Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падзяліла Камароўскага і Качынскага


Пытаньне дачыненьняў Польшчы зь Беларусьсю стала часткаю нядзельных дэбатаў пераможцаў першага туру прэзыдэнцкіх выбараў – сьпікера Сэйму Браніслава Камароўскага і лідэра апазыцыйнай партыі “Права і справядлівасьць” Яраслава Качынскага.

Нягледзячы на тое, што перадвыбарчыя дэбаты адбываліся адначасова з матчам чэмпіянату сьвету па футболе, аказалася, што палітыкай цікавіцца значна болей палякаў, чым спортам – большасьць жыхароў краіны ўсё ж глядзела двубой Качынскага і Камароўскага.

“Дэбаты – гэта момант, у які кандыдаты павінны паказаць увесь свой палітычны досьвед і здольнасьці. Гэта вельмі цяжка. Цягам гадзіны кандыдаты мусяць паказаць свае палітычныя таленты”, – заявіў напярэдадні былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

Дэбаты, трансьляваныя трыма асноўнымі польскімі тэлеканаламі, былі падзеленыя на тры тэматычныя блёкі: эканоміка, грамадзкія праблемы, бясьпека і замежная палітыка.

Кандыдаты выказалі сярод іншага сваё стаўленьне да польскай вайсковай місіі ў Аўганістане, неабходнасьці павышэньня пэнсійнага ўзросту, дачыненьняў паміж дзяржавай і царквой, але таксама і да пытаньня дачыненьняў зь Беларусьсю, беручы пад увагу сытуацыю польскай меншасьці.

На пытаньне, якую палітыку ў дачыненьнях зь Менскам абраў бы кожны з кандыдатаў – паступовага дыялёгу ці націску, Яраслаў Качынскі адказаў:

Яраслаў Качынскі
“Беларусь – гэта вельмі цяжкая праблема, бо спрабавалі адну палітыку, прынесла яна невялікія вынікі, другую – таксама нязначныя. Патрэбны сынтэз гэтых абодвух мэтадаў, але ні ў якім разе нельга прымаць рашэньні, якія могуць стварыць уражаньне, што цьвёрдая пазыцыя беларускага боку ацэньваецца палякамі як эфэктыўная форма націску”.

Спадар Качынскі заявіў таксама, што пра сытуацыю ў Беларусі варта размаўляць таксама з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым, які прыняў запрашэньне наведаць Польшчу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

З такім падыходам рашуча не пагадзіўся Браніслаў Камароўскі:

Браніслаў Камароўскі
“Але такой палітычнай ідэі яшчэ не было! Каб з Масквою размаўляць пра Беларусь! Я катэгарычна супраць! Гэта абсалютна супярэчыць польскім нацыянальным інтарэсам і не прынятае ў міжнароднай палітыцы. Гэта тое самае, як бы беларусы пра польскія справы з Расеяй размаўлялі або з Бэрлінам. Я ня згодны. Гэта па-першае. Па-другое, Беларусь – гэта рэальная праблема. Польшча мае ўсё большы ўплыў на ўсходнюю палітыку Эўразьвязу і павінна рабіць так, каб Эўропа мацнейшым голасам прамаўляла ў кантактах з прэзыдэнтам Лукашэнкам. І па-трэцяе, Польшча павінна падтрымліваць ня толькі польскія недзяржаўныя арганізацыі ў Беларусі, але і іншыя, бо зь іх складаецца дэмакратычнае грамадзтва”.

Між тым ключавым застаецца пытаньне, каго падтрымае Гжэгаж Напяральскі, кандыдат ад левых сілаў, які ў першым туры заняў трэцяе мейсца.

“Я хачу перадусім даведацца, як разьвіцьцё Польшчы бачаць асноўныя кандыдаты, што яны скажуць. Дагэтуль такой магчымасьці практычна не было, і я спадзяюся, што дыскусія будзе зьмястоўная”, – заявіў Гжэгаж Напяральскі, паабяцаўшы абвясьціць сваё рашэньне ўжо ў панядзелак.

На сёньняшні дзень у перадвыбарчых апытаньнях перамагае Камароўскі, аднак ягоная перавага не настолькі вялікая, каб казаць, што пераможа менавіта сьпікер Сэйму.

Галасаваньне ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы адбудзецца 4 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG