Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскі БАТЭ — зьява грамадзкая?


Сёньня барысаўскі БАТЭ праводзіць апошнюю сустрэчу ў рамках групавой стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў сэзону 2008—2009 гадоў.


У Турыне беларусаў прымае адзін з наймацнейшых клюбаў Эўропы — “Ювэнтус”. Па выніках пяці сустрэчаў італьянцы ўзначальваюць групу “Н”, у якой, апроч БАТЭ, таксама гуляюць мадрыдзкі “Рэал” і санкт-пецярбурскі “Зэніт”. Барысаўцы — на апошнім месцы. Аднак ад старту БАТЭ ў групавым турніры цікавасьць да гульняў з удзелам беларусаў падаграецца ня толькі спартовым фактарам. БАТЭ стаў першым клюбам незалежнай Беларусі, які здолеў узьняць футбол да ўзроўню грамадзкай зьявы.

Галоўны рэдактар спартовага выданьня “Прессбол” Уладзімер Беражкоў у інтэрвію Радыё Свабода прызнаўся, што ўдзячны барысаўскаму БАТЭ за “маркетынгавую раскрутку” выданьня. Ён кажа, што напярэдадні, у сам дзень і назаўтра пасьля гульняў з удзелам барысаўцаў рэдакцыя істотна падвышае наклад газэты. Нашмат более наведнікаў інтэрнэт-старонкі “Прессбола”. Попыт на наступны аналіз матчаў павялічваецца ў разы. Пры гэтым патрэба ў інфармацыі аб’ектыўна большая, чым нават калі адбываюцца матчы зборнай Беларусі, якая цягам многіх гадоў паказвае досыць нестабільныя вынікі.

БАТЭ аб'яднаў заўзятараў розных камандаў

Ці можна казаць пра фэномэн футболу на прыкладзе БАТЭ? Шмат хто зьвяртае ўвагу — на матчы БАТЭ зьбіраецца насамрэч адданая футболу публіка. Паказальна, што з аднолькавым запалам барысаўцаў падтрымліваюць заўзятары іншых беларускіх клюбаў, хоць на трыбунах амаль суцэльна пануе жоўта-сіняя сымболіка. Трапляюць туды і гераічна пранесеныя бел-чырвона-белыя сьцягі, а вось дзяржаўных няшмат — ня тое, што на матчах нацыянальнай зборнай, куды ўзброеных ідэалягічнымі атрыбутамі сябраў БРСМ зганяюць сілком.

Адзін з супрацоўнікаў штабу нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандар Рухля для сябе фэномэн БАТЭ вызначыў так:

“Паглядзіце: колькі, дзякуючы БАТЭ, зьявілася ў людзей цікавасьці да футболу! Колькі ахвотных квіток набыць на стадыён; б’юцца за квіткі — ніколі ж не было, каб былі паўнюткія стадыёны на гульні клюбу чэмпіянату Беларусі. Я лічу, гэта проста казка. Надзвычай імі задаволены, іхнымі посьпехамі! Я ведаю некаторых гульцоў — цудоўныя хлопцы, цудоўная каманда. І я лічу, што гэта ня толькі ў футбольным, але і ў грамадзкім жыцьці вялізны прарыў. Беларусаў паважаць пачалі, разумееце? Наша зборная таксама нядрэнна гуляе. Але такіх посьпехаў усё ж няма. Хоць пасьля таго, як мы ўнічыю згулялі зь немцамі ў Нямеччыне, з такой павагай нас адтуль праводзілі, што цяжка сабе ўявіць. А БАТЭ — гэта проста кляс”.

Карэспандэнт: “Карацей, спорт можа вырашыць праблемы, непадуладныя нават палітыкам?”

“Абсалютна з вамі згодны. Спорт шчыльней збліжае людзей, чым палітыкі. Колькі б тыя ні стараліся. Я трымаюся менавіта такой думкі”.

"Цікавасьць да футболу ў Беларусі ўзрасла шматразова"

Адзін з самых вядомых у нядаўнім беларускіх гульцоў Аляксандар Хацкевіч падчас выступу за кіеўскае “Дынама” неаднаразова гуляў у Лізе чэмпіёнаў. Ён таксама перакананы: БАТЭ адкрыў новую старонку беларускага футболу, падвысіўшы градус цікавасьці да гульні ня толькі як да спартовай зьявы:

“Гэта адназначна: ад таго, што БАТЭ патрапіў у Лігу чэмпіёнаў, цікавасьць да футболу ў Беларусі ўзрасла шматразова. Вы самі бачылі, што тварылася з квіткамі на хатнія матчы, які ажыятаж быў па ўсёй Беларусі. А што тычыцца шанцаў на наступны год — ну, нельга выключаць спадзяваньняў, што ён таксама будзе нядрэнным для беларускага футболу. Бо зьявілася рэальная каманда, якая паказала: зь любым супернікам гуляць можна практычна на роўных. Да гэтага калісьці і камусьці трэба было прыйсьці, і прыйшоў да гэтага БАТЭ. Так што дай Божа, каб у наступным сэзоне барысаўцы зрабілі ў гэтым кірунку яшчэ больш адчувальны крок наперад”.

На шляху да групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў барысаўцы ці не ўпершыню ня толькі гулялі ў футбол, але і абаранялі гонар краіны ў пазафутбольных баталіях. Напярэдадні вырашальнай сустрэчы з баўгарскім “Леўскі” за выхад у асноўную стадыю спаборніцтваў са штабу сафійскай каманды паляцелі непрыкрыта абразьлівыя выразы на адрас “заводзкай каманды са штучна створанай дзяржавы”. Тады старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі дыпляматычна выказаўся, што сьпісвае гэта на празьмерную эмацыйнасьць калегаў напярэдадні важнай сустрэчы. Аднак заявы набылі шырокі рэзананс, і залагоджваць справу давялося дыпляматычным ведамствам дзьвюх краінаў.

Два ачкі -- ці гэта максымум?

Папулярны колісь спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка лічыць: мэтанакіраваны “таран” супернікаў на шляху да групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў можна параўнаць са спартовым подзьвігам. Апроч таго, гэта добры штуршок дзяржаўным ведамствам, якія прызвычаіліся патрабаваць вынікаў, нічога не вырашаючы ў пляне фінансаваньня, матэрыяльнага забесьпячэньня. Аднак Уладзімер Даўжэнка кажа, што ў футбольным сэнсе вышэй за ўласную галаву БАТЭ скокнуць пакуль ня можа. Два ачкі ў актыве — сёньняшні максымум каманды:

“Гэта фэномэн БАТЭ, але гэта і вялікі зьбег абставінаў. Такое здараецца. Амаль кожны год нехта туды праскоквае. Той жа “Клуж” румынскі, кіпрскі “Анартосіс”. Бывае, бо сама сетка гэтаму спрыяе. Дзесьці чэмпіянаты яшчэ не пачаліся, дзесьці коштам фарту, шанцаваньня, пляніды. Але справа зробленая добрая, усё гэта ўздыме інтарэс, цікавасьць перадусім да беларускага чэмпіянату. Можа, ён нарэшце і на самой справе пачне падрастаць, а футбольная фэдэрацыя будзе працаваць з разуменьнем, да чаго імкнуцца. А так зусім усё рабілася сьлепа. У гэтым сэнсе, вядома, подзьвіг, але для гурманаў футболу, безумоўна, гэта ня вынік. Два ачкі — гэта цяперашні максымум каманды такога ўзроўню. У любым выпадку сам па сабе факт — гэта здорава, прыемна. Прынамсі, паглядзелі, дзе мы, дзе Эўропа. Гэта вельмі важна. Каб гэтага ня здарылася, чэмпіянат краіны ўвогуле трэба было б закрываць. Бо галоўнае заўсёды — гэта надзея. І ў футболе таксама”.

Шанец дадаць 600 тысяч да 6 мільёнаў

Ці не ўпершыню ў беларускай гісторыі аказалася, што гульнёй можна вырашыць фінансавыя праблемы. БАТЭ — фінансавы аўтсайдэр Лігі чэмпіёнаў зь бюджэтам 5 мільёнаў даляраў. У канкурэнтаў па групе “Н” — “Рэала” і “Ювэнтуса” — сумы набліжаюцца да 400 мільёнаў эўра. Але ўжо вядома, што барысаўцы заробяць у турніры як мінімум 6 мільёнаў эўра. За выхад у групавую стадыю каманда атрымала 3 мільёны эўра; кожная праведзеная сустрэча, незалежна ад выніку, ацэньваецца яшчэ ў 400 тысяч. Нічыя — дадатковыя 300 тысяч у камандную скарбонку (нічыйных вынікаў у БАТЭ два — у матчах зь “Ювэнтусам” і “Зэнітам”). Сёньня апошні шанец атрымаць 600 тысяч эўра — столькі каштуе ў Лізе чэмпіёнаў перамога. Паводле кіраўніцтва БАТЭ, большая частка сродкаў пойдзе на ўзмацненьне складу каманды і ўдасканаленьне базы. Натуральна, што будуць адпаведным чынам уганараваныя і гульцы, якія прынесьлі посьпех ня толькі камандзе, але і ўсяму беларускаму футболу. Галоўны трэнэр БАТЭ Віктар Ганчарэнка прызнаўся, што частку ганарару патраціў на новы аўтамабіль.

Сёньняшняя гульня зь “Ювэнтусам” ніякага стратэгічнага значэньня для БАТЭ ня мае — пры любым раскладзе падняцца з апошняга месца ўжо ня ўдасца. Дый адносна выніку спэцыялісты асабліва зь разьлікамі ня мучацца. Судзьдзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук хоць і спадзяецца на лепшае, аднак аб’ектыўныя ўмовы перашкаджаюць адносіць беларусаў да фаварытаў:

“Канечне, яны ведаюць, што гэта апошні матч у гэтым сэзоне. Потым наступіць заслужаны адпачынак. Таму, я думаю, гледачы павінны быць задаволеныя гэтай гульнёй. Хоць сустрэча будзе няпростая. “Ювэнтус” апошнім часам набраў вельмі добры тэмп у чэмпіянаце Італіі, выйшаў на першае месца. Тое ж самае і ў нашай групе — “Ювэнтус” першы. Таму гульня будзе няпростая. Але яна яшчэ раз пацьвердзіць і пакажа, якія магчымасьці нашага футболу, нашага футбольнага клюбу БАТЭ. Будзем спадзявацца на лепшае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG