Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую моладзь запросяць у Нарвэгію


Новай ініцыятыве паспрыяла і перамога на конкурсе Эўрабачаньня нарвэскага сьпевака зь беларускімі каранямі Аляксандра Рыбака.


СЛУХАЦЬ:


Для беларускай моладзі — і той, якая падтрымлівае апазыцыю, і той, якая стаіць на баку ўлады — у Нарвэгіі хочуць зрабіць спэцыяльную камунікацыйную пляцоўку. Гэта адзін з вынікаў двухдзённага візыту ў Осла групы апазыцыйных беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што найбольш размоваў адбылося ў парлямэнце:

“У нас ужо была сустрэча зь лідэрам хрысьціянскіх дэмакратаў, які зьяўляецца арганізатарам камунікацыйных пляцовак у фармаце паўночных краінаў. На іх і я выяжджаў некалькі разоў, і прадстаўнікі ад беларускіх уладаў былі.

І зараз зьявілася ідэя стварыць моладзевую камунікацыйную пляцоўку. І каб туды прыяжджалі прадстаўнікі моладзевага крыла апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама ад улады. Найхутчэй, гэта можа быць той жа самы БРСМ. Абмяркоўвалі гэту сытуацыю.І падаецца, што нашы аргумэнты наконт таго, што палітыка Брусэлю ўсё ж такі неэфэктыўная, тут чуюць”.

Акрамя парлямэнту, беларуская дэлегацыя наведала і Міністэрства замежных спраў, дзе адбылася працяглая гутарка з Элізабэт Валас — дзяржсакратаром у статусе намесьніка міністра. Анатоль Лябедзька кажа, што перамовы ў Осла паказалі розную ступень веданьня сытуацыі ў Беларусі суразмоўцамі:

“Але ёсьць агульная зацікаўленасьць. Мы прыехалі з ацэнкай сваёй пазыцыі ў Беларусі. І з прэзэнтацыяй элемэнтаў стратэгіі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Здаецца, што мы знаходзім тут разуменьне. Наш галоўны прынцып такі: узаемаадносіны Эўропы зь беларускімі ўладамі ёсьць пакрокавая стратэгія на прынцыпах узаемнасьці. На крок беларускіх уладаў — сувымерны крок з боку эўрапейскіх, міжнародных арганізацыяў, структураў і асобных краінаў”.

Размова ў Осла ішла таксама і пра палітычную салідарнасьць:

“Нам падаецца, што ў сёньняшніх умовах пытаньне рэпрэсіяў ня зьнятае. Яно нарастае, а значыць, патрэбныя пэўныя выдаткі на дапамогу рэпрэсаваным. Тое самае датычыць і незалежных мэдыяў, а таксама прасоўваньня “Пазытыўнай альтэрнатывы для людзей і Беларусі”. Была шчырая, адкрытая размова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG