Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЭС ці Сарачанскія азёры?


Беларускі эколяг Ігар Пастухоў, былы дырэктар заказьніка “Сарачанскія азёры”, прапануе надзяліць статусам запаведніка асабліва ахоўваемыя тэрыторыі ландшафтнага заказьніку “Сарачанскія азёры”, што месьціцца блізу Астравецкай пляцоўкі, дзе плянуюць пабудаваць АЭС.

Адмовіцца ад разгляду Астравецкай пляцоўкі як аднаго з магчымых месцаў будаўніцтва АЭС у Беларусі Ігар Сарокін, тады яшчэ дырэктар заказьніка “Сарачанскія азёры”, заклікаў яшчэ ў ліпені 2009 году. Пасьля адкрытага ліста ў абарону ахаванай зоны, якая відавочна пацерпіць ад гэткага суседзтва, з пасады дырэктара яго звольнілі.

Эколяг мяркуе, што надзея на тое, што ад будаўніцтва адмовяцца, усё ж такі ёсьць. Прыкладам, могуць быць пратэсты з боку суседкі-Літвы:

Пастухоў: “Беларусь не можа будаваць якія-небудзь прадпрыемствы, шкодныя для навакольнага асяродзьдзя на транспамежных рэках, бо гэта будзе ўплываць на суседнюю краіну. У дадзеным выпадку транспамежнай ракой ёсьць Вілія. І пад мішэнь трапляе Літва”.

Яшчэ адзін варыянт зьмены сцэнару будоўлі – гэта зьмена статусу заказьніка, наданьне “запаведнасьці”асабліва ахаваным тэрыторыям.

Пастухоў: “Сам заказьнік вельмі ўнікальны. Фактычна, што тычыцца іхціафауны, яе каштоўнасьць нельга пераацаніць. Там 14 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу. Такіх, як мінога, балтыйскі ласось, кумжа і сёмга. На Віліі засталося 6 прытокаў, куды заходзяць гэтыя рэдкія рыбы”.

І сам Ігар, і калега па экалягічнай дзейнасьці Ірына Сухій разумеюць, што на дадзены момант, паводле дзейнага заканадаўства, зьмяніць статус заказьніка вельмі цяжка.

Сухій: “У межах цяперашняга заканадаўства тое, што Ігар Пастухоў прапануе, немагчыма. Што датычыць запаветных зон у заказьніках… Абвесьціць заказьнік запаведнікам тэарэтычна можна. Але прэцэдэнтаў такога ў Беларусі пакуль не было”.

Але гэта не нагода апускаць рукі, лічыць Ірына:

“Будуць будаваць год 10, не меней. Значыць, ёсьць 10 год на тое, каб памяняць заканадаўства, пачаць працэс. Можа быць, зарана апускаць рукі, а трэба пачаць дзейнічаць. Пачаць спрабаваць мяняць заканадаўства, спрабаваць зьмяніць статус заказьніка, а дзеля гэтага трэба шмат высілкаў – трэба шмат дасьледваньняў, адпаведна – шмат грошай, трэба запрасіць да гэтага навукоўцаў, шмат што яшчэ”…

У іншым выпадку лёс Сарачанскіх азёраў выглядае трагічна, кажа Ірына Сухій. Калі будаваць АЭС будуць у Астраўцы, то наплыў людзей будзе агромністым – плянуецца прынамсі 35 тысяч новых жыхароў. А плюс да таго – тэхніка, будаўніцтва ня толькі АЭС, але й інфраструктуры.

Пастухоў: “Можна сабе ўявіць, ува што ператворыцца гэтая ўнікальная прырода. Ужо цяпер сьлядоў дастаткова. Сьнег сыдзе – будзе бачна, што творыцца на возеры Белым, прыкладам. Там знаходзіцца знакамітая плавучая сьметніца. Гэта старая баржа, якую людзі, што адпачываюць, ператварылі ў звалку сьмецьця. То бок, плавае вялізны кавалак жалеза, трумы якога запоўнены сьмецьцем”.

Свой зварот-заклік ахаваць Сарачанскія азёры наданьнем яму больш важкага статусу Ігар Пастухоў накіраваў у шэраг грамадзкіх экалягічных арганізацый і Гарадзенскую абласную інспэкцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG