Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыб: "ЗША калі ставяць мэту, то звычайна яе дасягаюць"

абноўлена

Бункер Усамы бін Лядэна
Бункер Усамы бін Лядэна
Забойства кіраўніка тэрарыстычнай арганізацыі "Аль-Каіда" Ўсамы бін Лядэна выклікала рэакцыю ва ўсім сьвеце. Многія вядомыя палітыкі вітаюць ліквідацыю тэрарыста №1. Некаторыя выказваюць засьцярогу, што гэтая сьмерць можа выклікаць помсту паплечнікаў бін Лядэна.

На пытаньне "Свабоды", ці стане пасьля забойства кіраўніка "Аль-Каіды" спакайней на сьвеце, адказваюць беларускія палітыкі і палітолягі.

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня
:

Станіслаў Шушкевіч
"Дзякуй Богу, што амэрыканцы прадэманстравалі, што яны тое-сёе ўмеюць. Бо да гэтага часу, не ўсё у гэтай справе было спрытна.

Але ж трэба не забывацца, што ў сьвеце існуе тэрарыстычная сыстэма.І адна асоба, нават такая як бін Лядэн, мала што ў гэта справе вырашыць. Але ліквідацыяй бін Лядэна я цешуся, бо тое, што ён учыніў, гэта – жудасна".


Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі:

Анатоль Лябедзька
"Трэбы прыняць да ведама, што Ўсама бін Лядэн ня проста тэрарыст. Гэта – знакавая фігура, сымбаль тэрарызму, сьцяг усіх тэрарыстаў у сьвеце. І тое, што гэты сьцяг сарвалі, скінулі, безумоўна паўплывае на становішча.

Думаю, цяпер трэба будзе чакаць кароткачасовых успышак як рэакцыі на гэту сьмерць, так і помсты. Але ў любым выпадку ўсясьветны тэрарызм на нейкі час застаўся без свайго сьцягу. І псыхалягічна, і палітычна гэта моцная перамога. І натуральна, што ліквідацыя бін Лядэна будзе аслабленьнем для тэрарызму".


Сяргей Касьцян, старшыня Беларускага славянскага камітэту, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

Сяргей Касьцян
"Справа не ў бін Лядэне, а ў тым грамадзтве, што склалася ў сьвеце пасьля развалу Савецкага Саюзу і сацыялістычнага лягеру. Прычым бін Лядэн да вайны, якую Захад арганізаваў супраць Лівіі? Прычым ён да так званых народных альбо антынародных рэвалюцыяў у Емэне, Эгіпце, Тунісе? Гэта ж ніяк не зьвязана з бін Лядэнам. Таму, я лічу, што, калі бін Лядэна і сапраўды забілі, цішэй ад гэтага ня будзе.

А каб было спакойна, трэба пераглядаць усю сытуацыю ў міжнародных адносінах. І найперш – ролю ААН. Гэта непрымальна і недапушчальна, калі 7-8 краін прымаюць рашэньне аб бамбаваньні альбо зьмене ўраду той ці іншай дзяржавы. Таму ўсё гэта трэба перагледзіць. Перагледзіць шляхам перамоваў, зьмены адносінаў паміж дзяржавамі. І толькі тады можна будзе гаварыць пра нейкі спакой ў сьвеце.

Сьвет цяпер ідзе да таго, што незалежна, забіты ці не забіты Ўсама бін Лядэн, павінна нешта адбыцца і зьмяніцца ў іншым напрамку. У напрамку добрасуседзтва і дружалюбства".


Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня:

Мечыслаў Грыб
"Тут цяжка адказаць адназначна. Можа, і сапраўды стане крышку цішэй, бо менавіта бін Лядэн быў галоўны ў гэтай агіднай справе тэрору. Але, на вялікі жаль, ён не адзін. І я не выключаю, што ягоныя паплечнікі могуць пачаць помсьціць.

Я асабіста, ды, думаю, усе нармальныя людзі на сьвеце, хацелі, каб пасьля ліквідацыі галоўнага тэрарыста стала спакайней. Але ж тэрарысты ёсьць тэрарысты. Не сакрэт, што бін Лядэн быў не адзін. Ён стварыў цэлую арганізацыю. Так, кіраўніка забілі.Аднак застаюцца ягоныя паплечнікі. І як яны сябе павядуць надалей, пакуль сказаць цяжка".

Мечыслаў Грыб аддае належнае Злучаным штатам Амэрыкі, якія хоць і праз 10 гадоў, але дасягнулі сваёй мэты:

"Яны калі ставяць пэўную мэту, то звычайна яе і дасягаюць. Яны нічога нікому не спускаюць і ніколі не забываюцца. І гэта пахвальна. Гэта нармальная з'ява. Адзінае – ці вырашыць гэта ліквідацыя кіраўніка адной з тэрарыстычных арганізацыяў усю праблему змаганьня з тэрарызмам?".

Палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
"Шчыра кажучы, я не ўпэўнены, што сытуацыя ў сьвеце істотна зьменіцца. Бін Лядэн пасьпеў падрыхтаваць і выхаваць адпаведныя кадры.

На першы час, можа, і будзе ў сьвеце цішэй. Аднак, на вялікі жаль, застаюцца такія людзі, для якіх ідэя, што захапіла бін Лядэна, ёсьць галоўнай і для іх. І яны будуць працягваць ягоную справу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG