Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці далучыцца калі-небудзь Беларусь да Балёнскага працэсу?


Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт
Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт

Наколькі сыстэма вышэйшай адукацыі Беларусі адпавядае эўрапэйскім стандартам? Чаму Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не далучылася да гэтак званага Балёнскага працэсу, які мае выпрацаваць агульныя стандарты вышэйшай адукацыі ў Эўропе?

З канца 1990-х у Эўропе пачаўся працэс стварэньня адзінае прасторы вышэйшае адукацыі. Менавіта ў 1999 годзе ў Балёні была зацьверджаная 29 міністрамі адукацыі і прадстаўнікамі ўнівэрсытэтаў дэклярацыя, у якой прапісаная мэта — да 2010 году стварыць агульнаэўрапейскую прастору вышэйшае адукацыі. Да працэсу рэфармаваньня адукацыі згодна з стандартамі балёнскага працэсу Беларусь пакуль не далучылася. Хаця спробы былі гадоў 10 таму, калі намесьнікам міністра адукацыі, а потым рэктарам БДУ быў Аляксандар Казулін. У 2004 годзе была прынятая нават адпаведная пастанова Савета Міністраў. Але працэс затармазіўся.

Былы прарэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў лічыць, што з кожным годам ад Балёнскага працэсу Беларусь аддаляецца:

Уладзімер Дунаеў
«Думаю вельмі далёкая, далей, чым яна была 5 гадоў таму. Па архітэктуры, па зьмесьце, па асноўных акадэмічных імпэратывах — такім жыцьці ўнівэрсытэцкім. Па ўсіх гэтых парамэтрах далёкая. Больш за тое — усё далей і далей...»

Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Палаты прадстаўнікоў Ўладзімер Здановіч прытрымліваецца іншага меркаваньня:

Уладзімер Здановіч
«Калі паглядзець фармальна, то даўно знаходзімся ў гэтым самым Балёнскім працэсе, толькі некалькі па-свойму. Дзьве ступені вышэйшай адукацыі ў нас даўно ёсьць: гэта спэцыяліст і магістратура. Што тычыцца мабільнасьці студэнтаў і выкладчыкаў — такая мабільнасьць таксама існуе. Але яна існуе ў рамках міжнародных пагадненьняў, у прыватнасьці, абмену студэнтамі і выкладчыкамі. Адзіная ўмова і адзінае адрозьненьне (гэта патрабаваньне да ўсіх) — абавязак вярнуцца назад. Што тычыцца акадэмічных свабодаў ды іншага — дык яны таксама ў нас ёсьць».

Прафэсар Уладзімер Дунаеў наконт двухузроўневай сыстэмы падрыхтоўкі спэцыялістаў цалкам ня згодны з Уладзімерам Здановічам:

«Па-першае, ніякіх бакаляўраў няма, ёсьць спэцыялісты. Другая ступень — магістар — таксама ня мае ніякага дачыненьня да таго, што зьяўляецца гэтай другой акадэмічнай ступенью ў Балёнскім працэсе. Таму што наш магістар — гэта прамежкавая ступень у падрыхтоўцы навуковых кадраў, то бок асьпірантура».

У лютым 2010 года міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў паведаміў на калегіі міністэрства, што яно прадставіла ў Адміністрацыю прэзыдэнта афіцыйны дакумэнт па ўваходжаньні ў Балёнскі працэс і будзе актыўна працаваць, каб да яго далучыцца.

Выкладчык Беларускага ўнівэрсытэту культуры дацэнт Алег Трусаў перакананы, што ўсё залежыць ад волі вышэйшага кіраўніцтва краіны:

Алег Трусаў
«Я лічу, што ўсё залежыць ад Адміністрацыі прэзыдэнта, перш-наперш ад самога кіраўніка дзяржавы. І мне здаецца, што зараз у мэтах паляпшэньня адносінаў з Захадам трэба тэрмінова прыняць дакумэнт, у якім расьпісаць усе стадыі далучэньня да Балёнскага працэсу. Калі мы хочам быць дзяржавай, спэцыялісты якой цэняцца ва ўсім сьвеце».

Балёнскі працэс складаецца з 10 асобных кірункаў. І двухузроўневая сыстэма навучаньня (бакаляўр/магістар) — не самае галоўнае.

Найбольш важныя сярод складнікаў:

  • Стварэньне сыстэмы ацэнкі ведаў студэнтаў, якая была б зручнай для ўсіх ВНУ з розных краін. Гэта так званыя «крэдыты»;
  • Мабільнасьць. Студэнты, выкладчыкі й маладыя спэцыялісты могуць бесьперашкодна перамяшчацца з адной краіны ў іншую. Так, можна вучыцца ў любой краіне і потым самому выбіраць месца працы ў любой краіне Эўропы;
  • Кантроль якасьці адукацыі. Распрацоўваюцца пэўныя стандарты й структуры, якія б рэглямэнтавалі і кантралявалі высокую якасьць эўрапейскай адукацыі;
  • Акадэмічныя свабоды.

Студэнтка-другакурсьніца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Кацярына Сьцяпанава лічыць, што беларуская мадэль істотна адрозьніваецца ад эўрапейскай адукацыйнай сыстэмы:

«На маю думку, Балёнскі працэс аказаў значна больш уплыву на эўрапейскія ВНУ, бо ў нас навучаньне праходзіць больш самастойна, у нас роля выкладчыка ня столь значная, бо ён адыгрывае ролю проста мэдыюму, які проста суправаджае ў працэсе пошуку ведаў, і ня столькі пытаецца, кантралюе, як у беларускіх ВНУ, дзе вельмі шмат залежыць ад волі настаўніка, ад яго нават настрою. Больш таго, мы нашмат больш часу прысьвячаем самастойнай працы, чытаем розныя тэксты. Я ўжо нават не кажу пра ўзровень гэтых сур’ёзных тэкстаў, больш акадэмічных, усясьветна вядомых аўтараў чытаем. Пра такое ў беларускай сыстэме навучаньня ня можа быць нават і размовы».

Прафэсар Уладзімер Дунаеў перакананы:

Фармальна мы туды не ўступілі і, мабыць, ужо ня будзем уступаць па той прычыне, што, наколькі мне вядома, у найбліжэйшы час гэты Балёнскі працэс у тым выглядзе, і тыя задачы, якія ён перад сабой ставіў, ужо будуць выкананыя.
«Самае галоўнае — гэта імпэратывы акадэмічнага жыцьця. Прынцыпы ўнівэрсытэцкай аўтаноміі і акадэмічныя свабоды. Бяз гэтага Балёнскай мадэлі быць ня можа. У нас у 2009 годзе з Закону аб адукацыі прыбраны 34 артыкул, які якраз і прысьвечаны акадэмічным свабодам і ўнівэрсытэцкай аўтаноміі. У Адукацыйным кодэксе, які рыхтуецца, яшчэ горш: там нават намёку няма на ўсё гэта».

Старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Ўладзімер Здановіч выказаў асабістае меркаваньне, што паколькі ў самой Балёнскай дэклярацыі прапісаная мэта — да 2010 году стварыць агульнаэўрапейскую прастору вышэйшае адукацыі, то, магчыма, Беларусі ўжо няма куды сьпяшацца:

«Фармальна мы туды не ўступілі і, мабыць, ужо ня будзем уступаць па той прычыне, што, наколькі мне вядома, у найбліжэйшы час гэты Балёнскі працэс у тым выглядзе, і тыя задачы, якія ён перад сабой ставіў, ужо будуць выкананыя, і пачнецца нейкі іншы этап у яднаньні адукацыйных сыстэм на тэрыторыі Эўропы».

У Беларусі бясконца ідуць спробы рэфармаваньня сыстэмы адукацыі. Рэформу па пераводзе школы на дванаццацігодку да канца так і не давялі, абвясьціўшы яе правальнай. Зноў вярнуліся да 11-гадовага навучаньня ў школе. Зараз вырашылі, што зноў неабходна рэфармаваньне адукацыі, і Беларусь будзе працаваць над уключэньнем у Балёнскі працэс. У прыняты ў 2007 годзе Закон аб адукацыі ўносяцца папраўкі, а зараз у парлямэнце рыхтуецца да прыняцьця ў другім чытаньне Адукацыйны кодэкс. Няма канца рэформам...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG