Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка готовы ехаць у Маскву


Першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка
Першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка

Сёньня ў Маскву накіроўваецца беларуская дэлегацыя для працягу перамоваў па ўмовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. Пакуль што Беларусь і Расея не падпісалі адмысловай дамовы.

Расея можа зрабіць афіцыйнаму Менску калядны падарунак у выглядзе бязмытнай нафты. У другой палове дня прэсавы сакратар беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка сказаў, што беларуская афіцыйная дэлегацыя сёньня ўвечары накіроўваецца самалётам у Маскву для працягу нафтавых перамоваў.

«У складзе дэлегацыі — кіраўнік канцэрну „Белнафтахім“ Валеры Казакевіч і намесьнік міністра эканомікі Анатоль Філонаў. Яны накіроўваюцца ў Маскву для канчатковага ўзгадненьня пратаколу аб унясеньні зьмяненьняў у міжурадавае пагадненьне ад 12 студзеня 2007 году. Беларускі бок накіраваў адмысловыя пісьмовыя прапановы расейскаму боку. У выпадку ўзгадненьня экспэртамі канчатковага варыянту гэтага дакумэнту, 6-га студзеня ў Маскву гатовы накіравацца першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка для падпісаньня гэтага дакумэнту».

Спадар Цімашэнка не пераказаў пазыцыю афіцыйнага Менску. Аднак ён нагадаў у размове з карэспандэнтам «Свабоды» пра заяўлены раней Уладзімерам Сямашкам аб’ём бязмытнай нафты, які хоча атрымаць Беларусь. Нагадаем, яшчэ ў сярэдзіне сьнежня Ўладзімер Сямашка заявіў, што з расейскім бокам дасягнутыя дамоўленасьці аб пастаўках для ўнутраных патрэбаў Беларусі 8–9 мільёнаў тон бязмытнай нафты. Астатняя частка, каля 21,5 мільёна тон, будзе пастаўляцца на ўмовах створанага Мытнага саюзу. Пад час перамоваў 31 сьнежня беларускі бок, наогул, выказаўся за бязмытныя пастаўкі ўсёй нафты.

Іншай пазыцыі трымаецца Расея. Падчас сустрэчы расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна зь віцэ-прэм’ерам Ігарам Сечыным, стэнаграму якой зьмясьціў сайт расейскага ўраду, спадар Пуцін заявіў, што пытаньні паставак нафты і газу пакуль вынесеныя за рамкі пагадненьня аб Мытным саюзе. Плянуецца да 1 ліпеня падпісаць тут адмысловыя пагадненьні. Але ад 1 студзеня пастаўкі нафты ў Беларусь неабходна юрыдычна ўрэгуляваць. Дагэтуль існаваў ільготны парадак пастаўкі нафты ў Беларусь. Паводле расейскага прэм’ера, рабілася зьніжка больш як на 36% ад мыта. Спадар Сечын адзначыў:

Ігар Сечын
«Паніжальныя каэфіцыенты мелі тэрмін дзеяньня. І ад 1-га студзеня гэты тэрмін дзеяньня скончыўся. З улікам эксклюзіўнага стаўленьня да нашых беларускіх партнэраў падчас Вышэйшага дзяржсавету ў Маскве расейскім бокам была зроблена прапанова аб працягу йльготных паставак у кірунку Беларусі ў аб’ёмах, неабходных для ўнутранага спажываньня. Балянс гэтых аб’ёмаў цяпер абмяркоўваецца міністэрствамі энэргетыкі Беларусі і Расеі. Мы зыходзім з таго, што гэта прыкладна да 6-ці мільёнаў тон нафты бязмытна. Расейскі бок па гэтым пытаньні перадаў прапановы беларускім партнэрам».

Паводле Ігара Сечына, пакуль дамовы не падпісаныя, хаця ўсе дакумэнты перададзеныя беларускаму боку. Аднак адсутнасьць дамоўленасьцяў не павінна ўплываць на пастаўкі нафты спажыўцам. Працягваецца бесьперашкодны транзыт заходнеэўрапейскім спажыўцам, а таксама пачаліся адгрузкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы: на Наваполацкі НПЗ «Нафтан» — каля 100 тысяч тон нафты, і 78 тысяч тон нафты — на Мазырскі НПЗ. У.Пуцін даручыў працягнуць перамовы і выказаў спадзяваньне, што дамоўленасьці будуць дасягнутыя ў найбліжэйшы час.

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, Расея вырашыла ахвяраваць невялікай колькасьцю грошай і тактычна вырашыла зьняць некаторыя праблемы.

Заіка
«З той простай прычыны, што пазыцыя Беларусі магла прывесьці да развалу Мытнага саюзу. Расея паказала, што можа крыху даць задні ход, але гэта сьмешна, бо матывацыя расейскай пазыцыі была бездакорная. Пакуль невядома, як будзе працягвацца гэтая гісторыя, але Расея можа падараваць Беларусі 3 мільярды даляраў на гэтай тэме. Цана пытаньня — 3 мільярды даляраў, якія прысвойвалі сабе беларускія намэнклятурнікі і хто прымазаўся да нафтавага бізнэсу. Гэта мыта, якое не плацілі Расеі. То бок грошы зводзілі ад расейскага народу на карысьць незразумела якіх беларускіх структураў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG