Што для вас свабода?
Свабода для мяне — жыць у свабоднай краіне, рабіць тое, што мне хочацца, і бываць там, дзе мне хочацца.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Рэжым Лукашэнкі.
Што для вас шчасьце?
Нічога не рабіць.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Стаць старым і нямоглым.
Які талент вы хацелі б мець?
Сьвістаць так, каб вушы закладала.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Алесем Разанавым.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Па вялікім рахунку — нічога, але вывучыў бы ангельскую і гішпанскую мовы.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Трымай язык за зубамі.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Як будзе, так і будзе.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Пры капіталізьме кшталту французскага ці нямецкага.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У гэтую, у каторай жыву.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Выдаў бы які-небудзь указ.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Беларусь павінна стаць сябрам Эўразьвязу.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія, але быць вельмі і вельмі асьцярожнымі і ня ўлазіць ні ў якія сумесныя геапалітычныя праекты.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Не, мяне гэта не задавальняе.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі-небудзь дый зьменіцца.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Як зьменіцца ўлада, дык з той хвіліны гадоў праз дваццаць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будзе крыўдна, але сьвет не абрынецца, “шмат было такіх народаў” — пісаў адзін наш клясык.