Для ўдзелу ў брусэльскім форуме арганізатары запрасілі 27 прадстаўнікоў зь Беларусі. Квоты падзеленыя паміж афіцыйнымі і недзяржаўнымі структурамі зь невялікай перавагай на карысьць трэцяга сэктару. Гэтая акалічнасьць стала лейтматывам усяго мерапрыемства: беларуская дэлегацыя ня можа прыехаць у сталіцу аб’яднанай Эўропы з амаль трыма дзясяткамі асобных меркаваньняў, а мусіць выпрацаваць інтэграваную пазыцыю. Ці ўдасца гэта зрабіць? Вось думка кіраўніка фонду імя Льва Сапегі Міраслава Кобасы:
“Тэарэтычна можа быць і 27 пазыцый, чаму не? Але, канечне, пытаньне паўстала, і ў тым сэнсе было выказана, што некаторым
Асноўная задача канфэрэнцыі — вызначыцца, каб гэта не было ў лес, па дровы і хто ведае куды яшчэ.
Дыялёг паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладамі Беларусі Эўрапейская камісія прапануе весьці на чатырох асноўных плятформах: “Дэмакратыя, належнае дзяржаўнае кіраваньне і стабільнасьць”, “Эканамічная інтэграцыя і збліжэньне з палітычнымі курсамі ЭЗ”, “Навакольнае асяродзьдзе, зьмена клімату і энэргетычная бясьпека”, “Кантактаваньне паміж людзьмі”.
Аташэ Эўракамісіі ў Рэспубліцы Беларусь Яніс Айзсалніекс засьцярог удзельнікаў ад залішняй ідэалягізацыі маючага адбыцца ў Брусэлі форуму. Але, на яго думку, гэта цудоўная нагода, каб удакладніць супольную пазыцыю ня толькі паміж уладнымі і грамадзянскімі структурамі, але і ўнутры дэмакратычнага руху:
“Напэўна, форум грамадзянскай супольнасьці ня будзе цудоўнай магчымасьцю вырашыць праблемы ў розных грамадзтвах і рэгіёнах “Усходняга партнэрства”. Трэба зразумець, ідучы на гэты форум, што ён сам па сабе ня зможа прапанаваць нейкія вельмі добрыя рашэньні. Але да чаго ён будзе імкнуцца? У любым выпадку будзе імкнуцца да таго, каб дапоўніць міжурадавыя перамовы поглядам грамадзянскай супольнасьці. Будзе імкнуцца да таго, каб разьвіваўся дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю ўнутры краінаў “Усходняга партнэрства” (яшчэ адзін форум, які дае такую магчымасьць). Форум будзе намагацца падзяліцца досьведам эўраінтэграцыі, наладжваньня сувязяў з Эўразьвязам. Адным словам, каб ацаніць унёсак грамадзянскай супольнасьці ва “Ўсходняе партнэрства” і ацаніць асаблівасьці шматбаковага супрацоўніцтва супольнасьці”.
У пераважнай бальшыні прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці былі вымушаныя ўзгадняць пазыцыі ў вузкім коле, паколькі, здавалася, дзяржаўныя ўстановы праігнаравалі менскі форум. Аднак падчас працы палітычнай сэкцыі нечакана адазваўся галоўны спэцыяліст камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Ігар Лапека. Ён паразважаў над тым, што трэцяму сэктару ўсё ж нельга адрывацца ад дзяржавы, якая якраз забясьпечвае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці:
“Безумоўна, у нас вельмі шмат праблемаў з узаемадзеяньнем і грамадзтва, і дзяржавы. Але я хацеў бы не пагадзіцца з выступоўцамі, што, маўляў, без грамадзкага кантролю праблемы “Ўсходняга партнэрства” ды іншыя будуць уладай дэзавуяваныя, улада нібыта не жадае
Задача дзяржавы — каб грамадзянская супольнасьць і ўсе яе інстытуты дзейнічалі ў адпаведнасьці са сваімі статутнымі і іншымі патрабаваньнямі.
У сваю чаргу, праваабаронца Алена Танкачова, зьвяртаючыся да прадстаўніка заканадаўчага сходу, заявіла: некаторыя захады беларускага кіраўніцтва зводзяць на нуль усе намаганьні па эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. У прыватнасьці, гэта тычыцца татальнага вынішчэньня грамадзкага сэктару як клясу:
“Прыбярыце ганебную, прыкрую і неправавую норму — артыкул 193-прым з Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Проста сорамна размаўляць пра гэта на міжнароднай арэне з замежнымі калегамі. Таму што падобнага анахранізму, апроч як у краінах іншай культуры, на эўрапейскай прасторы не існуе. Прыбярыце, не няслаўцеся. І перастаньце тады “вымушана” саджаць па гэтым артыкуле. То бок, масава саджаць нібыта перасталі, а артыкул застаўся. Цяпер 70% беларускага грамадзянскага сэктару існуюць і дзейнічаюць у рамках незарэгістраваных грамадзкіх арганізацый. 70% грамадзянскага сэктару Беларусі па-ранейшаму пад пагрозай турэмнага зьняволеньня. Прыбярыце — і будзем далей разьвівацца”.
Прадстаўляць беларускую грамадзянскую супольнасьць 16—17 лістапада ў Брусэлі будуць актывісты Міжнароднай арганізацыі “ЭўраБеларусь”, руху “За свабоду”, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Цэнтру сацыяльных інавацыяў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, адукацыйнага цэнтру “Пост”, фонду Льва Сапегі, Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў ды іншых. Паводле папярэдніх зьвестак, у складзе “афіцыйнай” часткі дэлегацыі будуць прадстаўнікі Беларускай фэдэрацыі прафсаюзаў, Гандлёва-прамысловай палаты і аднаго з прадпрымальніцкіх аб’яднаньняў.