Як ужо перадавала Свабода, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка афіцыйна не абвясьціў пра заканчэньне сэсіі і ў залі не прагучаў дзяржаўны гімн Беларусі, як гэта звычайна робіцца ў падобных выпадках. Журналісты зьвярнулі на гэта ўвагу, але супрацоўнікі ўпраўленьня інфармацыі сказалі: можна сьмела пісаць, што сэсія завяршылася.
Карэспандэнт Свабоды бачыў на ўласныя вочы, як дэпутаты пакінулі Авальную залю. Аднак зьявіліся паведамленьні, што пасьля абеду дэпутаты нібыта зноў сабраліся і ўхвалілі тыя пагадненьні Мытнага кодэксу, якія да гэтага дня не былі ратыфікаваныя. Спраўдзіць гэтую інфармацыю пакуль складана, паколькі дэпутаты ня хочуць у тэлефонных размовах камэнтаваць гэтую сытуацыю.
Акрамя таго, сёньня ў Савеце рэспублікі адбылося чарговае паседжаньне. Частка яго прайшла ў закрытым рэжыме, куды журналісты не былі дапушчаныя. Усё гэта і дае падставу для розных інтэрпрэтацый падзеяў вакол Мытнага кодэксу.
Нагадаем, што першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка сёньня заявіў, што фармат удзелу Беларусі ў Мытным саюзе будзе абвешчаны 4-5 ліпеня.
Дэпутаты ня памятаюць, ці галасавалі па Мытным кодэксе
Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да двух дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і наўпрост пацікавіўся: ці адбылася ўсё ж сёньня ратыфікацыя Мытнага кодэксу Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану, як пра тое пачалі гаварыць у кулюарах? Адказ прагучаў як пад капірку: «Ня ведаю, запытайце ў прэсавай службы».
Пасьля гэтага я затэлефанаваў кіраўніку ўпраўленьня інфармацыйна- аналітычнай работы Палаты прадстаўнікоў Мікалаю Лісу. На маё аналягічнае пытаньне ён адказаў так: «Вы ж бачылі, што паседжаньне скончылася». А калі я нагадаў, што дэпутаты параілі зьвярнуцца менавіта да яго, спадар Ліс сказаў: «Ня ведаю, няхай яны самі адкажуць на гэтае пытаньне».
Крыніца: парлямэнт ратыфікаваў кодэкс Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам.
Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости» са спасылкай на ананімную крыніцу паведамляе, што Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікавала кодэкс Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам. Ніякіх падрабязнасьцяў не падаецца. Афіцыйныя крыніцы ратыфікацыю пакуль не пацьвярджаюць.