Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН зачыніла дзьверы перад запрошанымі актывістамі


Ірына Сухій
Ірына Сухій

У сталіцы Даніі Капэнгагене прайшлі дэманстрацыі пратэсту з нагоды пачатку Канфэрэнцыі ААН па зьмене клімату. Паліцыя затрымала каля тысячы дэманстрантаў.

Удзельнікі акцыі пратэсту выказвалі сваю нязгоду з тым, што на канфэрэнцыю ня могуць патрапіць некалькі тысяч акрэдытаваных удзельнікаў — прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў сьвету.

Гутарым са старшынёй Рады АА «Экадом» Ірынай Сухій, якая зараз знаходзіцца ў Капэнгагене.

Падчас акцыі пратэсту было затрымана каля тысячы ўздельнікаў. Сьведкі кажуць, што пры затрыманьні паліцыя прымяняла гвалт. Каля 900 чалавек ужо зьвярнуліся ў праваахоўныя арганізацыі. Шэф паліцыі Капэнгагену заявіў, што ўсіх затрыманых ужо адпусьцілі на волю, толькі шэсьць чакаюць, пакуль ім выставяць абвінавачаньні. Як паведамляе БелаПАН, сярод арыштаваных ёсьць адзін беларус. Да 3 студзеня ён будзе знаходзіцца пад сьледзтвам. Імя яго не называецца, яго могуць абвінаваціць у тым, што ўдарыў паліцэйскага.

30-тысячная дэманстрацыя ў Капэнгагене.

Паліцыя затрымлівае пратэстоўцаў.

Беларускія актывісты экалягічнага руху былі акрэдытаваныя на ўдзел у канфэрэнцыі ад Нарвэскага таварыства аховы навакольнага асяродзьдзя. І зранку 14 сьнежня прыйшлі рэгістраваць свой удзел. Але разам з тысячамі іншых прадстаўнікоў грамадзкай супольнасьці патрапіць туды, дзеля чаго ехалі ў Капэнгаген, не змаглі.

«Мы проста прастаялі на вуліцы перад дзьвярыма цэлы дзень, на пэўны момант да нас выйшлі і сказалі, — вы праявіце цярпеньне, вам прыйдзецца пачакаць ад 2 да 6 гадзін, каб патрапіць унутр. Сказалі б праўду — што вы нікуды не патрапіце, — ідзіце. А так усе спадзяваліся, што ўсё вырашыцца, стаялі і чакалі да апошняга пад дажджом і сьнегам. І дачакаліся, пакуль да нас выйшлі, падзякавалі за цярплівасьць і разьвіталіся. Там палова народу наагул папросту расплакалася. Ад крыўды, ад расчараваньня...»

Перад уваходам людзі, што гэтак і не дачакаліся запрашэньня, скандзіравалі лёзунгі кшталту «Сорам ААН». Пазьней, у часе дэманстрацыі, асноўным патрабаваньнем дэманстранты называлі «перапыніць міжнародны гандаль кліматам і пачаць рэальнае яго выратаваньне».

На канфэрэнцыю зарэгістравалі 21 тысячу удзельнікаў. Зь іх 9 тысяч — сябры дзяржаўных дэлегацый, 12 тысяч — недзяржаўных арганізацый і проста аглядальнікі.

Плошча канфэрэнц-залі Bella Center, дзе праходзіць канфэрэнцыя, складае 122 тысячы квадратных мэтраў, зьмяшчальнасьць кангрэс-заляў — 20 тысяч чалавек, дадатковыя паверхі дазваляюць зьмясьціць яшчэ 9,5 тысяч чалавек.

Натуральна, прыходзім да высновы, што гэта было палітычнае рашэньне.
Лічыць, што цяжкасьці з праходам у залю — гэта хібы арганізацыі, не выпадае, кажа Ірына Сухій.

«Арганізатары ведалі, колькі акрэдытавалі людзей і павінны былі разумець, колькі іх прыйдзе. Гэта ж ня толькі датчане, гэта з усяго сьвету людзі. Мы ў чарзе стаялі з бразыльцамі, якія ляцелі 14 гадзін у Капэнгаген дзеля таго, каб не патрапіць на канфэрэнцыю. Натуральна, прыходзім да высновы, што гэта было палітычнае рашэньне. Ім таксама не патрэбна занадта шмат грамадзкіх арганізацый на такіх мерапрыемствах — каб не перашкаджалі. Такое ўражаньне, што ААН не зацікаўлена ў меркаваньнях НДА, якія нашмат болей радыкальныя за дзяржаўных дэлегатаў і больш зацікаўленыя ў захаваньні клімату».

Гэты канфлікт не застанецца без увагі міжнароднай супольнасьці і будзе мець нейкі працяг, лічыць Ірына Сухій:

«Ёсьць міжнародная сетка КЭН, якая прафэсійна на ўсясьветным узроўні рыхтуе стратэгічныя нататкі і аналіз таго, як паводзяць сябе тыя ці іншыя краіны. НДА вельмі сур’ёзна сёньня абгрунтоўваюць свае патрабаваньні і пазыцыі. Цяпер асноўнае пытаньне — як вырашацца перамовы. Пакуль ніякага кансэнсусу не знайшлі. Усе чакаюць удзелу сэгмэнту высокага ўзроўню. Чакаюць выступу Абамы, Мядзьведзева, кіраўнікоў вялікіх дзяржаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG