Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія трансплянтолягі рыхтуюцца перасадзіць адразу 7 органаў


Сёньня ў нядаўна адкрытым Рэспубліканскім цэнтры трансплянтацыі органаў і тканак пасьпяхова праведзена ўжо другая апэрацыя па перасадцы печані і праводзяцца дзьве апэрацыі па перасадцы нырак ад аднаго донара. Першая апэрацыя была праведзена ў новым будынку 5 студзеня, а сёньня сучасны Цэнтар паказалі журналістам.


Чатыры гады будаваўся Цэнтар трансплянтацыі, выканана рэканструкцыя і пераабсталяваньне двух карпусоў 9-га гарадзкога клінічнага шпіталя. Тут будуць праводзіцца апэрацыі па перасадцы печані, нырак, касьцявога мозгу, падстраўнікавай залозы і мультывісцэральных комплексаў. Перасадку сэрца па-ранейшаму будуць выконваць у кардыялягічным цэнтры.

Валер Кушнірэнка
Галоўны ўрач 9-га гарадзкога клінічнага шпіталя Валер Кушнірэнка распавёў:

«Агульны кошт рэканструкцыі гэтых двух карпусоў на 1 студзеня 2010 году складае 106 мільярдаў, зь іх — на сучаснае абсталяваньне выдаткавана 68 мільярдаў, 38 — на будаўніча-мантажныя працы».

Абсталяваньне — самае сучаснае. Яно дазваляе, сярод іншага, праводзіць відэаканфэрэнцыі, кансультацыі са спэцыялістамі іншых краінаў і кантынэнтаў у рэжыме онлайн. 19 спэцыялістаў цэнтру прайшлі стажыроўку ў найлепшых клініках сьвету. На бліжэйшы час у новым цэнтры заплянаваная ўнікальная апэрацыя, падчас якой жанчыне будзе перасаджана адразу 7 органаў. І хоць асноўныя праблемы вырашаны — ёсьць Закон аб донарстве, Цэнтар пабудаваны, створана спэцыяльная структура, каб забіраць донарскія органы, лёгка ня будзе, разумее прафэсар Валер Кушнірэнка:

«Праблемы, натуральна, будуць. І, хутчэй за ўсё, будуць праблемы фінансаваньня. Высокатэхналягічная мэдыцына патрабуе вялікай колькасьці грошай. Так ва ўсім сьвеце».

Апэрацыі па трансплянтацыі органаў і тканак для грамадзянаў Беларусі бясплатныя. Але можна зарабляць на замежніках, кажа кіраўнік Цэнтру Алег Румо:

Алег Румо расказвае пра абсталяваньне цэнтру.
«Гэта магчымасьць, па-першае, паказаць сваю мэдычную магутнасьць у разьвіцьці спэцыялізаванай дапамогі. З другога боку, гэта магчымасьць зарабіць грошы, што таксама немалаважна. Ну, і з трэцяга боку, паколькі працэнт такіх пацыентаў зусім невялікі, гэта не акажа істотнага ўплыву на колькасьць апэрацыяў сваім грамадзянам. Выканаўшы апэрацыю адну замежніку, мы можам атрымаць сродкі і зрабіць на 2-3 апэрацыі больш сваім грамадзянам».

У Беларусі больш за 2,5 тысячы хворых на цыроз печані, яшчэ каля тысячы хварэюць на рак гэтага органу, маюць прыроджаныя захворваньні печані. Натуральна, усе ў апэрацыях ня маюць патрэбы. Але на сёньня ў так званым «лісьце чаканьня» на перасадку печані знаходзіцца каля 80 чалавек, сэрца — 50. Дарэчы, першую перасадку печані ў Беларусі зрабілі роўна 2 гады таму. 43-гадовы былы вайсковец Васіль Бодзю — саракавы беларускі пацыент, які прайшоў праз гэтую апэрацыю. Ён ужо знаходзіцца ў звычайнай палаце:

Васіль Бодзю
«Апэрацыя была зроблена 19 сакавіка па трансплянтацыі печані. Нармальна сябе адчуваю».

Але пасьля складанай апэрацыі патрэбна рэабілітацыя, якасны ўзровень жыцьця. З пункту гледжаньня мэдыцыны ў людзей праблем няма: усе лекі бясплатныя, кансультацыі спэцыялістаў штомесяц. Але ў некаторых пацыентаў — складаныя бытавыя ўмовы. Натальля Радкевіч з Клецку, якой першай у Беларусі перасадзілі сэрца, жыве ў Клецку ў доме без выгодаў, зь сям’ёй 4 чалавекі ў адным пакоі. Натуральна, гэта ўжо праблемы ня мэдыкаў... Кіраўнік Цэнтру Алег Румо выказаў такое меркаваньне:

«Канечне, я лічу, што сацыяльныя пытаньні павінны быць вырашаныя. Але, я думаю, гэта пытаньні да мясцовых органаў улады. Я спадзяюся, жыльлёвае пытаньне ў гэтай сям’і будзе вырашана бліжэйшым часам. Зразумела, што ня ўсе нашы пацыенты маюць добрыя ўмовы жыцьця, побыту, працы. Але яны цэняць тое, што маюць значна больш, таму што яны маюць магчымасьць жыць».

У новым цэнтры трансплянталёгіі.
Алег Румо распавёў пра магчымасьці Цэнтру трансплянтацыі:

«Па печані — парадку 100-150 апэрацый на год, па нырках — 250-350, па перасадцы сэрца — 50-70, па перасадцы падстраўнікавай залозы — 30. Але гэта — у ідэале. Гэта калі, па-першае, у нас будзе дастаткова органаў, па-другое, калі мы зможам гэта арганізацыйна і фінансава вырашыць. Калі мы будзем выконваць такую колькасьць апэрацыяў, мы будзем на ўзроўні ЗША, Францыі, Нямеччыны».

І яшчэ некалькі лічбаў: за мінулы год у Нямеччыне зроблена 1066 трансплянтацыяў печані, у Расеі — 89, у Беларусі — 25. У Расеі 7 трансплянтацыйных цэнтраў, у Беларусі — адзін. Калі гэта пералічыць на мільён жыхароў, то ў Нямеччыне атрымліваецца 12 трансплянтацый на 1 мільён, у Расеі — 0,6, а ў Беларусі — 2,66.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG