Перадача першая. Адраджэньне культу сьвятых абразоў
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Зялёны травень, месяц між вясной і летам, паводле каталіцкай традыцыі, цалкам прысьвечаны адмысловаму шанаваньню Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Цягам гэтага месяца вернікі зьбіраюцца, каб разам маліцца ў сьвятынях альбо ля каплічак ці прыдарожных крыжоў, просячы заступніцтва Марыі, Маці Божае. На 10 траўня ў рэлігійным календары прыпадае дзень шанаваньня абраза Маці Божае Лагішынскае, Каралевы Палесься. Гэты фэст паўстаў ня так даўно, як і іншыя адроджаныя рэлігійныя традыцыі”.
(Сяргей Харэўскі: ) “Так, культ сьвятых абразоў адраджаецца па ўсёй Беларусі. І сапраўды, вельмі яскравым прыкладам тут — нядаўні фэст у Лагішыне, у гонар цудатворнага абраза Маці Божае Лагішынскае. Яшчэ якіх дзесяць гадоў таму пра яго мала хто ведаў. Марна шукаць зьвестак пра гэты ўнікальны здабытак нашае культуры ў энцыкляпэдыях і даведніках. Гэты абраз больш за паўстагодзьдзя быў схаваны ад цікаўных вачэй. А найперш ад атэістычных савецкіх уладаў”.
(Ракіцкі: ) “Калі, зь якой падзеі пачалося вяртаньне, адраджэньне цудатворнага абраза Маці Божай Лагішынскай?”
(Харэўскі: ) “10 траўня 1997 году ў Лагішыне адбылася вялікая ўрачыстасьць, прысьвечаная яго каранацыі. Тады сабралася некалькі тысяч вернікаў. Дзякуючы намаганьням кардынала Казіміра Сьвёнтка, абраз, які да таго часу быў у вельмі кепскім стане, быў адрэстаўраваны й зноў урачыста перададзены лагішынскаму касьцёлу Пятра й Паўла, дзе й быў каранаваны нашым кардыналам каронамі ад Яна Паўла ІІ. Тады гэта была нечуваная паводле маштабу ўрачыстасьць, у якой бралі ўдзел усе беларускія біскупы, госьці з усяго краю й з-за мяжы. Гэтак легендарны цудадзейны абраз, пра які яшчэ мала што ведама нават адмыслоўцам, гісторыкам мастацтва, зноў зазьзяў над Палесьсем”.
(Ракіцкі: ) “А чым жа ён уславіўся? Якія гісторыі зьвязаныя менавіта з гэтым абразам з Лагішына?”
(Харэўскі: ) “Сам абраз, вераемна, паходзіць з XVI стагодзьдзя, мяркуючы па характары жывапісу й іканаграфіі. Цяжка сказаць, калі ён зьявіўся ў Лагішыне, бо тутэйшая парафія – адна з найстарэйшых у нашай краіне. Затое з XVII стагодзьдзя да нас дайшло такое паданьне:
“...У часах швэдзкага “патопу”наш край моцна цярпеў ад вайсковых наездаў. Аднаго дня атрад збройных наймітаў атабарыўся ў слаўным Лагішыне. Галоўны камандзір таго атраду, нейкі Галабурда, вырашыў забраць цудоўны Абраз Маці Божае сабе й зьвезьці яго з краю. Але сталася так, што ён загасьцяваўся ў местачковага солтыса Лагішына, у пана Малішэўскага. Той Галабурда загарнуў быў абраз у радно й паставіў каля дзьвярэй у сенцах. А як зьнянацку зайгралі рушэньне, то й абраз застаўся ў солтысавай хаце. Пэўна, сама Апякунка нашая зьбіла з панталыку камандзіра наймітаў, схаваўшыся ад ягоных хцівых вачэй. Пабожныя ж Малішэўскія занесьлі цудоўны абраз ў сьвятыню, дзе ён неўзабаве ўславіўся шматлікімі цудамі. Асаблівае заступніцтва Маці Божай, Каралевы Палесься, выявілася, калі ацаліла сьвятыню ад вялікага пажару, у часе якога згарэлі блізу ўсе дамы Лагішына...”
(Ракіцкі: ) “Увогуле, нічога фантастычнага ў гэтым паданьні няма. Але адкуль усё ж абраз зьявіўся ў Лагішыне, хто яго намаляваў?”
(Харэўскі: ) “А гэта пакуль сапраўдная таямніца для гісторыкаў мастацтва. Ведама, што ён быў тут у касьцёле ў XVIII стагодзьдзі. Дакумэнтальна ведама таксама, што пасьля паўстаньня Каліноўскага старасьвецкі касьцёл быў забраны пад праваслаўную царкву. Тамсама доўгія гады знаходзіўся й абраз, на які маліліся тады праваслаўныя. Але й каталікі не забывалі пра яго і прыходзілі маліцца да яго ў царкву. У рэшце рэшт дзецюкі-каталікі ўначы таемна вынесьлі абраз Маці Божае з царквы і перанесьлі яго да свайго храма. Такая вось двухсэнсоўная акалічнасьць. Гэта было ў 1938 годзе. Абраз быў адноўлены, і біскуп Казімер Букраба ўрачыста зьмясьціў яго ў галоўным аўтары лагішынскага касьцёла. А праз год была вайна. Што праўда, Лагішын збольшага ацалеў, цудам зьберагліся й царква й касьцёл. Але пасьля вайны абраз меў патрэбу ў зямных заступніках ад бязбожнай улады. І атрымаў яе. Хіба ня цуд?”
(Ракіцкі: ) “Якія яшчэ цудоўныя абразы зьявіліся ці адкрыліся за апошнія гады? Я маю на ўвазе тыя, пра якія насамрэч маўчалі падручнікі й энцыкляпэдыі савецкіх часоў”.
(Харэўскі: ) “Іх аказалася багата! Іх яшчэ нават не пасьпелі ўвесьці ў навуковы ўжытак цывільныя адмыслоўцы, мастацтвазнаўцы ды гісторыкі. Апроч такіх вядомых абразоў Маці Божае, як цудоўны слынны на ўвесь сьвет Жыровіцкі; Тракельскі, Браслаўскі, што шырака быў ведамы таксама й ўвесь час быў у касьцёле, ці копія 1659 году цудатворнага Баркалабаўскага абраза, што перахоўваецца да сёньня ў быхаўскай царкве Сьвятое Тройцы, ды яшчэ некалькіх, за гады незалежнасьці Беларусі аб’явіўся яшчэ з тузін цудоўных абразоў. Прыкладам, зусім унікальны бізантыйскі абраз XIV стагодзьдзя ў Гудагаі, што паводле паданьня патрапіў туды праз полацкіх купцоў. Гэта абраз Маці Божай Наваградзкай. Быў наноў здабыты, адшуканы для нас абраз Маці Божае Берасьцейскае...”
(Ракіцкі: ) “Той самы абраз Маці Божае Берасьцейскае, што таксама быў каранаваны Янам Паўлам ІІ?”
(Харэўскі: ) "Так, менавіта. У берасьцейкім касьцёле Святога Крыжа знаходзіцца нядаўна каранаваны абраз Маці Божай. Цудадзейны абраз XVI стагодзьдзя ў старасьвецкіх сярэбраных шатах застаўся ад тутэйшага дамініканскага кляштара. На ім выява Марыі ў малітоўнай паставе, са складзенымі рукамі. Яна схіляе галаву над Немаўляткам. Рэдкі кампазыцыйны прыём: Маці Божая схілілася над калыскай Хрыста, а ня туліць Яго да грудзей. Праваруч Багародзіцы –Ян Хрысьціцель. Ягоны позірк скіраваны на Збаўцу.
Абраз – копія з рымскай базылікі Santa Maria Maggiorе. Папа Клеменс VІІІ падараваў абраз Маці Божай біскупу Іпацію Пацею, які быў у складзе беларускай дэлегацыі дзеля заключэньня Уніі. Той, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, зьмясьціў сьвятыню ў дамініканскім касьцёле ў мястэчку Шараўка на Падольлі. Крымчакі былі скраўшы абраз, але ваявода Патоцкі вярнуў абраз і зьмясьціў яго ў радавой капліцы ў Берасьці. Ацалеў абраз і ў час маскоўскага наезду ў 1660 годзе. Шматлікія сьвятыні Берасьця былі зьнішчаныя ў ХІХ стагодзьдзі, калі маскалі зруйнавалі старажытны горад, а на яго месцы ўзьвялі сваю крэпасьць. Абраз, аданак, ацалеў і ў 1851 г., калі гарэў дамініканскі касьцёл, і пазьней, як яго разбурылі расейцы, і значна пазьней, калі ўжо камуністычныя ўлады ўсталявалі новы маскоўскі парадак”.
(Ракіцкі: ) "Якімі ж цудамі ўславіўся гэты сьвяты абраз Маці Божай Берасьцейскай? З-за чаго яго гэтак шануюць?"
(Харэўскі: ) "Згадкі пра цуды, зьдзейсьненыя праз пасярэдніцтва Маці Божай Берасьцейскай сягаюць у глыбіню стагодзьдзяў. Жонка гетмана Мікалая Патоцкага была лютаранкай. Калі яна дазналася пра цяжкую хваробу мужа, то штодня перад абразом прасіла аб ягоным выздараўленьні. Калі просьба яе была пачута, яна прыняла каталіцкую веру. Вестка абляцела ўсю Рэч Паспалітую, і з тых часоў да Слаўнай Заступніцы пачалі прыходзіць тысячы пілігрымаў. У часе Другой Усясьветнай вайны абраз ацалеў літаральна цудам. Пасьля вайны касьцёл у Берасьці быў разрабаваны, 37 абразоў былі зьнішчаныя, як ўсе касьцёльныя рэчы, мэбля, арганы. У тыя часы маскоўска-камуністычных рэпрэсіяў Бог натхніў Андрэя Чарняка, простага чалавека, які, рызыкуючы ўласным жыцьцём, схаваў цудоўны абраз Маці Божай. Вось вам і яшчэ адзін цуд! Толькі ў 1968 годзе (!)берасьцейскія вернікі пачалі выстаўляць яго ў капліцы на ўскрайку горада.
У 1990 годзе каталікам вярнулі храм Узвышэньня Сьвятога Крыжа, дзе больш за 40 гадоў быў музэй. Касьцёл набыў пакрысе першапачатковы выгляд, і ў 1992 годзе быў кансэкраваны. А тады з ўрачыстай працэсіяй абраз быў перанесены на сваё звыклае месца. Вось толькі тады пра гэты абраз Маці Божай Берасьцейскай і дазналіся па ўсёй Беларусі і па ўсім сьвеце. І 30 чэрвеня 1996 году ён быў укаранаваны папскімі каронамі. Гэта была сёмая каранацыя абраза Маці Божае на Беларусі і першая пасьля аднаўленьня нашае дзяржаўнасьці. Сама яго складаная гісторыя ёсьць найвялікшы цуд: ён перажыў шматлікія іншаземныя нашэсьці, скасаваньне берасьцейскіх кляштараў і поўнае зьнішчэньне старога Брэста ў 1830-я гады, дзьве ўсясьветныя вайны, разгул атэістычнага вандалізму".
(Ракіцкі: ) “Якія яшчэ абразы ў Беларусі былі каранаваныя Янам Паўлам ІІ за гады незалежнасьці?”
(Харэўскі: ) “Апроч згаданых ужо мною абразоў Маці Божае Берасьцейскае й Маці Божае Лагішынскае, у 1998 годзе быў каранаваны абраз у Будславе, пры агромністым зборы народу, у часе трыюмфальнай урачыстасьці было абвешчана брэвэ Яна Паўла ІІ аб каранацыі "абраза Багародзіцы, які ў касьцёле Маці Божай Унебаўзятай у мястэчку Будслаў карыстаецца глыбокаю пашанаю". 2 ліпеня будзем адзначаць гэтае сьвята Маці Божай Будслаўскай – Апякункі Беларусі. І ў Лагішыне, і ў Будславе цяпер санктуарыі. У Лагішыне – санктуарый Маці Божай Каралевы Палесься, у Будславе – нацыянальны санктуарый. Былі каранаваныя папскімі каронамі таксама абразы Маці Божай Кангрэгацкай у Горадні, пад апекаю якой цяпер Гарадзенская дыяцэзія, студэнты і моладзь Беларусі.
Таксама папскімі каронамі быў каранаваны летась у Менску абраз "Імя Марыі Беззаганна Зачатай", што быў асьвечаны Янам Паўлам ІІ на плошчы сьвятога Пятра ў Рыме 29 верасьня 2004 году. А 10 сьнежня 2005 году ў менскай архікатэдры Найсьвяцейшае Панны Марыі адзначалася вялікая падзея, што пазначыла завяршэньне значнага этапу ў адраджэньні галоўнай каталіцкай сьвятыні Беларусі ды й хрысьціянства наогул у нашым краі. Каранацыя менскага абраза — незвычайная, таму што ён пакуль што ня мае доўгай гісторыі, пры ім яшчэ не адбылося аздараўленьня ці навяртаньня. Хоць хто ведае… Час пакажа”.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, у новай Беларусі было каранавана 5 абразоў. Ян Павал ІІ гэтак і ня здолеў наведаць Беларусь, нягледзячы на вялікае сваё жаданьне. Цяперашнія беларускія ўлады не дапусьцілі ягонага візыту. Але тым ня менш, папскія воты, кароны, падораныя Яна Паўлам ІІ, патрапілі ў Беларусь і зьзяюць тут. Што гэта азначае для краіны?”
(Харэўскі: ) “Галоўнае, як сказаў кардынал Казімер Сьвёнтак, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, падчас каранацыі Маці Божай Берасьцейскай: "Добрыя людзі зьбераглі Яе для нашчадкаў. Дзякуй Богу, розум вяртаецца да нас". А што тычыцца ўласна каронаў, то памяць пра Яна Паўла ІІ застанецца празь іх і ў сэрцах вернікаў і ў нашай нацыянальнай памяці. Ня здолеўшы пры гэтых уладах наведаць Беларусь, ён пакінуў па сабе шчодрыя дары для беларусаў. Перадусім, духоўныя дары. Пантыфікат Яна Паўла ІІ, такім чынам, застанецца неад’емнай часткаю нашае найноўшае гісторыі”.
Перадача другая. Традыцыя каранаваньня цудадзейных абразоў
(Ракіцкі: ) “Увогуле – адкуль паходзіць традыцыя каранаваньня абразоў у каталікоў?”
(Харэўскі: ) “У раньнім сярэднявеччы каранацыі выяваў сьвятых здараліся спарадычна. Рабілася гэта ў выключных выпадках, калі штомоцы трэба было вымаліць ласку ў Маці Божай і Яе Сына. Адным зь першых такі выпадак адбыўся ў 732 годзе, калі папа Рыгор ІІІ, жадаючы залатвіць зьнявагу, нанесеную сьвятым абразам іканаборцамі, увянчаў каронаю з чыстага золата абраз Дзевы Марыі, а другую, гэткую ж, павесіў над алтаром. На пачатку XVII стагодзьдзя папа Клімэнт VIII аздобіў каштоўнай каронай адзін з найстарэйшых марыйных абразоў (Панны Марыі) — здаўна шанаваную ў Рыме выяву, званую Salus Populi Romani ў базыліцы Santa Maria Maggiore. Пілігрымы, якія наведвалі папу Клімэнта VIII, атрымлівалі ад яго ахвяраваньні ў выглядзе копіяў гэтага абраза”.
(Ракіцкі: ) “Ці былі пэўныя правілы, паводле якіх адбываліся тыя каранацыі?”
(Харэўскі: ) “Першы каранацыйны абрад паводле правілаў Рымскай камісіі адбыўся ў часе пантыфікату папы Урбана VIII. Тады сабраная папам камісія ў справах каранацыі канчаткова ня вырашыла, ці вобраз Марыі мусіць быць скульптурны альбо маляваны, не зрабіла ніякіх заўвагаў што да іхнай мастацкай якасьці, але затое вылучыла патрабаваньне, каб яны сьведчылі пра важныя гістарычныя падзеі й шанаваліся ўсім народам”.
(Ракіцкі: ) “А дзе адбылася першая за межамі Італіі каранацыя?”
(Харэўскі: ) “Першая за межамі Італіі каранацыя абраза папскімі каронамі адбылася ў Рэчы Паспалітай, у 1717 годзе на Яснай Гуры ў Чанстахове. А ўжо праз год быў каранаваны абраз Маці Божае ў Троках. Афіцыйнаю нагодай каранацыі цудоўнага абраза ў 1718 годзе сталася заканчэньне Паўночнае вайны, дзякуючы заступніцтву Маці Божай Троцкай. Надзвычайны культ Найсьвяцейшае Багародзіцы ў Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што каранацыя яе выяваў зрабілася такой папулярнай, як хiба толькi ў Італіi”.
(Ракіцкі: ) “А якія абразы каранаваліся менавіта ў Беларусі праз рымскіх папаў?”
(Харэўскі:) “Пасьля абраза Маці Божае ў Чанстахове, наступным у Рэчы Паспалітай быў каранаваны абраз у Троках, затым у Кодані, што на беразе Буга, у былым Берасьцейскім павеце. Але пасьля таго, як расейскія ўлады перарабілі тую сьвятыню на маскоўскі капыл, абраз Маці Божае Коданьскае быў зьвезены ў Кракаў, дзе й перахоўваецца дасёньня. Дарэчы, найслыньнейшы ў нашым краі абраз Вострабрамскай Маці Божай быў каранаваны ўжо ў найноўшыя часы, толькі 2 ліпеня 1927 году. А вось жа чацьвёртым каранаваным абразом у той Рэчы Паспалітай стаў слынны Жыровіцкі абраз”.
(Ракіцкі: ) “Як адбывалася яго каранаваньне?”
(Харэўскі: ) “Дазвол на каранаваньне абраза Маці Божай ў Жыровічах датаваны 1726 годам. Адбылася ж каранацыя 19 верасьня 1730 году. Падчас каранаваньня абраза тут сабралася больш як 38 тысяч вернікаў з усіх куткоў Рэчы Паспалітае. Каранатарам быў Апанас Шэптыцкі, мітрапаліт кіеўскі, якому дапамагалі біскупы: ўладзімірскі Тэафіль Гадэбскі й пінска-тураўскі Юры Булгак, з асыстэнтамі — прыёрамi базылянскіх манастыроў зь Беразьвечча, Кобрыню, Тарошына й Тараканяў. Дзьве кароны былі зроблены ў Рыме і асьвечаныя папам Бэнэдыктам ХІІІ. Прывёз іх Геранім Радзівіл. Большую частку выдаткаў на каранаваньне ўзяла ягоная маці — Ганна Радзівіл з Сангушкаў, вялікая літоўская канцлерка. Яна ж загадала аздобіць кароны каштоўнымі камянямі. У часе ўрачыстасьці працэсія праходзіла праз шэсьць трыюмфальных брамаў. Першую выставілі ў гонар базылянаў ды магістрату Слоніма, другою ўшанавалі каранатара, трэцяю ўславiлi дом Пацеяў, чацьвёртаю — Радзівілаў, пятаю — Вішнявецкіх, шостаю — заслугі Сапегаў як апекуноў Жыровіцкага манастыра”.
(Ракіцкі: ) “Відавочна, у нашы часы ўсё адбываецца куды больш сьціпла. Варта тут коратка нагадаць гісторыю гэтага цудадзейнага абраза, які сёньня лічыцца адной з найвялікшых сьвятыняў Беларусі й перахоўваецца ў цяпер праваслаўным Жыровіцкім манастыры”.
(Харэўскі: ) "Жыровіцы былі падораныя Казімерам Ягайлавічам літоўскаму падскарбію Аляксандру Солтану, нашчадак якога, Ян Солтан – маршалак слонімскі, пасьля таго, як згарэла тутэйшая царква, пабудаваў каля 1560 году новую бажніцу, у якой знаходзіўся той цудатворны каменны абразок Маці Божай. Пакланіцца абразу прыяжджалі каралі Ўладыслаў IV Ваза з жонкаю, Ян Казімер Ваза, Ян ІІІ Сабескі з каралевічам Якубам, пазьней — Аўгуст ІІ Моцны, а ў 1784 годзе — наш апошні кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Расейская акупацыя прынесла шмат бяды".
(Ракіцкі: ) “Ці яшчэ ў Беларусі былі цудоўныя каранаваныя абразы? І ці захаваліся яны да нашых дзён?”
(Харэўскі: ) “Так! Адным з найбольш слаўных Быў Бялыніцкі абраз Маці Божае. Бялынічы дзякуючы гэтаму абразу называлі Беларускай Чэнстаховаю. Каранацыя цудоўнага абраза была прыдатнай нагодаю прадэманстраваць моц роду Агінскіх, якім у XVIII стагодзьдзі належалі Бялынічы. 9 верасьня 1761 году перад каранацыяй зь вялікаю пыхаю прыбылі ў Бялынічы Алена й Ігнацы Агінскія. 19 верасьня, калі быў дадзены сыгналь з гарматаў і на ганку касьцёлу й пры трыюмфальных брамах зайгралі капэлi, усе харугвы й дэлегацыі выйшлі на паўмілі за места для прыняцьця й суправаджэньня каронаў у Бялынічы. Наперадзе шэсьця ішлі дзьвесьце коней аднае масьці з уладаньняў маршалка, пасьля якіх некалькі дзясяткаў конных гусараў, затым стаконная надворная харугва польнага літоўскага гетмана й віцебскага ваяводы, пяхота грэнадэраў у сьвяточных мундзірах. Каранатарам быў Юры Мікалай Гільзен, біскуп смаленскі. Кароны асьвечаныя папам Бэнэдыктам ХІV, набытыя на ахвяраваньні вернікаў.
Пасьля задушэньня расейцамі паўстаньня 1863 году абраз схавалі. У 1876 годзе акупацыйныя расейскія ўлады забралі касьцёл пад сваю царкву. Абраз Маці Божай захаваў апошні бялыніцкі пробашч Гадлеўскі. Далейшы яго лёс невядомы. А шыкоўны кармэліцкі сабор у Бялынічах камуністы пусьцілі ў паветра. Колькі гадоў таму ўжо цяперашнія ўлады даламалі рэшты кармэліцкага кляштару. Ад колішняе славы й велічы ў Бялынічах не засталося й знаку”.
(Ракіцкі: ) “На жаль, гэта цалкам трывіяльная гісторыя беларускіх сьвятыняў. Гады акупацыі й барбарскага панаваньня атэістаў не прайшлі марна. Мо, нагадаем, якія яшчэ вядомыя сьвятыні зьніклі?”
(Харэўскі: ) “Бясьсьледна зьніклі дзесяткі цудоўных абразоў, як каталіцкіх, так і праваслаўных. Прыкладам, цудатворны абраз Тупічаўскае Божае Маці з Амсьціслава, Купяціцкае маці Божае зь Берасьцейшчыны. Бадай, усіх і не зьлічыць. Але пра лёс некаторых мы ведаем. Гэтак, славуты абраз Маці Божае Эфэскае, што належаў Спасаўскаму манастыру ў Полацку ад часоў Сьвятое Еўфрасіньні, вісіць цяпер у Рускім музэі ў Пецярбургу. Бадай, там, на Ўсходзе, і ёсьць большая частка нашых сьвятыняў. Асаблівыя, “саюзьніцкія” стасункі Лукашэнкі з Крамлём ані на каліва не паспрыялі іх пошуку й вяртаньню. Бадай, наадварот”.
(Ракіцкі: ) “А ці ёсьць прыклады цывілізаванага стаўленьня замежнікаў да беларускіх сьвятыняў?”
(Харэўскі: ) “Ёсьць. Напрыклад, цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай, што зьберагаўся ў Юравіцкім езуіцкім калегіюме, ў гады перасьледу быў вывезены ў Кракаў. Цяпер на раскіданым кляштарным гнязьдзе ў Юравічах зрабілі праваслаўны жаночы манастыр. Аднак копію абраза Маці Божай Юравіцкай, каталікі з-за Бугу падаравалі беларускім вернікам, і цяпер яна знаходзіцца ў цэнтральным аўтары Мазырскага касьцёла сьв. Міхала Архангела”.
(Ракіцкі: ) “Час ад часу прыходзяць весткі, што то ў Берасьці пачаў адзін абраз “грэць”, то ў Пустынках у мурах спустошанага манастыра зьявіўся “нерукатворны” лік, да якога пацягнуліся пілігрымы нават з Расеі. А, з Вашага гледзішча, ці будуць яшчэ адкрытыя ў Беларусі цудоўныя абразы ці знойдзеныя згубленыя?”
(Харэўскі: ) "Так, безумоўна, веру! Бо хіба ж адшуканьне й адраджэньне шанаваньня тых абразоў, што ўжо маем, ня цуд? Нават тыя сьвятыні, што ёсьць чакаюць сваіх дасьледчыкаў. Трэба наноў аб’ехаць нашу краіну. Я толькі што вярнуўся з Пустынак, што пад Амсьціславам. Магу засьведчыць, што сапраўды цудоўным чынам зьявіўся на муры колішняга базылянскага кляштара нерукатворны абраз. Хутчэй за ўсё, гэта сьлед колішніх росьпісаў. Напэўна, алейная фарба адслаілася, і зараз праступіла відавочная выява лік Хрыста. Новыя цуды трэба спраўджваць. Вось, напрыклад, “заплакалі” абразы ў Стоўбцах, натоўпы вернікаў туды пацягуліся за цудам. Але найперш нашыя сьвятыні чакаюць нас саміх. Уратуецца той, хто верыць. Знойдзе той, хто шукае".