Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч атрымае прэмію Польскага ПЭН-клюбу за пераклады польскай паэзіі.
7 cьнежня ў Варшаве, у Каралеўскім замку адбудуцца ўрачыстасьці з нагоды 90-годзьдзя Польскага ПЭН-клюбу. На гэтай імпрэзе будзе і ўзнагароджаньне прэміямі Польскага ПЭН-клюбу замежных перакладчыкаў за пераклады польскай літаратуры.
Сёлета прэміямі Польскага ПЭН-клюбу будуць узнагароджаныя тры замежныя перакладчыкі — беларус Андрэй Хадановіч, немка Рэнатэ Шмідгаль і ўкраінец Андрэй Паўлышын. І нямецкія, і ўкраінскія перакладчыкі раней атрымлівалі такія прэміі (да прыкладу, Польскі ПЭН-клюб узнагароджваў такой прэміяй украінскага літаратара і перакладчыка Максіма Рыльскага за пераклад «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча на ўкраінскую мову). А вось беларус прэмію Польскага ПЭН-клюбу атрымае ўпершыню.
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, выкладчык, літаратар, сьпявак Андрэй Хадановіч перакладае з францускай, ангельскай, расейскай, украінскай. Шмат перакладае і з польскай мовы — ад Адама Міцкевіча да маладых паэтаў:
«Чаму ўвогуле палякі? Здавалася б, культура ніякая не экзатычная, вельмі блізкая нам, і шмат інтэлігентных людзей ведаюць польскую мову і ўмеюць чытаць па-польску. Але пры ўсім пры тым, пры такой блізкасьці мы вельмі мала ведаем адзін пра аднаго. А польская літаратура ў ХХ і на пачатку ХХІ стагодзьдзя — адна з найцікавейшых у Эўропе. Нездарма ж у Польшчы ажно чатыры нобэлеўскія ляўрэаты (Генрык Сянкевіч, Уладзіслаў Рэймант, Чэслаў Мілаш і Віслава Шымборска) — а магло быць і больш», — тлумачыць свой інтарэс Андрэй Хадановіч.
У адрозьненьне ад сваіх калегаў, якія збольшага перакладаюць клясычную польскую літаратуру альбо выбіраюць тыя польскамоўныя творы, якія нейкім бокам маюць дачыненьне да Беларусі, Хадановіча палякі цікавяць як палякі, як суседзі:
«Я сьвядома перакладаю чужое, робячы гэта сваім. На 99% тое, што я перакладаў, — гэта літаратура ХХ і ХХІ стагодзьдзяў. Гэта паэзія нобэлеўскіх ляўрэатаў Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай. Гэта паэзія аўтара, які выпадкова не атрымаў Нобэля, бо роля яго вельмі важная была ў сьвеце — гэта Зьбігнеў Гербэрт. Гэта паэзія віртуознага, вельмі складанага для перакладу — але разам з тым гэта прыносіць і асалоду адмысловую — пошук і спробы перастварыць — бліскучага, чароўнага, музычнага Канстанты Ільдэфанса Галчынскага. Можна сказаць, гэта галоўная мая паэтычная любоў, гэта першы паэт, якога я перакладаў з калегамі і выдаваў асобнай кніжкай. І гэта паэт, над перакладамі якога я цяпер працую.
Акрамя галерэі вечна жывых аўтараў, ужо клясыкаў ХХ стагодзьдзя, для мяне вельмі істотна, каб выходзілі кніжкі жывых аўтарытэтных польскіх паэтаў, якім ёсьць што сказаць нам, якіх можна запрасіць на паэтычны фэстываль, на прэзэнтацыю. Я рады, што выдавецтва „логвінаЎ“ падтрымлівае мяне і выдае кніжную сэрыю сучаснай польскай паэзіі. Некалькі гадоў таму зьявілася кніга Рышарда Крыніцкага, літаральна месяц таму выйшла кніга Эвы Ліпскай, і ўжо на падыходзе кніга Богдана Задуры — сучаснага іранічнага паэта — з правакацыйнай назвай „Труны з ІКЕА“. Спадзяюся, разам з кніжкай на фэстывалі імя Міхася Стральцова зьявіцца і аўтар».
Андрэя Хадановіча зацікавіла і польская сьпяваная паэзія. Некалькі гадоў ён працаваў як перакладчык з тэкстамі Яцэка Качмарскага, якога ня толькі пераклаў, але і паспрабаваў перасьпяваць. І зьявіўся дыск «Муры» — Андрэй Хадановіч сьпявае Яцэка Качмарскага.
«Асобная прыгода для мяне — польская драматургія. Аднойчы я, думаючы пра тэатар, перакладаў вершаваную камэдыю Аляксандра Фрэдры „Помста“. Пакуль яна не пастаўлена, але, спадзяюся, дойдзе да нашых падмосткаў. А вось кніга ёсьць», — кажа Хадановіч.
Летась у кастрычніку, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь беларускім літаратарамі, у тым ліку і зь незалежнымі, Андрэй Хадановіч казаў пра набалелае — пра перакладчыцкую працу. Казаў, што па-добраму зайздросьціць краінам-суседкам, дзе ёсьць папяровыя часопісы, прысьвечаныя замежнай літаратуры, і пацікавіўся, ці не насьпеў час арганізаваць штосьці падобнае ў Беларусі. І нават падараваў Лукашэнку два экзэмпляры кніжнай прадукцыі выдавецтва Ігара Логвінава — кнігі нобэлеўскіх ляўрэатаў Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай у перакладзе на беларускую.
Што да школы перакладчыкаў, стаўленьня дзяржавы да праблемы, Андрэй Хадановіч заўважае:
«Сёньня ў Беларусі паўстае школа цікавых, годных перакладчыкаў, людзей, якія ведаюць шмат замежных моваў, перакладаюць з арыгіналаў, ня толькі старанна, дакладна перадаюць выказваньні замежнага пісьменьніка, але і робяць з гэтага добрую беларускую літаратуру, творы, якія з асалодай, цікавасьцю, прыемнасьцю чытаюцца па-беларуску. Разам з тым, з такой прафэсіяналізацыяй беларускага перакладу адбыўся поўны заняпад што да падтрымкі. Большасьць такіх твораў паўстае альбо на голым энтузіязьме, альбо зь мінімальнай падтрымкай. Безумоўна, пераклад інструкцыі да пыласмока альбо праца ў кабінцы перакладчыкам-інтэрпрэтатарам лепш корміць перакладчыка, чым складанае, самаадданае няўдзячнае перакладаньне добрай літаратуры».
У беларускіх перакладчыкаў дагэтуль няма друкаванага часопіса. Шэсьць гадоў таму зьявіўся «Прайдзісьвет» — інтэрнэт-выданьне.
Ва ўсім сьвеце большасьць дзяржаваў актыўна падтрымліваюць перакладчыкаў, разумеюць, што перакладчыкаў трэба заахвочваць, кажа старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:
«Інстытут Гётэ ў Нямеччыне, Польскі інстытут, Інстытут кнігі ў Кракаве, іншыя фундацыі разважаюць так: каб культура была заўважная ў сьвеце, трэба падтрымліваць агентаў гэтай культуры. Здаецца мне, толькі ў нас ня робіцца амаль нічога. Прычым гэта два бакі аднаго працэсу — дзеля таго, каб беларуская літаратура была заўважная ў сьвеце, і дзеля таго, каб усясьветныя шэдэўры зьяўляліся па-беларуску. На сёньня роля беларускага перакладчыка, ягоная дзейнасьць адбываецца насуперак аб’ектыўным абставінам. Хтосьці перакладае з ідэйных прычынаў, хтосьці перакладае, каб „паказаць зубы“, маючы амбіцыі, давесьці ўсім, і ў першую чаргу самому сабе, што можаш. Хтосьці — і такія людзі мне асабліва сымпатычныя — перакладае, таму што ня можа не перакладаць, бо вельмі любіць гэтую працу».