Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра збыткоўнасьці ў архітэктуры


darriuss

А вы памятаеце, як усё пачыналася?.. Начамі мне часам сьніўся будучы менскі скайлайн. Уявіце сабе цэнтар Эўропы, крыштальную выспачку стабільнасьці ў моры хаосу, апошні бастыён на шляху нелегальных мігрантаў у Эўрасаюз, неадольную перашкоду продажу блакітнавокіх, убраных у льняныя строі дзяўчат у сэксуальнае рабства. А потым уявіце сабе цэнтар цэнтру Эўропы (пажадана ноччу). Яркая пляма сьвятла, што распласталася на пагорках Менскага ўзвышша, цёмныя хвалі магутнай Сьвіслачы і бяскрайніх вадасховішчаў, млечны шлях працінаюць дзясяткі небасягаў, за вокнамі якіх белыя каўнерыкі дзень і ноч куюць беларускі эканамічны цуд, унізе па вуліцах блукаюць натоўпы замежных турыстаў, азараючы ваколіцы бліскавіцамі фотакамэр, а ў лаўнж-барах незьлічоных і абавязкова пяцізоркавых гатэляў заможныя дэвэлапэры гутараць пра паэтыку вершаў Васіля Быкава з так і не прададзенымі ільнянымі дзяўчатамі.

darriuss Гісторык, да нядаўняга часу працаваў у чорнай мэталюргіі. Адукацыю, як бачна, атрымаў не дарэмна.


1. Навошта я пішу блог

З эгаістычных меркаваньняў. Запісваю ўласныя ўражаньні, сыстэматызую інфармацыю. Гадоў праз трыццаць зьбіраюся ўсё гэта перачытаць.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Камунікацыю зь людзьмі, якіх цікавіць тое ж, што і мяне.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

  • Благун.
  • Фотаздымкі ў маленькіх прэўюшках.
  • Флэшмобы, тэсты і масавы піяр.
  • Бессэнсоўны лытдыбр, а вот асэнсаваны (як у y-bd или japgor) люблю.
  • Тупы тролінг.

Дык вось, усяго гэтага ня будзе. Вось што крызіс жыцьцядайны чыніць.

Насамрэч, вядома, і бяз крызісу было зразумела, што Менгарвыканкам выбудоўвае ў розумах як самых звычайных, так і вельмі высокапастаўленых абываталяў паветраныя замкі. У кастрычніку 2008 г. галоўны архітэктар Менску Віктар Нікіцін узяў чагосьці ды рэкнуў пры ўсіх на паседжаньні Менгарвыканкаму (вельмі хутка, мабыць, пра гэта пашкадаваўшы), што ў бліжэйшыя чатыры гады ў горадзе будзе рэалізавана каля сотні інвэстпраектаў на агульную суму 24—26 мільярдаў даляраў. Рэдкі тыдзень тады абыходзіўся без анонсу чарговага цыкляпічных маштабаў праекту: Менск-Сіці і небасягі “Ітэры” на Кальварыйскай, “Маяк” каля Нацыянальнай бібліятэкі, “Радзівіл-Хол” ва Ўруччы, “Голд-Сіці” ля Маскоўскіх могілак і гатэлі, гатэлі, гатэлі: на Кастрычніцкай плошчы і ля стадыёну “Дынама”, тры новыя вежы на месцы “Беларусі”, нізавошта апляванай архітэктурна-будаўнічым міністрам, “Кемпінскі”, “Рэдысаны”, “”Хаяты”, дзясяткі бізнэс-цэнтраў, аквапаркі, гольф-клюбы, хакейныя арэны, вынас прэч з цэнтру гораду прамысловых прадпрыемстваў, навюткі з іголачкі Стары Горад, касьмічныя караблі баразнуюць прасторы Купалаўскага тэатру, горад-сад, сталіца сьвету, Нью-Васюкі.

Але варта было прыгледзецца пільней, і выяўлялася, што інвэстары ўсё нейкія мутнаватыя, паходжаньнем пераважна з краін, якія разьвіваюцца і недалучаюцца, з капіталамі і ўвогуле немаведама адкуль, і цікавіць іх найперш будаўніцтва жытла, а небасягі-маякі, дзелавыя даўнтаўны, гандлёвыя молы і аб’екты сацкультбыту зьявяцца пазьней, калі пабудаваныя сьпярша кватэркі будуць рэалізаваныя. А можа, і ня зьявяцца. Можа, нашых салідных інвэстараў цікавіла толькі атрыманьне крэдытаў у сваіх банках пад праекты ў магутнай і квітучай Беларусі. Усё ж можа быць. Самі разумееце, як страшна жыць.

Бяда прыйшла, адкуль чакалі. Хто ведае, якім бы стаў (і якім бы ня стаў) Менск, калі б ня тысячы і тысячы амэрыканцаў, якія аднойчы вырашылі не плаціць за свае іпатэкі. Крызісу ў нас нібыта і няма, але раскажыце гэта гаспадарам 25 мільярдаў даляраў, якія павінны былі быць укладзены ў сталіцу Сінявокага Сасуду да 2012 году. Крэдыты банкі пачалі выдаваць ня так ахвотна, жытло патаньнела разам з нафтай і газам, асабістыя багацьці іхнія ўладальнікі вырашылі прытрымаць да лепшых часоў.

Вось і атрымалася, што арабская “Аль-Кудра” ўжо адхілена ад будоўлі “Чыжоўка-Арэны” (пра гатэль ля “Дынама” ўжо ўвогуле, па-мойму, гаворкі няма) — дзяржава там узяла ініцыятыву ў свае рукі (на кану чэмпіянат сьвету па хакеі, а гэта вам ня жартачкі), ад гламурнага загранічнага праекту адмовіліся і будуць будаваць правераную Бабруйскам “лятучую талерку” майстроў “Белпрампраекту”. “Ітэру” спасьціг наезд з самага верху, і, баюся, вынікаў леташняга архітэктурнага тэндэру на “Мінск-Сіці” (пэўна ж, адны прыцкераўскія ляўрэаты сярод удзельнікаў) мы так ніколі і ня ўведаем. Яму на месцы плянаваных вежаў на Кальварыйскай, памучыўшыся, закапалі назад. Дырэктара кампаніі-забудоўніка “Голд-Сіці” пасадзілі. “Нямецкі” інвэстар будоўлі “Рэдысана” і новага офісу НАКу на Радужнай проста ўцёк (яму, праўда, падшукалі расейскую замену, але гэта нават ня сьмешна). На пляцоўцы ля Камсамольскага возера, дзе меўся жывапісна раскінуцца “Хаят”, ужо другі год засяроджана ржавеюць трубы. Нават тралейбусы пацярпелі ад нафтатрэйдэраў, якія старое дэпо з ваколіц плошчы Перамогі вывелі, а новае ва Ўруччы так і не дабудавалі. Гатэль “Беларусь” уратаваў і ўвогуле Сам Кіраўнік Дзяржавы Лукашэнка А.Г., нечакана паўшчуваўшы чыноўнікаў: маўляў, і гатэль не такі і стары, і пяць зорак нам ня так і патрэбныя. От і праўда што выявілася — “не такі і ня так”: пра тры вежы архітэктара Крамарэнкі ўсе ўжо забыліся.

Апошні ў вачах некаторых — гэткі Доктар Зло ад сучаснай беларускай архітэктуры. У савецкія часы дабротны мадэрніст, сёньня гэты шаноўны архітэктар, ужо двойчы ляўрэат Дзяржпрэміі, аўтар нятленных Бібліятэкі і Вакзалу творыць, на жаль, адзін спрэчны праект за другім. Пакуль, праўда, амаль усе яны застаюцца на паперы, але крытычная маса набіраецца — чаго добрага, нешта і грымне. Пад нядаўняе сьвята дарэчы будзе згадаць гісторыю з музэем Вялікай Айчыннай вайны, чый лёс, так ужо склалася, цесна пераплёўся цяпер з творчасьцю маэстра.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Калі весьці размову пра беларускія:


Парэкамэндую яшчэ і небеларускія травэлогі:

Увогуле я ўсё магу Віктару Ўладзіміравічу дараваць (хоць і ясна, што ён у гэтым зусім ня мае патрэбы), але вось ушчыльненьне Кастрычніцкай плошчы, ды яшчэ такім абуральным чынам, дараваць ніяк нельга. Ідэя будоўлі тут высотнага гмаху лунала ў галовах яшчэ савецкіх архітэктараў цягам не аднаго дзясятка гадоў, але тады неяк ня склалася. Згадалі пра новы “вэртыкальны вэктар” толькі цяпер, на хвалі нашага віртуальнага будаўнічага буму. Аб’явіліся інвэстары — небязьведамныя браты Самаві. Такой знакавай будоўлі падабралі ня менш знакавага архітэктара (якраз-такі Віктара Крамарэнку). Красамоўным ужо тады выглядаў выбар замежнага партнэра Крамарэнкі — ім стала вядомае бэльгійскае бюро Jaspers-Eyers, якое ў свой час вельмі актыўна прычынілася да зьнішчэньня гістарычнай забудовы Брусэлю і ўзьвядзеньня на яе месцы і побач зь яе рэшткамі сучасных офісных гмахаў. Вось з таго часу падобныя працэсы ў горадабудаўніцтве і называюцца “брусэлізацыя”.

Першапачатковы праект брусэлізацыі Кастрычніцкай плошчы прадугледжваў захаваньне там музэю, хоць, найверагодней, грамадзтва проста рыхтавалі да зносу звыклага некалькім пакаленьням гараджанаў будынку 1964 году, які, можа, і ня Бог ведама які архітэктурны шэдэўр, але па-свойму цікавы як адзін зь першых буйных узораў мінімалістычнага хрушчоўскага стылю, які прыйшоў на зьмену пышнаму сталінскаму нэаклясыцызму. Якім чынам забудоўнікі меркавалі арганізаваць будоўлю і далейшую эксплюатацыю вялізнага 35-павярховага небасяга на мізэрным пустым лапіку, было зусім незразумела. Неверагоднае стала неўзабаве відавочным: музэй ВАВ выносяць да абэліска “Мінск — горад-герой”, дзе для яго той самы архітэктар (ён жа, дарэчы, аўтар і самой стэлы) узводзіць новы будынак, месцамі вельмі падобны да гандлёвага цэнтру “Глёбус” на кіеўскім Майдане. Рашэньне пра вынас само па сабе досыць лягічнае: у тым раёне гарадзкія ўлады заплянавалі стварыць буйны комплекс, прысьвечаны ВАВ, куды, апрача абэліска і музэя, павінен быў увайсьці мэмарыяльна-забаўляльны (куды ж без забаваў) парк Перамогі. Выклікае сумнеў толькі канцэпцыя музэю. Можна шмат гаварыць пра сучасныя прынцыпы арганізацыі музэйнай справы, але калі меркаваць паводле апублікаваных у СМІ рэндэраў, новая праца Крамарэнкі хутчэй нагадвала шоў-рум для ваеннай тэхнікі і артэфактаў эпохі, чым музэй у традыцыйным сэнсе гэтага слова. Зрэшты, хутчэй за ўсё ілюстрацыі гэтыя досыць умоўныя, і інтэр’еры новага музэю ВАВ, калі скончыцца яго будоўля, будуць выглядаць па-іншаму.

Калі, вядома, будынак гэты ўрэшце будзе пабудаваны, бо цяпер мы элегантна вернемся да нашых бараноў і зь невясёлым задавальненьнем (з цыклу “так я і ведаў”) канстатуем, што ў бліжэйшыя гады звыклай панараме цэнтру гораду нішто сур’ёзнае не пагражае (калі не лічыць вялізнага жылога дому ля Траецкага прадмесьця, але пра гэта як-небудзь іншым разам). Рэцэсія і ў музэйны праект унесла карэктывы. Вось ужо Лукашэнка А.Г. падпісвае ўказ пра перанос тэрмінаў здачы 160-мэтровай высоткі на чатыры гады, з 2011 на 2015 год. Матывам названа неабходнасьць вынесьці спачатку музэй, але новы яго будынак узводзіць так і не пачалі, і ніякага руху (ні ў друку, ні на будучай будпляцоўцы) не назіраецца. Усе ўсё разумеюць. Пакуль жа замест небасяга на вуліцы Інтэрнацыянальнай паставяць сьціплейшы 7-павярховы адміністрацыйны будынак, які больш адпавядае цяперашняму эканамічнаму моманту і які, я вельмі на гэта спадзяюся, у выніку ўсё ж стане апошняй новабудоўляй у гэтым шматпакутным раёне Менску.

Як ні шкада, але гісторыя зь небасягам на Кастрычніцкай чарговым разам прадэманстравала сыстэмны крызіс беларускай архітэктурнай школы. У савецкія часы яна мела яркае нават па саюзных мерках аблічча і вельмі годную рэпутацыю, хоць і стваралася ў значнай меры прыежджымі варагамі. Цяпер жа мы бачым, як ня раз згаданы вышэй прафэсійны архітэктар (ураджэнец Гародні, між іншым), які ў сваіх інтэрвію заяўляе, што “пазбавіць аўру месца сваёй непаўторнасьці — гэта сапраўдная трагедыя для гораду”, жалезнай рукой заганяе ансамбль цэнтральнай плошчы, які ўжо з горам папалам склаўся, у сьветлае хайтэчнае заўтра. І ўсё гэта, — што, мабыць, самае прыкрае, — адбываецца пад маўчаньне ягоных калегаў па цэху, пра прычыны якога можна строіць багата здагадак, і ўсе яны, найверагодней, выявяцца слушнымі.

Зусім нядаўна я прыехаў з Масквы, дзе Дзяніс “archigrafo” Рамодзін, мой таварыш па ЖЖ, вялікі знаўца гораду (гэта да пытаньняў “навошта я вяду блог і што мне больш за ўсё ў блогах падабаецца), паказаў мне “Залатую мілю” на Астожанцы. Калі браць гэтыя кварталы жылой забудовы “не для ўсіх” у адрыве ад кантэксту іх узьнікненьня (каб збудаваць раён, зьнесьлі цэласную забудову XVIII ст.), то сьцісла ўражаньне ад іх можна ахарактарызаваць адным словам — крута, асабліва паводле расейскіх мерак (і гэта ж мясцовыя архітэктары рабілі). Дык вось, Дзяніс расказаў, што нейкі час таму на Астожанку прывозілі маладых беларускіх архітэктараў, якія, вядома, захоплена ахалі і ў душы напэўна абяцалі сабе пачаць праектаваць штосьці падобнае. Я ж яму адказаў, што — як жа, канечне. Вось вернуцца гэтыя маладыя і абнадзейлівыя ў свае праектныя інстытуты і творчыя майстэрні, пачнуць зноў маляваць пад кіраўніцтвам 60-гадовых ГАПаў, і да таго часу, як іх нарэшце дапусьцяць да самастойнай працы, усе яны ўжо безнадзейна загрузнуць у цёмным баку Сілы.

Зрэшты, я ня трачу надзеі, што слынны крызіс, акрамя чысткі інвэстараў і праектаў, прынясе і яшчэ адну карысьць гораду: сюды вернецца пэрспэктыўная моладзь, якая зьехала на заработкі за мяжу (а скарачэньні ў архітэктурных майстэрнях ТАМ вельмі вялікія): моладзь, якая шмат пабачыла, шмат чаму навучылася і, спадзяюся, шмат да чаго набыла імунітэт. Можа, яна вернецца і штосьці тут зьменіць. Але — можа, вядома, і не.

Небасягі "Ітэры" на Кальварыйскай. Ужо вядома, што калі іх і пабудуюць, выглядаць яны будуць ужо ня так

Гатэль "Хаят" каля Камсамольскага возера. Будоўля вельмі марудная

"Маяк Менску". Калі гэтая тэрыторыя будзе выглядаць так, як на ілюстрацыі, нікому невядома

Новы гатэль Крамарэнкі на месцы "Беларусі". Праект нерэалізаваны

"Голд Сіці". Будоўля не вядзецца

Гандлёва-забаўляльны комплекс на месцы былога тралейбуснага дэпо каля плошчы Перамогі. Пра пачатак будаўніцтва нічога не вядома ўжо больш за год

"Радзівіл-Хол" ва Ўруччы. Праект замарожаны

Будучы музэй ВАВ. Зьнешні выгляд

Музэй ВАВ. Інтэр'ер

Панарама Менску пасля будаўніцтва гатэля "Кемпінскі" на Кастрычніцкай плошчы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG