Да ад’езду ў Нямеччыну Сяргей Гаўрылін працаваў у офісе аднаго з апэратараў мабільнай сувязі. Бываў у офісе дэмакратычных арганізацыяў на вуліцы Палескай. Цяпер ён на кантакты ня йдзе – толькі праз інтэрнэт пацьвярджвае, што вярнуўся ў Гомель і што для яго “ўсё закончылася”.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, які асабіста ведае Гаўрыліна, расказаў:
“Мне вельмі шкада яго як чалавека, як асобу. Чатыры гады яму даводзілася змагацца са сваім сумленьнем. Лічу, што ён зрабіў правільны выбар. Але нейкай пэрспэктывы асабістых стасункаў я ня бачу, хоць у нас былі даволі добрыя адносіны. Многія, відаць, будуць да яго вельмі варожа ставіцца. Тут не пазьбегнуць нейкіх канфліктаў і абразьлівых выказваньняў. Хутчэй за ўсё Сяргей будзе й сам імкнуцца не сустракацца з тымі людзьмі, зь якімі ён удзельнічаў у нейкіх акцыях у межах дэмакратычнага руху”.
Спадар Палякоў паведаміў, што ў свой час Гаўрылін прасіў у яго парады, як лепш сябе паводзіць. Казаў, што КДБ праз кіраўніцтва ўнівэрсытэту імя Скарыны схіляе да супрацоўніцтва. Парада была: распавесьці пра ціск шырокай грамадзкасьці:
“Гэта яму трэба было, як ён піша, для зашыфроўкі – ён ужо супрацоўнічаў. Неабходна было, каб лічылі, што на яго толькі аказваюць ціск. Тут чым адрозьніваецца сытуацыя з Уладам Міхайлавым. Міхайлаў ужо ўдзельнічаў у мерапрыемствах апазыцыйных арганізацыяў. Пасьля гэтага зь ім правялі працу, і ён ня вытрымаў і пайшоў на супрацоўніцтва. У Гаўрыліна атрымліваецца інакш: ён спачатку пайшоў на супрацоўніцтва з КДБ, а пасьля ўжо далучыўся да дэмакратычнага руху”.
Лідэр гомельскай арганізацыі АГП не выключае, што за “дзёньнікам Гаўрыліна” могуць быць і нейкія іншыя крокі, скіраваныя на раскол дэмакратычнай супольнасьць рэгіёну.
Чалавек, які здрадзіў аднойчы, здрадзіць і пасьля.
Некаторыя іншыя актывісты дэмакратычнага руху ня вераць у шчырасьць Сяргея Гаўрыліна. Гаворыць спадарыня Кацярына:
“Наконт гэтага прызнаньня я магу сказаць толькі адно: чалавек, які здрадзіў аднойчы, здрадзіць і пасьля. Ён – агент КДБ, і гэтым усё сказана. І гэты чалавек на нейкую шчырасьць яшчэ мае прэтэнзіі? Ніякай шчырасьці тут быць ня можа. Я лічу, што гэта ганьба, гэта здрада”.
Актывіст АГП Андрэй Толчын, якога Гаўрылін згадвае ў дзёньніку не найлепшым чынам, зьвяртае ўвагу на дзейнасьць спэцслужбаў, якія займаюцца палітычным вышукам у асяродку сваіх грамадзянаў і праз гэта ламаюць лёсы маладых людзей:
“КДБ, тым больш аддзел, які павінен займацца абаронай Канстытуцыі, сам парушае законы й Канстытуцыю: цісьне на маладых людзей, схіляе на незаконную дзейнасьць. Яны ж вядуць палітычны вышук у асяродку сваіх грамадзянаў. На маю думку, гэта датычна таксама й маральных якасьцяў чалавека як грамадзяніна. Тут прыгадваецца лёс Андрэя Зайцава – у яго таксама быў выбар, калі на яго вельмі жорстка ціснулі. Ён не пайшоў супраць свайго сумленьня – ён сышоў з жыцьця. Не кажу, што гэта найлепшае выйсьце, але гэта было.
Сяргея мне як чалавека шкада. Цяжка яму будзе далей. Яму зламалі лёс, зламалі, здаецца, і кар’еру, і проста чалавечую годнасьць. Яму будзе з гэтым цяжка жыць”.