Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінсувязі: лібэралізацыі для газэт ня будзе


Сёлета спаўняецца 135 гадоў Усясьветнаму паштоваму зьвязу. З нагоды міжнароднага дня пошты, які будзе адзначацца 9 кастрычніка, кіраўніцтва галіны зладзіла прэсавую канфэрэнцыю. У прыватнасьці, чыноўнікі паведамілі пра папулярнасьць беларускамоўнай прадукцыі і пра тое, што вяртаць у падпісныя каталёгі незалежныя выданьні яны не зьбіраюцца.

Дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” сёньня — гэта шэраг паслугаў, у тым ліку продаж тавараў з дастаўкай на дом, аплата камунальных плацяжоў, у тым ліку плястыкавымі карткамі, доступ да інтэрнэту нават у агаргарадках. Гэта яшчэ і распаўсюд беларускамоўнай друкаванай прадукцыі: капэртаў, марак і паштовак, якія карыстаюцца вялікай папулярнасьцю. Паведаміла намесьнік міністра сувязі і інфармацыі Ніна Гаўрылава:

Ніна Гаўрылава
“Паважаючы беларускую мову, мы стараемся, каб на знаках паштовай аплаты стаялі надпісы па-беларуску. Вялікім посьпехам карыстаюцца калекцыі марак “беларускае адзеньне”, маркі з выяваю флёры і фаўны. Толькі за межамі краіны, пры нашым мізэрным тарыфе, рэалізавана такой прадукцыі на 170 тысяч даляраў.”

Паводле спадарыні Гаўрылавай, “Белпошта” таксама разьвівае інфармацыйную прастору праз падпіску і дастаўку пэрыядычных выданьняў — каля 5 мільёнаў асобнікаў штогод. Адначасна па-за межамі падпісных каталёгаў зь 2005 году застаюцца 12 недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў і вяртаць іх у падпіску “Белпошта” пакуль не зьбіраецца заявіла Ніна Гаўрылава:

“Я думаю, што гэта ня вельмі страшная рэч. Калі мы прааналізавалі, а колькі ж тых выданьняў выпісвалася? І калі мы бачылі, што там іх і 5, і 6, і 12, то які даход ад гэтага можа мець прадпрыемства? Толькі каб уключыць у каталёг і яно там было пазначана? Мне падаецца, што эканамічны складнік павінен больш цікавіць “Белпошту”, чым тое, што там палітызуецца, ці што яшчэ падкрэсьліваецца”.

Нагадаю, што летась у падпіску і шапікі “Белсаюздруку” ўлады вярнулі “Народную волю”, “Нашу ніву” і “Бабруйскі кур’ер”. Непажаданымі для “Белпошты” застаюцца такія буйныя выданьні, як агульнабеларуская газэта “Свободные новости плюс”, рэгіянальная “Віцебскі кур’ер” і баранавіцкая “Інтэкс-прэс”. Таму заявы міністэрскай чыноўніцы не адпавядаюць рэчаіснасьці, кажа рэдактар і выдавец Аляксей Белы:

“Сьмешна нават гучыць, бо наклад “Інтэкс-прэс” — 20 тысяч асобнікаў. Пакажыце мне хоць адну дзяржаўную раёнку з накладам 20 тысяч асобнікаў. Напрыклад, брагінская раённая газэта “Маяк Палесься” мае наклад 1800 асобнікаў. Тым ня менш, яна ўключаная ў каталёг, прадаецца ў “Саюздруку” і выходзіць у каляровым фармаце”.

Адмову “Белпошты” супрацоўнічаць зь незалежнымі выданьнямі намесьнік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў называе палітычна матываванай:

Андрэй Аляксандраў
“Ніякага пацьверджаньня вэрсія Міністэрства інфармацыі пра эканамічныя стасункі ня мае і яна не вытрымлівае ніякай крытыкі. Відавочна, што гэта палітычнае рашэньне, прынятае яшчэ ў 2005 годзе, якое дзейнічае і дагэтуль. Магчыма, што робяцца нейкія касмэтычныя крокі, справакаваныя спробай дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Некалькі газэт ужо вернутыя ў сыстэму распаўсюду, а астатнія ўлады трымаюць у закладніках, каб пакрысе выгандлёўваць праз іх нейкія эканамічныя выгоды для Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG