Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бобр


Ягор Маёрчык, Бобр, Крупскі раён, Меншчына (эфір 24 лістапада) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

За тры гады, што мінулі ад маёй папярэдняй сюды вандроўкі, на ўезьдзе ў Бобр так і не зьявілася шыльды з назвай мястэчка. Паселішча дагэтуль так і не абазначанае. У Бабры найперш я скіроўваюся да мастака Алеся Пушкіна. Над ягонай хатай лунае бел-чырвона-белы сьцяг, да сьцяны прыбітая шыльда “Карцінная галерэя”.



(Пушкін: ) “Для Бабра адбыліся даволі значныя зьмены: пакладзены новы асфальт, мы бачым працоўны дрэвакамбінат, будуецца велічэзнае СПК “Кляновічы”, куды інвэставана 18 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэта ўсё адбылося пасьля таго, калі народ не атрымліваў заробку, калі народам грэбавалі... І адзін герой, Уладзімер Карпека зрабіў надзвычай жахлівы ўчынак. На знак пратэсту, што яму не выплачваюць заробку, ён абліў бэнзінам старшыню калгасу, падпаліў яго і пашкодзіў самога сябе. У выніку ён прымусіў дзяржаўныя органы займацца нашай мясцовасьцю. Я бяру грэх на душу, называючы гэта добрым учынкам, але ў тых мовах, якія былі, гэта быў адзіна правільны выхад”.

За злоўжываньне службовым становішчам і фінансавыя махлярствы колішняга кіраўніка калектыўнай гаспадаркі Тамаза Гаргадзэ пакаралі дзевяцьцю гадамі папраўчай калёніі. Уладзімера Карпеку апраўдалі, аднак за два гады ён так і ня змог знайсьці працы ў Крупскім раёне Меншчыны. І толькі пару месяцаў таму ўладкаваўся ў сталіцы. Цяпер на малой радзіме Карпека рэдкі госьць — прыяжджае выключна на выходныя.

Па Бабры ходзяць пагалоскі, што сьледчыя, якія вялі разьбіральніцтва, настойвалі на арышце кіраўніка Крупскага райвыканкаму і ягоных намесьнікаў. Як вынік, справу замялі — і за краты патрапіў толькі адзін Гаргадзэ. Я сустрэўся з колішнім апэратыўным супрацоўнікам крымінальнага вышуку Аляксеям Сімановічам.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі ўспрынялі сытуацыю з Карпекам?”

(Сімановіч: ) “Яны ўспрынялі гэта як подзьвіг. Я нават сам ганарыўся за гэтага чалавека. Пра яго казалі як пра нацыянальнага героя. Я неаднаразова ставіў сябе на ягонае месца. Каб я атрымліваў заробак 31 сьнежня ў той час, калі ўжо ўсе крамы зачыненыя і я нават не магу набыць дзіцяці цукерак, магчыма, я пайшоў бы на больш крайнія меры”.

(Карэспандэнт: ) “Жыхары Бабра гавораць, што тыя людзі, які расьсьледавалі гэтую справу, таксама пацярпелі”.

(Сімановіч: ) “Расьсьледаваньне справы адбілася на маім лёсе. Мяне далучалі да расьсьледаваньня, бо я зьяўляўся куратарам тэрыторыі Бабра. І я ўдзельнічаў як супрацоўнік пэўных структураў. Як вынік, мяне звольнілі. Пацярпелі і мае таварышы, ім наверсе сказалі: “Калі вы будзеце сунуць нос не ў свае справы і працягнеце расьсьледаваньне, няма гарантыі, што вы самі не пацерпіце”. Гэта значыць, што бясьпека іхным сем’ям і іхная асабістая бясьпека не гарантуецца”.

Крымінальныя гісторыі Бабра не абмяжоўваюцца гучнай справай “Карпека—Гаргадзэ”. У мястэчку жыве крымінальны аўтарытэт Аляксей Арлоў. Гэты чалавек 16 год свайго жыцьця адседзеў у калёніях на поўначы Савецкага Саюзу. А пачалося ўсё зь вечарыны ў мясцовай школе. Хлопцы нешта не падзялілі і праўду ў спрэчцы пачалі шукаць пры дапамозе кулакоў. Тое, што адбылося далей, цягне на сюжэт для дэтэктыву:

(Арлоў: ) “Там Ленін стаяў. Можа, я і зачапіў Леніна гэтага. Ленін упаў. І яны мне склалі пратакол, што я быў п’яны і таптаў нагамі Леніна, абражаў яго. Мне далі чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Мяне накіравалі па этапе на лесапавал. Станцыя Чарнакозава. Чачэны ведаеш, якія? Рускіх ня любяць. Абражаюць: алехан, алехан — значыць, расеец. А я кажу: “Які я вам алехан, калі я беларус?” Калі ён падышоў, я яму адразу “пікавінай” у бок. А пасьля яшчэ раз. Далі 12 гадоў узмоцненага рэжыму. Я ніколі ня думаў, што вызвалюся. Я ехаў дадому ў Бобр. Бярозкі, елачкі — усё павырастала. Столькі часу прайшло! І я ад гэтага плакаў, што гэта змарнаваны час. Можа, я б вывучыўся і стаў якім-небудзь дырэктарам ці аграномам. А так — супакоіўся, жыву вось пакрысе”.

Гэта быў запіс з архіву Радыё Свабода. Праз тры гады Аляксей Арлоў ужо не беспрацоўны. Цяпер ён кіроўца на машыне хуткай дапамогі ў амбуляторыі.

(Арлоў: ) “Справы нашы пагаршаюцца. Няма стабільнасьці. Калі мы размаўлялі з вамі мінулы раз, была вера ў прэзыдэнта — можа, нешта зьменіцца. Але нічога не мяняецца”.

(Карэспандэнт: ) “Вуліцы заасфальтавалі, мост рамантуюць, пункт абмену валюты адчынілі”.

(Арлоў: ) “Гэта пункт для алігархаў! Я кіроўца першай клясы зь вялікім стажам. Я атрымліваю 200 тысяч. Ці магу я зайсьці ў гэты абмену пункт?”

(Карэспандэнт: ) “А як з мэдыцынай у Бабры?”

(Арлоў: ) “Тут мэдыцына вельмі слабая. Мне далі машыну ЎАЗ-469. Галоўны лекар Сівіц забраў яе сабе, езьдзіць на паляваньне, а мне аддаў сьпісаную “Ранту”. Ёй ужо адзінаццаць гадоў! Куды я магу на ёй паехаць?!”



(Карэспандэнт: ) “Колькі яшчэ ваша машына прабегае?”

(Арлоў: ) “Матор можа ляснуцца і заўтра”.

(Карэспандэнт: ) “А калі яна накрыецца, на чым будзеце езьдзіць па акрузе?”

(Арлоў: ) “Я іх некалі і на кані сваім вазіў. Яны гавораць: “Калі хочаш працаваць, завадзі машыну ці бяры каня і едзь!”

(Карэспандэнт: ) “А людзі ў Бабры ў які бок мяняюцца?”

(Арлоў: ) “Людзі ў нешта вераць. Можа, яны вераць у Бога, а можа, у тое, што ня выберуць гэтага прэзыдэнта. Можа, прыйдзе які іншы чалавек, распачне новы курс. А то мы тупаем на месцы. Нам патрэбная гэтая бібліятэка? Ці даеду я туды? Ці мае дзеці туды даедуць? Нам патрэбны побыт, праца і ўладкаванае жыцьцё”.

Тутэйшы калгас скасавалі і далучылі да суседняй гаспадаркі “Кляновічы”. Там ствараюць узорна-паказальную гаспадарку. Пасьля таго, як у Бабры скасавалі калектыўную гаспадарку, апусьцела і калгасная кантора. Падлога ва ўсіх пакоях усыпаная дакумэнтамі. У горах гэтых папераў утрымліваецца процьма дакумэнтаў, якія сьведчаць пра працоўны стаж жыхароў мястэчка Бобр. Людзі кажуць, што ўжо былі выпадкі, калі навасьпечаныя пэнсіянэры прыходзілі сюды і корпаліся ў горах папераў, шукаючы свае пэрсанальныя справы. У гэтых пакоях можа адшукаць вельмі цікавыя дакумэнты. Прыкладам, на мае вочы трапіла тэчка “Плян працы”. У ёй падшытыя пратаколы паседжаньня камсамольскай арганізацыі. Тут можна сустрэць такія тэмы: падрыхтоўка да 115-й гадавіны ад дня нараджэньня Ўладзімера Леніна, а 15 сакавіка 1985 году супрацоўнікі абмяркоўвалі артыкул “Адказы таварыша Чарненкі на пытаньні тэлекампаніі CNN”. Адметная дэталь: апроч паперы, тут можна пабачыць вельмі шмат бутэлек ад сьпіртовых напояў. У самым цэнтры на падлозе ляжыць вялікая тэчка “Дзяржаўны акт на вечнае карыстаньне зямлёй калгасамі”.



Вяртаемся ў мінулае. 2002 год. Жыхар Бабра Рыгор Анупрыенка выводзіць новыя гатункі бульбы. Ураджайнасьць на ягоных палетках большая за калгасныя паказьнікі ў некалькі разоў. Плады сваёй дзейнасьці ён прадае месьцічам. Тыя, хто не жадае плаціць, начамі робяць налёты на ягоны агарод.

(Анупрыенка: ) “Я спрабую на гэтай зямлі вырасьціць ураджай бульбы, якім бы я ганарыўся, вывесьці такія гатункі і прадаць потым людзям, якія б палегчылі іхную працу на гэтай зямлі”.

2005 год. Спадар Анупрыенка працуе інжынэрам на адным з прамысловых прадпрыемстваў у Крупках.

(Анупрыенка: ) “Вымушаны быў пакінуць гэты занятак, бо ён не прыносіў мне ня тое што прыбытку, а нават не забясьпечваў самым неабходным. Задаволены, што за гэтыя гады людзям у навакольлі Бабра я перадаў новыя гатункі”.

(Карэспандэнт: ) “Як памяняліся людзі? Як памянялася само мястэчка?”

(Анупрыенка: ) “У горшы бок. Тыя, каго я паважаў, павыміралі. Алькагалізацыя працягваецца. Яны жывуць яшчэ ў большым страху. Яны абазьляюцца адзін на аднаго. Станоўчы момант — ня ўсё людзі сьпіліся і спаганіліся. Ёсьць надзея, што жыцьцё будзе працягвацца і ў Беларусі, і ў Бабры”.

500-гадовая гісторыя Бабра адметная тым, што тут некалі спыняўся Напалеон. У старой стайні імпэратар спаліў сьцягі сваёй гвардыі, а на наступны дзень францускае войска перапраўлялася церазь Бярэзіну. Быў тут некалі касьцёл, але яго разбурылі. Прыбіральні сельскага савету і сёньня месьцяцца на магілах ксяндзоў.



Некалі гадоў таму ў мястэчку адбудавалі праваслаўную царкву. Вернікі зьвярнуліся да Алеся Пушкіна, каб ён расьпісаў яе. Алесь адмовіўся ад ганарару, а замест папрасіў дазволу намаляваць сцэну Страшнага суду. У біблійных пэрсанажах наведнікі царквы пазнавалі Аляксандра Лукашэнку і патрыяршага экзарха Беларусі мітрапаліта Філарэта. Я вяртаюся да размовы з мастаком Алесем Пушкіным.

(Карэспандэнт: ) “Пэрсанальныя вынікі за тры гады — чым можаш пахваліцца?”

(Пушкін: ) “У мяне нарадзіўся сын Міколка. Другая падзея — гэта зафарбоўка фрэскі, якую я намаляваў у роднай царкве”.



(Карэспандэнт: ) “Але я паглядзеў, што не да канца замалявалі фрэску. Сцэна Страшнага суду, дзе Лукашэнка побач зь Філарэтам, замаляваная, аднак крыху ніжэй можна пабачыць працяг — гэта крамлёўскія вежы з зоркамі і баран, на якім карона, ён сядзіць у крэсьле, якое нагадвае манархічны трон. Атрымліваецца, што не да канца замалявалі?”

(Пушкін: ) “Так, не да канца. І яшчэ здарыцца цуд”.

(Карэспандэнт: ) “А праўда ці не, што часам Лукашэнка праступае скрозь белыя плямы?”

(Пушкін: ) “Так. Цуды пачынаюць тварыцца ў той час, калі ў Беларусі адбываюцца лёсавызначальныя падзеі”.

На адным зь першых набажэнстваў у яшчэ неасьвечанай царкве перакананая камуністка баба Юля падняла вочы на столь, убачыла выяву цяперашняга кіраўніка Беларусі і страціла прытомнасьць. У часе нашай першай сустрэчы Юлія Рупец катэгарычна ўсё адмаўляла:

(Рупец: ) “Я там нікога ня бачыла. Шчыра кажу! Крыж на пуза, што шчыра! Чэснае партыйнае: я ня бачыла! Толькі сьвятыя намаляваныя, дык я і не заўважыла, дзе там Лукашэнка. Хто яго ведае?”



Праз тры гады з спадарыняй Рупец мы сустракаемся не ля царквы, а ў ейнай хаце. Слабая старая сядзіць на ложку, побач столік, завалены пакункамі зь пігулкамі.

(Карэспандэнт: ) “Некалі размаўлялі з вамі, і вы казалі, што падтрымліваеце Аляксандра Лукашэнку. Ці зьмянілася ваша стаўленьне да яго?”

(Рупец: ) “Калі-нікалі мы яго ругаем. Мы ўсё жыцьцё жылі і плацілі за зямлю, а ён цяпер зрабіў так, што зямлю трэба выкупаць. Шмат трэба грошай на гэта. Я напісала заяву — заплаціла 30 тысяч за паслугі, абмералі — трэба заплаціць 100 тысяч за гэта. А пасьля яшчэ трэба будзе 300 тысяч заплаціць за зямлю”.

(Карэспандэнт: ) “За гэтыя тры гады ў вас царкву асьвяцілі, бо калі я прыяжджаў мінулы раз, яна была не асьвечаная…”

(Рупец: ) “Цяпер асьвяцілі. Алесь жа быў вінаваты, што яе не асьвячалі. Ён там Лукашэнку зь Філарэтам намаляваў. Таму Філарэт і не прыяжджаў яе асьвячаць”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі як да гэтага паставіліся?”

(Рупец: ) “Лаялі Алеся за тое, што намаляваў. Нельга было маляваць, бо ён людзей адпужваў”.

Рэакцыя бабы Юлі, а таксама выказваньні іншых суседзяў Алеся Пушкіна падштурхнулі задаць яму наступнае пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “Я памятаю, тры гады таму, калі мы вандравалі па вуліцах Бабра, месьцічы досыць неадназначна ставіліся да тваёй асобы. Адны ветліва здароўкаліся, а іншыя агрэсіўна выяўлялі сябе. Ці зьмянілася стаўленьне людзей да тваёй асобы?”

(Пушкін: ) “Усё адно я застаюся чалавекам, якому да канца ня вераць. Яны лічаць, што занятак мастацтвам — гэта прыкрыцьцё. Маўляў, Пушкін піша краявідзікі, бярозкі і натурморты, а прыйдзе час — ён будзе паказваць ліхтарыкамі НАТОўскім самалётам, куды бамбіць, расчыніць вароты НАТОўскім танкам”.



(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць што бамбаваць у Бабры?”

(Пушкін: ) “Я мяркую, што няма”.

(Карэспандэнт: ) “І другое пытаньне: ці ёсьць у Бабры брама, якую можа адчыніць перад НАТОўскімі танкамі?”

(Пушкін: ) “І брамы ў Бабры няма”.

За тры гады стасункі Алеся Пушкіна і ягоных суседзяў істотна не зьмяніліся. Праўда, аднойчы супрацоўнікі Барысаўскай управы КДБ з мастака ледзь не зрабілі тэрарыста. Дамо слова дзядзьку Анатолю:

(Анатоль: ) “Прыехалі на 1 траўня. Узялі Валодзю і Сяргея Акуневіча, мяне шукалі, але яны мяне не знайшлі. Іх адвезьлі ў Барысаў. Іх там дапытвалі. Нейкі 6-ты аддзел КДБ. Яны пасьля адпусьцілі і папярэдзілі, што Пушкін рыхтуе тэракт. Пасьля прыехалі зноў. А я на 9 траўня каровы пасьвіў. “Прызнавайся!” Я кажу: “У чым? Я каровы пасьвю! Якія тэракты?! Я нічога не разумею! Я жыву ў вёсцы, якія тут могуць быць тэракты?!”

(Карэспандэнт: ) “У чым яны прасілі, каб вы прызналіся?”

(Анатоль: ) “Што я раблю нейкія бомбы, што хачу мэтро падарваць”.

Пра дзеяньні супраць сябе Алесь Пушкін уведаў ад тых, каго цягалі на допыты. На нейкі час і без таго няпростыя стасункі зь месьцічамі яшчэ болей пагоршыліся.

(Пушкін: ) “Мне было гэта вельмі непрыемна. Я заходзіў у вясковую краму, і са мной усе пераставалі размаўляць, панавала насьцярожанае стаўленьне. Пры мне змаўкалі размовы, і людзі не глядзелі мне ў вочы”.

(Карэспандэнт: ) “А што ты хацеў падарваць і колькі грошай ты за гэта людзям прапаноўваў?”

(Пушкін: ) “Паводле легенды атрымлівалася, што Пушкін арганізаваў злачынную групоўку, куды ўваходзілі мясцовыя аўганцы і крымінальнікі. Пушкін абяцаў 5 тысяч даляраў кожнаму за тое, каб падарваць мэтро 9 траўня 2003 году”.



Тры гады таму я запытаўся ў мастака, у чым асаблівасьць жыцьця ў Бабры. Адказ быў такі: у нашым мястэчку, каго ні вазьмі, той і асоба. Падзеі, якія адбыліся з часу першай вандроўкі ў Бобр, толькі пацьвярджаюць гэтыя словы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG