Дэлегаты кангрэсу беларусістаў выступалі перад калегамі з вынікамі сваіх апошніх дасьледаваньняў, а некаторыя прадставілі і новыя публікацыі.
Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр правёў у рамках кангрэсу прэзэнтацыю перакладу на беларускую мову сваёй кнігі «Рэканструкцыя нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 1569-1999». Гаворыць аўтар:
«Цягам XIX стагодзьдзя на тэрыторыі даўняй польска-літоўскай Рэчы Паспалітай само паняцьце нацыі зьмянілася. Нацыя стала ўжо не элітарнай, а масавай. Калі зазірнуць глыбей, то мы пабачым не працяг існаваньня адзінай старой польскай нацыі, але, хутчэй, паўставаньне некалькіх новых нацыяў, у тым ліку і польскай нацыі, якая тварылася нанава і паўставалі новыя нацыі: беларуская, літоўская, украінская».
Ангельскі дасьледчык літаратуры Арнольд Макмілін рэклямаваў на кангрэсе свой фундамэнтальны том па гісторыі беларускай літаратуры ад 1970-х гадоў да сучаснасьці. Том мае 1100 старонак, выйшаў накладам 500 экзэмпляраў, у Англіі ён каштуе 75 фунтаў. Спадар Макмілін назваў кнігу даробкам усяго свайго жыцьця. У аўтара даволі аптымістычны погляд на сучасную беларускую літаратуру:
«Таму што я чытаю шмат кніг… Асабіста я цаню маладога празаіка Альгерда Бахарэвіча, ёсьць таксама вельмі добрыя маладыя паэткі, Барадулін — першаклясны паэт без агаворак. Але калі яго прапанавалі на Нобэлеўскую прэмію, было відаць, што гэта немагчыма, бо былі дрэнныя, аматарскія пераклады на ангельскую мову».
Найбольшая дэлегацыя беларусістаў на кангрэсе прадстаўляла Польшчу. Адзін з дэлегатаў, доктар філялёгіі з Варшавы Аляксандар Баршчэўскі кажа, што ў Польшчы зьяўляюцца і маладыя навукоўцы, якія цікавяцца беларушчынай, выходзяць кнігі:
«Вельмі многія асяродкі, між іншым і катэдра беларускай мовы Варшаўскага ўнівэрсытэту, сыстэматычна выдаюць зборнік «Acta Albaruthenica», вось выйшаў дзясяты том. Выдаюць такую літаратуру таксама Ольштын, Люблін, так што беларусазнаўчыя навуковыя кнігі ў Польшчы выходзяць. У нас існуюць катэдры беларускай філялёгіі або беларусазнаўства і ў Варшаве, ужо больш як 54 гады, і ў Беластоку, і ў Любліне. Цяпер на катэдры беларускай мовы прыходзяць палякі, карэнныя, якія раней увогуле ня чулі беларускай мовы, яны вывучаюць і гісторыю, і культуру Беларусі».
Літоўская дасьледчыца Альма Лапінскене ўзначальвае літоўскую асацыяцыю беларусістаў ад пачатку 90-х гадоў:
«У 1990-91 годзе беларусістыка ў Літве была на ўздыме, як і ўсюды, было шмат энтузіязму. Сёньня ўжо цяжкавата. Я ўжо столькі гадоў старшыня, і я так хачу перадаць каму-небудзь гэтую пасаду — і няма каму перадаць. Таму што ўсе вельмі занятыя, ува ўсіх таксама шмат пасад і працы. Але мы стараемся, зьбіраемся хаця б два разы на год, нешта робім, арганізуем канфэрэнцыі, адзначаем юбілеі. Ёсьць гэтая праца, але таго энтузіязму, які быў напачатку, ужо я ня бачу. На жаль».
Альма Лапінскене днямі брала ўдзел ва ўганараваньні паэта Алеся Разанава ў ЭГУ. Яна перакладала на літоўскую мову ягоны апошні зборнік паэзіі, які выйшаў у Літве, а цяпер працуе над перакладам кніг вэрсэтаў і пункціраў Разанава.
Кіеўскі гісторык Юры Мыцык год таму выдаў зборнік прац з гісторыі Беларусі з XV да XX стагодзьдзя, сярод іншага ён публікаваў лісты Вацлава Ластоўскага да Міхайлы Грушэўскага. Прафэсар Мыцык рыхтуе яшчэ адзін том такіх прац:
«Украінскую гісторыю вельмі цяжка пазнаць безь беларускай, а беларускую — без украінскай. Нас гэта стымулюе, і вам гэта патрэбна. Па-другое, у нас паміж сабою няма ніякіх канфліктаў на ўзроўні дзяржаўным, у нас няма такіх рахункаў, як з Польшчай ці з Расеяй, калёніяй якой мы былі доўгі час. І гэта адкрывае шырокія пэрспэктывы. Урады і прэзыдэнты адыходзяць, а народы застаюцца, і нам трэба быць добрымі сябрамі».
Ва Ўкраіне зьяўляецца ўсё больш беларусістаў, у тым ліку сярод філёлягаў і гісторыкаў, сьведчыць спадар Мыцык.
Філёляг Кляўдыя Гуртыг зь Ляйпцыгу ў суаўтарстве з Тацянай Рамзай апублікавала граматыку беларускай мовы для нямецкіх студэнтаў:
«Я сама выкладаю ў Ляйпцыгу беларускую мову, у нас ёсьць аддзяленьне ўсходнеславянскіх моваў, і там трэба ўсім студэнтам вывучаць і ўкраінскую, і расейскую, і беларускую мовы. На беларускую мову пакуль меней ахвотных, але кожны сэмэстар ёсьць 5-6 чалавек, якія цікавяцца і з задавальненьнем ходзяць на заняткі».
Гісторык з Расеі Мікола Нікалаеў рэгулярна выдае «Беларускі зборнік» і ўзначальвае Санкт-пецярбурскую асацыяцыю беларусістаў:
«Галоўным вынікам працы суполкі зьяўляецца канфэрэнцыя «Санкт-Пецярбург і беларуская культура», якая адбываецца раз на год. Прайшло ўжо 17 такіх канфэрэнцый, і мы выдалі 4 зборнікі артыкулаў. Гэта якраз вынікі дасьледаваньняў, якія перш за ўсё датычаць Пецярбургу як сталіцы імпэрыі і беларускай тэматыкі. У мяне мінулы год быў плённы. Выйшлі адразу 4 кнігі. Так рэдка бывае. Сярод іншага выйшла кніга, якая называецца «Беларускі Пецярбург» — біяграмы беларусаў, якія жылі там ад часу заснаваньня гораду, ад Пятра Першага, да сёньня. Гэта разбурыла ў мяне самога стэрэатып уяўленьня пра беларусаў як пра сялянскую нацыю. Інтэлігенцыя ўцякала ў сталіцу, і паводле колькасьці жыхароў-беларусаў Пецярбург быў большы, чым любы беларускі горад у XIX стагодзьдзі».
На кангрэсе беларусістаў Мікола Нікалаеў рабіў даклад пра беларускамоўныя вайсковыя кнігі 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, якія захаваліся ў архівах Пецярбургу.
Некаторыя навукоўцы свой прыезд на кангрэс у Беларусь выкарысталі ня толькі для кантактаў з калегамі, але і для экспэдыцыі. У Лідзкім раёне перад кангрэсам папрацавала этнограф з Варшавы Анна Энгелькінг:
«Я там бывала і раней, і 15 гадоў таму, і 10. Што я там бачу? Бачу працэс пераменаў. У беларускую вёску прыходзяць розныя цікавыя навацыі, ужо ўсе бабулькі гавораць па мабільных тэлефонах, а пакаленьне 30-40-гадовых мае кампутары і доступ у інтэрнэт. Складаецца такое ўражаньне, што вёска ў вялікай ступені далучана да агульнай інфармацыйнай прасторы ў краіне».
Паводле Анны Энгелькінг з Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, у лідзкіх вёсках беларускія гаворкі захоўваюцца, яны не выціскаюцца расейскай мовай. Спадарыня Энгелькінг цяпер працуе над кнігай з рабочай назвай: «Калхозьнікі. Антрапалёгія тоеснасьці беларускай вёскі на пераломе XX і XXI стагодзьдзяў».