Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ліцэісты дапамагаюць палякам, пацярпелым ад паводкі


Паводка ў Польшчы нарабіла бяды.
Паводка ў Польшчы нарабіла бяды.
Навучэнцы Беларуcкага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, якія зараз знаходзяцца на летняй сэсіі ў Польшчы, далучыліся да дабрачыннай акцыі па ліквідацыі наступстваў буйной паводкі ў гэтай краіне. Страты, нанесеныя там стыхіяй, ацэньваюцца на 2,5 мільярда эўра. Больш за паўсотні вучняў і выкладчыкаў, узброеныя рыдлёўкамі, венікамі і насілкамі, прыехалі ў горад Вількаў на поўдні Польшчы.

У горадзе Вількаве Люблінскага ваяводзтва вучні і настаўнікі ліцэю дапамагалі мясцовым жыхарам прыбіраць дамы і прылеглыя тэрыторыі, збураныя моцнымі дажджамі і горнымі селямі. Свой бурны нораў тут прадэманстравалі Вісла і яе каналы, якія выйшлі зь берагоў і накрылі сабой сотні гектараў зямлі. Беларусы працавалі ў рамках акцыі «Ўік-энд для пацярпелых ад паводкі», якую падтрымліваюць польскія «Radio TOK FM» i «Radio Złote Przeboje», а таксама газэта «Metro». Як расказаў у інтэрвію «Metro» намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі, дапамога пацярпелым была ідэяй саміх вучняў:

«Спачатку мы хацелі нават адмовіцца ад паездкі ў Польшчу, каб фінансава не абцяжарваць нашых сяброў у такой складанай сытуацыі, — распавёў спадар Баршчэўскі. — Аднак кіраўніцтва „Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі“, на запрашэньне якога цягам апошніх гадоў ліцэісты сюды прыяжджаюць, заявіла, што няма нават размовы, каб паездка не адбылася. У сваю чаргу, мы прапанавалі дапамогу польскім калегам у прыборцы тэрыторыі пасьля паводкі».

Спадар Баршчэўскі зазначыў, што валянтэры ня ехалі навобмацак — былі канкрэтныя адрасы тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і дзе людзі рэальна чакалі падтрымкі. Дзеці і дарослыя прыбіралі вуліцы, зьбіралі бруд, чысьцілі дамы і падворкі. Для Радыё Свабода спадар Баршчэўскі падаў падрабязнасьці працы:

Дамы там пераважна драўляныя, і іх трэба толькі зносіць. Чым мы часткова і займаліся — разбуралі з хлопцамі гэткую стадолу, хлеў.
«Работа была розная. Там усё фатальна зьнішчана, па сутнасьці, на ўзроўні другога паверху. Вада была чатыры мэтры вышынёй, прычым прыйшла яна дзьвюма хвалямі. І ўсё, што апынулася ніжэй за чатыры мэтры, лічы, зьнішчана. Усе дрэвы загінулі, плянтацыі хмелю ды іншых культураў, гароды. Ну, а самае горшае здарылася ў дамах, дзе ўсё ператварылася ў суцэльнае месіва — і мэбля, і ўнутранае аздабленьне. Дамы там пераважна драўляныя, і іх трэба толькі зносіць. Чым мы часткова і займаліся — разбуралі з хлопцамі гэткую стадолу, хлеў. А ў асноўным — выносілі сьмецьце з будынкаў, пакавалі ў мяхі, каб потым машыны маглі вывезьці.

Увогуле ўражаньне вельмі сумнае: на вялізнай тэрыторыі людзі вельмі адчувальна пацярпелі. Бо там і Вісла, і ад яе каналы, і горныя патокі зьмяшаліся з высокай вадой у Вісьле, што ў выніку ўтварыла такую магутную хвалю. Такой вады за апошнія сто гадоў тут не было. Там, дарэчы, шмат валянтэраў працуе, многія студэнты ад вакацыяў адмовіліся. То бок акцыя атрымалася даволі шырокая. Трэба сказаць, што ўсе нашы дзеці працавалі добра, стараліся, як маглі, ніякіх прэтэнзій да іх няма ў прынцыпе. Ну, і дзякавалі адпаведна гаспадары, дзякавалі арганізатары…»

Усяго зь Менску ў Польшчу прыехалі амаль 70 чалавек: 57 вучняў і 12 настаўнікаў. У Варшаве, Гданьску, іншых гарадах краіны навучэнцаў «падпольнага ліцэю» прымаюць штогод, яны маюць магчымасьць хоць нейкі час займацца ў цывілізаваных умовах, для іх ладзяцца экскурсіі, ліцэісты і выкладчыкі сустракаюцца зь людзьмі палітыкі і культуры. А гэтым разам давялося рэальна падтрымаць пацярпелых ад стыхійнага няшчасьця.

У напаўпадпольным статусе Беларускі гуманітарны ліцэй апынуўся ў 2003 годзе, калі быў зьліквідаваны паводле распараджэньня Міністэрства адукацыі. Аднак адміністрацыя ўстановы вырашыла не распускаць калектыў, і цягам апошніх сямі гадоў падрыхтоўка ліцэістаў ажыцьцяўляецца паводле ўласнай праграмы. Выпускнікі ліцэю гэтага году працягнуць адукацыю ў Італіі, Нідэрляндах, Польшчы, Індыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG