Падчас выбарчай кампаніі асобныя інтэрнэт-рэсурсы парушалі выбарчае заканадаўства і закон аб СМІ, заявіла журналістам 6 кастрычніка міністар інфармацыі Лілія Ананіч.
«Калі асобныя інтэрнэт-рэсурсы публікавалі заклікі да байкоту выбараў — гэта прамое парушэньне выбарчага заканадаўства. Калі мы такія рэсурсы аналізуем, мы ня можам ня бачыць, што асобныя СМІ ставілі некалькі іншую задачу, чым асноўнае інфармацыйнае поле. Думаю, вы і самі ведаеце гэтыя рэсурсы».
На пытаньне, ці зьяўляюцца такія парушэньні адзінкавымі ці сыстэмнымі, міністар адказала:
«У кожнага СМІ ёсьць свой твар. Ёсьць рэсурсы, якія ў той ці іншай ступені працавалі на тэму байкоту выбараў. Я іх не называю, але парушэньні заканадаўства не могуць выпарацца: калі яны ёсьць, яны фіксуюцца. І такая аналітычная праца ў Міністэрстве інфармацыі вядзецца, вядзецца усімі структурамі.
Наўрад ці можна не заўважаць, што ў асобных сродкаў масавай інфармацыі, хутчэй гэта адносіцца да інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў большай ступені зарэгістраваныя за межамі краіны, у гэтай выбарчай кампаніі былі свае спэцыфічныя задачы».
Пры гэтым Ананіч адмовілася адказваць на пытаньне, ці будзе міністэрства рэагаваць на такія парушэньні, перадае БелаПАН.