У беларуска-літоўскім фэстывалі штогод удзельнічаюць дзясяткі гуртоў і музыкаў, перадусім зь Літвы і Беларусі. Адной з асаблівасьцяў сёлетняга сьвята — пашырэньне геаграфіі краін-удзельніц, кажа адзін з арганізатараў з боку Літвы Гедрус Клімкявічус:
«Як у мінулыя гады, так і сёлета фэстываль разьвіваецца як творчая імпрэза. Таму мы вельмі сур’ёзна адбіралі ўдзельнікаў. І вельмі радыя, што здолелі запрасіць вельмі вядомыя гурты з розных краін».
Арганізатары паведамілі, што каб атрымаць літоўскую візу, уладальнікам квіткоў сёлета неабходна зарэгістравацца на інтэрнэт-сайце «Лінія гуку». Квіткі на фэстывальныя канцэрты ўжо паступілі ў продаж у Беларусі, але каштуюць 250 тысяч, што значна даражэй, чым летась. Самі візы амбасада Літвы па-ранейшаму будзе выдаваць бясплатна, але працэдура будзе больш складаная з прычыны новага візавага кодэксу Эўразьвязу, паведаміў амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас:
«Канечне, крыху ўскладненьне будзе такое, што працэдура ня будзе такая, як летась: вы паказваеце квіток і адразу атрымоўваеце візу. Бо мы павінны адпавядаць шэнгенскім правілам і новаму шэнгенскаму кодэксу».
«Be2gether» на сёньня — адзін з найбуйнейшых фэстываляў музыкі і мастацтва Балтыі, вельмі папулярны ён і ў Беларусі. Арганізатары спадзяюцца, што папулярных музыкаў з Украіны, Расеі, Ангельшчыны, Нарвэгіі і іншых краін неўзабаве здолеюць пабачыць і пачуць гледачы абапал беларуска-літоўскай мяжы. Але пакуль збудаваць такую сцэну магчымасьці няма, кажа Гедрус Клімкявічус:
«Такая ідэя ёсьць. Я спадзяюся, што некалі гэты фэстываль пройдзе па абодва бакі нашых краін, якія ёсьць адной зямлёй. Але сёньня гэта зрабіць тэхнічна немагчыма з-за мяжы. Я б сказаў, што гэта праблема эўрапейска-беларускіх адносінаў. Шэнгенскія і беларускія законы пакуль не дазваляюць нам зрабіць фэстываль на абедзьвюх сцэнах».
Сёлетні чацьвёрты беларуска-літоўскі фэстываль «Be2gether» пройдзе пад лёзунгам «Музыка адкрывае межы».