяржкантралёра заканчваюцца. Але чаго б ні хацеў Віктар Лукашэнка, якія б пляны ён ні снаваў, у Зянона Ломаця ёсьць галоўны козыр — гэта Аляксандар Лукашэнка, ад якога па-ранейшаму залежыць лёс Ломаця. Аднойчы Лукашэнка-старэйшы ўжо выратаваў Ломаця ад арышту, але зараз, ня выключана, справа скончыцца калі ня арыштам, дык адстаўкай».

У лютым 2008 году, паводле зьвестак недзяржаўных мэдый, Віктара Пісарыка сапраўды затрымлівалі, нібыта са згоды пракуратуры. Паводле «Народнай волі», пра дзейнасьць Пісарыка дакладалі нават кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Тады газэта зьмясьціла рэакцыю Віктара Пісарыка на зьвесткі пра ягонае затрыманьне. «Без камэнтароў» — сказаў тады дарадца Зянона Ломаця, які аказаўся на волі. Атрымаць камэнтар у Віктара Пісарыка цяпер таксама не ўдаецца. Паводле зьвестак з КДК, больш за месяц таму ён пайшоў у адпачынак і дагэтуль на працу не зьяўляецца. Крыніцы не выключаюць, што Пісарык таксама арыштаваны.

У пракуратуры Беларусі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра арышт сьледчага Адамовіча з КДК, у тым ліку паведаміць, ці давала пракуратура санкцыю на ягоны арышт і, магчыма, на арышт Пісарыка, або дакладна не давала. «Яны там вядуць справу, хай і камэнтуюць», — сказалі ў пракуратуры адносна КДБ. Паўтару, з КДБ камэнтару пакуль таксама няма.

Войны паміж сілавымі структурамі сталі прыкметай часу для цяперашняй Беларусі. Адной з самых гучных ахвяр гэтых войнаў стаў Анатоль Грамовіч, былы дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК, якога цяпер судзяць у Беларускім вайсковым судзе разам зь некалькімі мытнікамі. Грамовіч абвінавачваецца ў службовых злоўжываньнях і атрыманьні хабару. Адметна, што злачынствы, у якіх падазраюць Грамовіча, ён, паводле сьледзтва, зрабіў, калі працаваў намесьнікам старшыні КДБ Берасьцейскай вобласьці. Справу Анатоля Грамовіча расьсьледавала сьледчая генпракуратуры Сьвятлана Байкова, якая зараз таксама пад арыштам у турме КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG