Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разагнаная трэцяя за месяц акцыя апазыцыі


Спэцназаўцы разагналі акцыю салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы. Людзей затрымлівалі прэвэнтыўна яшчэ на падыходах да плошчы. Спэцназаўцы перашкаджалі журналістам рабіць фотаздымкі. У міліцыю Цэнтральнага раёну Менску трапілі 19 чалавек. Праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Трэцяя па ліку ў лютым акцыя апазыцыі была разагнаная спэцназаўцамі. Людзей закідвалі ў аўтобусы, прывозілі ў міліцыю, але адпускалі без складаньня пратаколаў.

А 6-й вечара некалькі дзесяткаў спэцназаўцаў атачылі Кастрычніцкую плошчу. Большасьць зь іх сканцэнтравалася каля выхадаў з мэтро. Як толькі маладыя людзі зьяўляліся на плошчы, да іх кідаліся некалькі спэцназаўцаў і патрабавалі паказаць ім пашпарт.

Літаральна празь некалькі сэкундаў яны цягнулі чарговага актывіста ў пастарунак міліцыі менскага мэтрапалітэну.

Адзін з удзельнікаў: «Я ішоў на акцыю, дык мяне не прапусьцілі. З трох бакоў спрабаваў прайсьці. Кажуць: „Пайшоў адсюль!“. Я казаў, што чакаю сваю дзяўчыну, а яны мне: „Потым пачакаеш хвілінаў праз 15!“».

Некалькі чалавек паспрабавалі стаць з партрэтамі палітвязьняў і расьцяжкай на польскай мове: «За нашу і вашу вольнасьць!» На іх наваліліся міліцыянты і адразу адабралі ўсё, што было ў руках.

Як толькі лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч зьвярнуўся да прысутных, да яго падбеглі двое міліцыянтаў і пачалі праз мэгафон зачытваць новы артыкул Адміністрацыйнага кодэксу наконт расьпіцьця алькаголю на працоўным месцы, які пачне дзейнічаць ад 23 лютага.

Гэта выклікала рогат мінакоў.

Фінькевіч: «Сёньня беларускі рэжым чарговы раз паказаў на што ён здольны. Ён паказаў, што мірныя масавыя мерапрыемствы ў Беларусі адбывацца ня могуць, што людзі, якія выказваюць сваю салідарнасьць, парушаюць закон. Але тым ня менш яны затрымліваюцца, яны зьбіваюцца, партрэты зьняволеных і палітыкаў вырываюцца з рук. Не даюць працаваць прэсе. Парушаюцца правы меншасьцяў».

Спэцназаўцы атрымалі загад ад свайго кіраўніцтва не даваць рабіць здымкі журналістам. Як толькі яны бачылі камэру ў руках, то па двое і трое чалавек абкружалі карэспандэнта. Часам спрабавалі біць па камэры. Журналісты прыгадалі міліцэйскім кіраўнікам, што міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў падчас прэсавай канфэрэнцыі запэўніваў, што карэспандэнтам ня будуць замінаць працаваць падчас акцый. Але не атрымалі на гэта адказу.

Артур Фінькевіч і Яўген Афнагель у міліцэйскім аўтобусе.
Фотакарэспандэнтку «Нашай Нівы» Юлію Дарашкевіч затрымалі разам з удзельнікамі акцыі. Яна трапіла ў адзін аўтобус зь лідэрам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгенам Афнагелем, лідэрам «Маладой Беларусі» Артурам Фінькевічам, намесьнікам старшыні «Маладога фронту» Міколам Дземідзенкам і яшчэ некалькімі актывістамі.

Як толькі аўтобус ад’ехаў ад плошчы, некалькі чалавек сталі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яны толькі некалькі разоў пасьпелі праскандаваць: «Свабоду!», «Жыве Беларусь!», як іх пацягнулі ў другі аўтобус.

Павал Юхневіч быў сярод гэтых затрыманых:

«За апошнія два дні беларускія ўлады наламалі дроў вельмі шмат. Па шчырасьці, я сёньня думаў, што, улічваючы тыя памылкі, якія яны ўчора зрабілі ў зьвязку з „Саюзам палякаў“, пазаўчора з „Маладым фронтам“, што сёньня чапаць нас ня будуць.

Але, як мы бачым, нам сёньня не далі сабрацца. Нас „шчыльна апякалі“, затрымлівалі на падыходах таксама».

Усяго міліцыянты затрымалі 24 чалавекі. 5 зь іх выпусьцілі па дарозе ў міліцыю. У адзьдзяленьні міліцыі людзей прымусілі стаяць тварам да сьцяны. Праз 3 гадзіны ўсіх адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Акцыя салідарнасьці 16 лютага 2010
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:43 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG