Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дзеці ня змогуць прыехаць на вакацыі ў Фляндрыю


Пра гэта паведамляе бэльгійскае выданьне Nieuwsblad са спасылкай на дэпутата парлямэнту Бэльгіі, сацыял-дэмакратку Маю Дэт’еж.


Як сьведчыць вядомы ў краіне палітык, раней у флямандзкім рэгіёне Бэльгіі у арганізацыю адпачынку беларускіх дзяцей былі ўключаныя ўсе школы і нямала сем’яў. Аднак пасьля зьяўленьня ў Беларусі мінулай восеньню прэзыдэнцкага ўказу № 555 замежнае дзіцячае аздараўленьне было спыненае. Беларускі бок патрабаваў ад краін-партнэраў заключаць двухбаковыя пагадненьні, якія гарантавалі б, што дзеці вернуцца дадому. Былі выстаўлены і іншыя ўмовы. Напрыклад, дзеці, якія выяжджаюць на вакацыі, ня могуць быць старэйшымі за 14 гадоў і ня могуць адпачываць у адной і той жа замежнай краіне часьцей за тры разы.

Як сьведчыць бэльгійскі палітык Мая Дэт’еж, цяпер сытуацыя з паездкамі дзіцячых чарнобыльскіх груп надзвычай ускладнена. “Адзінае выйсьце — гэта паездкі паводле індывідуальных запрашэньняў, што патрабуе значна больш арганізацыйных выдаткаў і фінансавых сродкаў, чым групавыя туры”, — кажа дэпутатка.

Спадарыня Дэт’еж не выключае, што флямандцам давядзецца разьвітацца з ранейшай гасьціннай практыкай. Бэльгійская сацыял-дэмакратка рэзка крытыкуе кіраўніка МЗС Карэла дэ Гухта. На пачатку году яго міністэрства заявіла, што праблема вырашана і паміж абедзьвюма краінамі заключаныя двухбаковыя пагадненьні. “Аднак у рэальнасьці зусім не выглядае, што беларускія дзеці змогуць прыехаць у Фляндрыю на велікодны адпачынак”, — кажа дэпутатка парлямэнту Бэльгіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG