Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баяцца праўды? Ня хочуць праўды?


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Сёньня лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" паэт Уладзімер Някляеў накіраваўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб перадаць каля 50 найбольш балючых і вострых зваротаў грамадзянаў. Далей за прыёмную спадара Някляева не пусьцілі і паштоўкі не прынялі.

Кожная акцыя кампаніі "Гавары праўду" ад самага пачатку суправаджалася супрацівам уладаў: затрымлівалі валантэраў, нішчылі друкаваную прадукцыю, паштоўкі са зваротамі грамадзянаў не даходзілі да ўладаў. Лідэр кампаніі паэт Уладзімер Някляеў распавёў:
Мы што, выходзіць, за праўду, а ўсе сілавыя структуры, міліцыя, дзяржаўныя структуры супраць праўды? ...

"Паўсюль, дзе народ спрабуе напісаць прэзыдэнту праўду, чыняцца перашкоды. У Барысаве я зайшоў на пошту, і гэта так трэба людзей запалохаць, што яны, паштары, звычайныя жанчыны, адварочваючыся ўбок, казалі: "Ведаеце, Уладзімер Пракопавіч, ня шлюць людзі, не было ў нас ніводнай паштоўкі!" Чыняцца перашкоды ў тым ліку і структурамі сілавымі: міліцыяй, КДБ. Мы што, выходзіць, за праўду, а ўсе сілавыя структуры, міліцыя, дзяржаўныя структуры супраць праўды? Дык каму яны тады служаць? У такіх выпадках людзі ня вераць, што набалелая, змучаная праўда дойдзе да ўлады, і просяць на ўсіх сустрэчах, каб я перадаў паштоўкі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю".

Пасьля пільнай праверкі дакумэнтаў і дагляду спадара Някляева прапусьцілі толькі ў прыёмную. Загадчык прыёмнай Пётар Катушкін, спасылаючыся на Закон аб зваротах грамадзянаў, паведаміў, што ў Адміністрацыю прэзыдэнта можна зьвяртацца толькі асабіста альбо маючы даверанасьць ад таго, хто сам зьвярнуцца ня можа. Чыноўнік адмовіўся прыняць паштоўкі. Уладзімер Някляеў напісаў заяву на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сытуацыі і зрабіць так, каб паштоўкі прымалі ў прыёмнай адміністрацыі прэзыдэнта. Спадар Някляеў распавёў пра свае далейшыя дзеяньні:

"Мы паедзем з гэтымі паштоўкамі туды, дзе людзі іх пісалі, я скажу, што я хадзіў у адміністрацыю, усё, як было, распавяду, і гэтыя ж паштоўкі мы адашлем заказнымі лістамі, каб былі квіткі з пошты. Начальнік прыёмнай параіў менавіта так даслаць гэтыя паштоўкі".

У гэты ж час група маладых людзей спрабавала перадаць паштоўкі і кіраўніцтву Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. У будынак моладзь так і не пусьцілі, але пасьля таго, як яны заявілі пра намер ісьці ў Адміністрацыю прэзыдэнта, паштоўкі прынялі.

Кіраўнік моладзевай фракцыі АГП Міхась Пашкевіч кажа:

Міхась Пашкевіч
"Мы лічым, што дзякуючы паразуменьню з супрацоўнікамі міліцыі акцыя ў нас атрымалася. Мы перадалі паштоўкі па адрасе, і я спадзяюся, што яны дойдуць. Але галоўнае — паглядзім, што будуць за адказы. Перадусім, я вельмі сумняюся, што хаця б на адно з гэтых 42 пытаньняў, якія былі перададзеныя сёньня ў ЦК БРСМ, людзі атрымаюць адказ".

Карэспандэнтка: "А хто ў вас прыняў гэтыя паштоўкі?"

"У нас прыняў іх загадчык гаспадаркі ЦК БРСМ. Перадусім, ні сакратар ЦК, ніводзін чалавек зь іх кіраўніцтва не пажадаў да нас спусьціцца. Чаму гэтыя людзі баяцца, я ня ведаю".

З усіх паштовак са скаргамі і зваротамі грамадзянаў зьнятыя копіі, і актывісты кампаніі маюць намер прасачыць, ці будуць дадзеныя адказы і зробленыя захады дзеля выпраўленьня сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG