Радыё Свабода яна аддала больш як сорак гадоў. А незадоўга да свайго васьмідзесяцігодзьдзя навучылася працаваць на кампутары і напісала ўспаміны свайго жыцьця.
Галіна Руднік (да замужжа Ганчарэнка) нарадзілася ў 1930-м годзе ў Бабруйску. У 8 гадоў з-за сталінскіх рэпрэсіяў засталася без бацькоў, на выхаваньне яе забрала ў Менск родная цётка, студэнтка кансэрваторыі. Галіна ў сваіх успамінах прызнаецца, што зайздросьціла дачцэ Сталіна, што хоць у тае мамы не забяруць. Праз шмат гадоў сама Сьвятлана Алілуева выбрала Галіну, каб тая чытала ў эфір яе нашумелую кнігу “Дваццаць лістоў сябру”.
Юная Галіна выратавала жыцьцё паэтцы Натальлі Арсеньневай пад бамбёжкай у Бэрліне. Кампазытар Мікола Равэнскі, адчуўшы сябе дрэнна ў часе літургіі ў царкве пры лягеры ўцекачоў, даверыў ёй замест сябе кіраваць царкоўным хорам. Гэтая жанчына пазнаёміла ў Нью-Ёрку бацькоў Данчыка – Юлю і Паўла.
Слухачы старэйшага пакаленьня могуць памятаць непаўторны голас Галіны Руднік, якая выступала перад мікрафонам таксама па-ўкраінску і па-расейску. У гэтыя дні на хвалях "Свабоды", а таксама ў інтэрнэце можна слухаць прэм’еру кнігі ўспамінаў Галіны Руднік “Птушкі пералётныя”. У заўтрашняй перадачы – пра тое, пад якую рызыку падпадалі супрацоўнікі радыё ў Мюнхэне.