Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івана Крука вінавацяць у паклёпе на чыноўніка


Іван Крук
Іван Крук
У Астраўцы пачалі разглядаць новую адміністрацыйную справу супраць актывіста апазыцыі Івана Крука. Яго вінавацяць ў паклёпе на чыноўніка з райвыканкаму.

На Івана Крука ў суд падаў кіраўнік справамі Астравецкага райвыканкаму Міхаіл Зімніцкі, які вінаваціць актывіста ў паклёпе на яго падчас выбарчай кампаніі.Тады Зімніцкі быў намесьнікам старшыні раённай выбарчай камісіі. Менавіта ён, са слоў Івана Крука, зрабіў усё, каб таго не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты раённага Савету.

У прыватнасьці, Іван Крук напісаў скаргу ў абласную камісію ад імя аднаго з выбарцаў Уладзімера Маскевіча, пад якой той падпісаўся. Скаржнік сьцьвярджаў, што Міхаіл Зімніцкі прымусіў яго адмовіцца ад подпісу, пастаўленага за вылучэньне ў кандыдаты Івана Крука.

Адтуль скарга вярнулася ў райвыканкам дзеля разбору на месцы. І тут, са слоў Івана Крука, Маскевіча выклікаў да сябе Зімніцкі і прымусіў адмовіцца ад скаргі, прыгразіўшы звальненьнем з працы.

Потым ужо сам Зімніцкі напісаў скаргу для ўзбуджэньня крымінальнай справы да Івана Крука за паклёп на яго ў скарзе. У пракуратуры адмовіліся заводзіць крымінальную справу, спаслаўшыся на тое, што паклёп з боку Крука разглядаецца ўпершыню, а не паўторна. Завялі адміністрацыйную справу.

Сёньня спадар Зімніцкі зь невядомых прычын у суд не зьявіўся. Іван Крук хадайнічаў некалькі разоў, каб у суд былі выкліканы дадаткова 13 сьведкаў, якія б маглі праясьніць сытуацыю, але яму адмовілі.

Я пацікавіўся ў Івана Крука — чаму адзіны сьведка, які заяўлены ў працэсе, па некалькі разоў зьмяняе свае паказаньні?

Крук: "Пагражалі яму, што будзе звольнены з працы, вось і падпісаў. Напісалі яму гэтыя людзі, а прачытаць не далі. Гэта наагул беззаконьне, ён жа павінен быў ведаць, пад чым падпісваўся. А калі я потым паказаў яму копію гэтага акту, ён мне сказаў, што нічога такога не было".

У зале суду знаходзіўся актывіст АГП Мікола Ўласевіч. Яго насьцярожвае тое, што заяўнік не зьявіўся ў суд, а таксама адмова судзьдзі задаволіць хадайніцтва аб выкліку 13 сьведак, якія маглі б праясьніць сытуацыю.

Уласевіч: "Гэта, па-сутнасьці, спроба заткнуць рот Круку за тое, што ён сказаў, што яны зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы, незаконна адмовілі яму ў праве выбірацца падчас выбарчай кампаніі. А гэта ўжо крымінальны артыкул".

Працэс працягнецца 6 ліпеня.

Нагадаю, што ў мінулым месяцы Іван Крук выйграў суд, у якім яго вінавацілі ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі падчас выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG