11 траўня бестэрміновую галадоўку распачала актывістка незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт Кацярына Салаўёва.
9 траўня пра ўдзел ў галадоўцы абвясьцілі студэнты адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Яраслаў Грышчэня і Арцём Ластавецкі. Яны навучаюцца ў польскім горадзе Гнезна.
А 7 траўня трымае галадоўку грамадзкая актывістка зь Берасьця Натальля Касьцючык, паведамляе прэсавая служба Маладога фронту.
Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Уладзімер Асіпенка знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.