Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Партызан


“Партызанскі лягер” ля Ўнівэрсытэту культуры ў Менску, травень 2008-га.
“Партызанскі лягер” ля Ўнівэрсытэту культуры ў Менску, травень 2008-га.

Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч. Эфір 4 сьнежня 2008 году


“Партызан — гэта чалавек, які ўдзельнічае ў вайне, якую вядуць узброеныя фармаваньні, што хаваюцца сярод мясцовага насельніцтва, звычайна, на акупаванай ворагамі тэрыторыі. Партызаны пазьбягаюць адкрытых і буйных сутычак з праціўнікамі. Яны разбураюць інфраструктуру праціўніка, выкарысоўваюць супраць яго тэрарыстычныя акцыі. Партызанам часта, але не абавязкова, фінансава ці амуніцыяй, зброяй дапамагаюць вонкавыя сілы.

Што тычыцца беларускага партызана, дык у гэтым вызначэньні амаль усё няпраўда”.


***

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі: “Выглядае, што міт пра беларусаў як партызанскі народ — адзін з самых маладых. Нарадзіўся ён — так звычайна цьвердзяць — пасьля другой усясьветнай вайны, у часе якой партызанскі рух у Беларусі быў масавым, а ў наступныя дзесяцігодзьдзі спарадзіў шмат легендаў. Няўжо міт складваецца і замацоўваецца ў сьвядомасьці народу так хутка?”

Валянцін Акудовіч: “Я ня упэўнены, што гэты міт склаўся толькі ў зьвязку з апошняй партызанскай вайной. Хаця наконт гэтага пытаньня дасьледчыкі наўрад ці калі прыйдуць да агульнай згоды. Бо перш, чым міт пра беларусаў як партызанаў,
Задоўга да таго, як беларусы пачалі вызнавацца за партызанаў, яны ужо былі імі, хаця самі гэтага ня ведалі
стаўся нацыянальным мітам, мусіла прамінуць шмат часу і здарыцца мноства падзеяў, якія і склалі аснову яго паўставаньня. Гэта значыць, задоўга да таго, як беларусы пачалі вызнавацца за партызанаў, яны ужо былі імі, хаця самі гэтага ня ведалі”.

Ракіцкі: “Дык, па-вашаму, калі гэты міт пачынаўся?”

Акудовіч: “Асабіста я схільны зьвязваць фармаваньне партызанскай мэнтальнасьці ў беларусаў з эпохай гэтак званага „крывавага патопу“, калі пасьля войнаў, арганізаваных маскоўцамі ў ХУІІ стагодзьдзі, загінуў кожны другі насельнік нашых земляў і з гэтага заняпала Вялікае Княства Літоўскае. Пакінутыя без дзяржаўнай абароны беларусы мусілі самі сабе выпрацоўваць такія формы адбываньня жыцьця, якія б дазвалялі ім зьберагчы гэтае жыцьцё. Найбольш аптымальным у тых умовах стаўся не супраціў узброеным чужынцам, а хованкі ад іх у лесе, які быў усюды і спрэс. Адпаведна мяняўся і характар беларусаў: з мужных ваяроў яны ператвараліся ў старожкія здані, што заўсёды былі гатовыя схавацца у адсутнасьць саміх сябе”.

Ракіцкі: “А ці можна сказаць канкрэтна, у зьвязку зь якой гістарычна зафіксаванай падзеяй упершыню беларусаў пачалі называць партызанамі?”

Валянцін Акудовіч
Акудовіч: “Вядомы дасьледчык беларуска-швэдзкіх стасункаў Андрэй Катлярчук лічыць, што пачатак гэтаму міту паклаў, як тое ні дзіўна, Пётар І. Падчас Вялікай паўночнай вайны Швэцыі з Расеяй ён пісаў пра войска Карла ХІІ, якое атрымала першую буйную паразу на тэрыторыі Беларусі пад вёскай Лясной (цытую): „Едва 1000 человек от сих двадцати тысяч к королю и в Ригу войдут, понеже и по лесам мужики зело бьют их“. Паводле Андрэя Катлярчука, з гэтага кароткага сказу і пачынаецца міт пра „партызанскую барацьбу“ беларускага народа, якім значна пазьней напоўніцу скарыстаецца савецкая гісторыяграфія”.

Ракіцкі: “Але аб тым, што беларускія мужыкі лавілі па лясох чужаніцаў даволі зьвестак і ў крыніцах, якія тычацца ранейшых войнаў”.

Акудовіч: “Мяне менавіта гэтая вэрсія зацікавіла таму, што справу, распачатую Пятром І, праз стагодзьдзе плённа разгорнуць расійскія ідэолягі, апісваючы вайну з Напалеонам. У той вайне побач з Кутузавым у расейцаў, бадай, самым папулярным быў камандзір партызанскага атраду, знакаміты гусар Давыдаў. А разам зь ім у поле ўвагі патрапілі і атрады беларускіх мужыкоў, якія рабавалі зьняможаныя парэшткі францускіх войскаў. Дарэчы, як адзначае Андрэй Катлярчук, гэтаксама было і ў швэдзка-расейскай вайне пасьля паразы швэдаў пад вёскай Лясной. Тады ўзьнікла шмат рабаўніцкіх хеўраў з магілёўскай шляхты і сялянаў, якія перахоплівалі на лясных дарогах разьбітыя атрады швэдзкага войска. Генэрал Рапнін дакладаў Пятру І, што на Магілёўшчыне (цытую) “здешние мужики пеших шведов грабят и ружье, и платье отбирают… Поймали наши фуражири 7 человек шведов, а ружья, сказывают, отняли мужики”.

Ракіцкі: “У такой вэрсіі тагачасныя беларускія партызаны — гэта ўсяго толькі рабаўнікі і марадэры, якія карысталіся зьняможанасьцю тых іншаземных войскаў, што апыналіся на Беларусі”.

Акудовіч: “У першую чаргу яны былі проста ахвярамі чужынных нашэсьцяў. Абрабаваныя ўшчэнт падчас вайсковых кампаніяў і сваімі, і чужымі, беларусы такім рабаўніцкім чынам спрабавалі хоць у малой ступені кампэнсаваць тыя страты, што нанесьлі ім узброеныя прыхадні. А вось ацэнка іх паводзінаў і учынкаў залежыла ад таго, на чыю карысьць у канкрэтнай сытуацыі гэтыя ўчынкі рабіліся. Таму заўсёды для некага яны былі бандытамі, а для некага — героямі-партызанамі. Так было і ў 1920-я гады пад польскай акупацыяй Заходняй Беларусі, так было і пад нямецкай акупацыяй у 1940-я гады. Дарэчы, як толькі немцаў прагналі зь Беларусі, дык тыя партызаны, што засталіся ў супраціве да бальшавікоў, апошнімі таксама пачалі называцца бандытамі. Але насамрэч у сваёй сутнасьці беларуская партызанка ніколі не была ні бандыцтвам, ні змагарнай барацьбой. Яна заўсёды была спосабам выжыць у пару ліхалецьця, а паколькі адно ліхалецьце неўзабаве менялася на другое, дык
Беларуская партызанка з спосабу выжыць ператварылася ў спосаб жыць, які ўкарэнены ў нас вякамі і, магчыма, на вякі.
беларуская партызанка з спосабу выжыць ператварылася ў спосаб жыць, які ўкарэнены ў нас вякамі і, магчыма, на вякі”.

Ракіцкі: “Калі так разумець беларускую партызанку, дык тады да яе можна аднесьці і антырасейскія паўстаньні ХІХ стагодзьдзя. Тактыка дзеяньняў была падобная”.

Акудовіч: “Сапраўды, многія залічваюць на рахунак беларускага партызанства антырасейскія паўстаньні 1831-га і асабліва 1863 гадоў. І хаця фармальных падставаў для такога меркаваньня як быццам даволі, я ня схільны зь ім пагаджацца. Бачыце, падабенства з партызанкай тут адно ў некаторых формах барацьбы, а па-сутнасьці гэта дзьве радыкальна адрозныя зьявы. Антырасейскія паўстаньні мелі цалкам ідэалягічнае паходжаньне. Тады змагаліся не за само жыцьцё, а толькі за іншы, вольны ад расейскага панаваньня, спосаб жыцьця. І якраз таму паўстанцаў Каліноўскага мы называем не партызанамі, а касіянэрамі”.

Ракіцкі: “У адным з сваіх эсэ вы зьдзіўляліся, чаму ніхто не заўважае, што акупацыя немцамі Беларусі ў першую ўсясьветную вайну амаль ня мела партызанкі, прынамсі, у параўнаньні з другой усясьветнай вайной. Але, наколькі памятаю, задаўшы гэтае пытаньне, вы самі на яго не адказалі. Таму цяпер я ў вас пытаюся: чаму?”

Акудовіч: “Здаецца, адну з асноўных прычынаў я тады усё ж назваў, а менавіта: відавочна гіпэртрафаваная
Відавочна гіпэртрафаваная савецкая партызанка была штучна змайстраваная Масквой і навязаная нашаму народу прымусам.
савецкая партызанка была штучна змайстраваная Масквой і навязаная нашаму народу прымусам. Але, вашая праўда, там я абмінуў увагай пытаньне партызанкі падчас першай усясьветнай вайны. Можа, таму, што ніякіх адметных зьвестак пра яе мне нідзе не сустракалася, калі не лічыць выдатнай аповесьці для падлеткаў Міхася Лынькова „Міколка-паравоз“. Аднак дзьве вэрсіі адсутнасьці больш-менш выразнага партызанскага руху ў гэтую пару я маю. Найперш, як для вайны, немцы на беларускіх землях тады паводзілі сябе досыць цывілізавана і нават наладзілі тут цэлую сыстэму фэльчарскіх пунктаў, якіх у нас раней ніколі не было. Але асноўная прычына зьвязаная хутчэй зь іншым. Царскі ўрад прыдумаў высяляць усіх беларусаў у Расею з тых земляў, якія, адступаючы, пакідалі расейскія войскі. Дарэчы, мой дзед зь сям’ёй і тады яшчэ падлетак бацька таксама патрапілі ў гэтае выгнаньне. Карацей кажучы, уся патэнцыйная партызанка апынулася ў Расеі”.

Ракіцкі: “Але прайшло ўсяго некалькі гадоў, і на гэтых жа беларускіх тэрыторыях зьяўляюцца партызаны. Памятаеце Коласавага Дзеда Талаша?”

Акудовіч: “Рэальнай масавай партызанкі тады не існавала. Гэта хутчэй ідэалягічныя вобразы, чым рэальныя героі. Між іншым, якраз у тыя гады пад уплывам бальшавіцкай ідэалёгіі быў сфармаваны той канон беларускага партызана, які цяпер мы зьвязваем амаль выключна з падзеямі другой усясьветнай вайны. Прынамсі так лічыць вядомы мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. І я зь ім цалкам пагаджаюся. Барадатыя мужыкі з стрэльбамі, якія адважна змагаюцца з „белапалякамі“ за савецкую ўладу і як бы вольную Беларусь запаланілі тады літаратуру, кіно, жывапіс. І гэты канон беларускага партызана, якія адважна змагаўся за савецкую Беларусь, стаў той матрыцай, паводле якой бальшавікі ў Маскве арганізоўвалі партызанскі рух на Беларусі ў 1940-я гады”.

Ракіцкі: “Чаму апошнім часам у ідэалягічнай рыторыцы пра савецкую партызанку гавораць ня так ужо і часта?”

Акудовіч: “Вось і вы заўважылі. Раней на тое, што ў ідэалягічнай рыторыцы нашай улады „савецкая партызанка“ ўзгадваецца адно ускосна ды зрэдчас, зьвярнула ўвагу маладая дасьледчыца канцэпту „партызан“ Дар’я Сітнік. Цяпер дамінуе патаснае цьверджаньне аб вялікай перамозе гераічнага беларускага народу над фашыстоўскай навалаччу. Аналізуючы гэты факт, яна робіць слушную выснову. А менавіта:
Партызанскі міт, які паводле вызначэньня не суадносіцца зь перамогай, а толькі са змаганьнем, апынуўся мала прыдатным, каб легчы ў аснову спрэс пераможнай ідэалёгіі нашай дзяржавы.
партызанскі міт, які паводле вызначэньня не суадносіцца зь перамогай, а толькі са змаганьнем, апынуўся мала прыдатным, каб легчы ў аснову спрэс пераможнай ідэалёгіі нашай дзяржавы. Магчыма, нашая ўлада на партызанку і ўвогуле хацела б забыцца, бо надта гэта складаная і супярэчлівая зьява. Але міты мацнейшыя за хоць якую ідэалёгію. Іх можна скарыстоўваць, але нельга прыручыць”.

Ракіцкі: “Але ж савецкая ідэалёгія дзесяцігодзьдзямі карысталася з гэтага міту. Хіба не прыручыла яго?”

Акудовіч: “Так, савецкія ідэолягі дасхочы пакарысталіся партызанскім мітам і, відаць, былі пэўнымі, што назаўжды прыручылі яго да сябе. Але як толькі яе рэпрэсіўная моц трохі аслабела, гэты міт перахапілі (хто б мог пра такое падумаць!) незалежныя беларускія інтэлектуалы, мастакі, літаратары. Бадай, першым гэту ініцыятыву засьведчыў Лявон Вольскі сваёй песьняй „Партызанская“. Але тэма сучаснай беларускай партызанкі ў інтэлектуальна-мастацкім жыцьці Беларусі настолькі шырокая, што яе тут ня варта нават распачынаць. Зьвярну адно ўвагу на часопіс „Партызан“, які ўжо шмат гадоў выдае Артур Клінаў, і дзе яго аўтары прэзэнтуюць самыя розныя артэфакты адвечнага партызанскага руху беларусаў”.

Ракіцкі: “Дык вы лічыце, што партызанскі міт для беларусаў гэта ня толькі міт, але й нешта рэальнае, што ўплывае
“Партызан” ці не найлепей ілюструе нейкую анталягічную сутнасьць беларуса як у ягоным прыватным жыцьці, гэтак і ў ягоным пражываньні гісторыі.
і на іх нацыянальны характар, і на іх лад жыцьця?”

Акудовіч: Міты ніколі не паўстаюць на пустым месцы. Для беларусаў панятак “партызан” ужо даўно набрыняў пэўным сакральным значэньнем, якое не змагла спрафанаваць нават савецкая “партызанка”. Верагодна, “партызан” ці не найлепей ілюструе нейкую анталягічную сутнасьць беларуса як у ягоным прыватным жыцьці, гэтак і ў ягоным пражываньні гісторыі. Часам мне ўяўляецца, што па вялікім рахунку мы яшчэ й нявыйшлі з гушчароў пушчы. І хаця ўжо даўно жывем без вайны ў сьветлых гарадох і нават маем незалежную дзяржаву, але, здаецца, цёмны лес па-ранейшаму глуха шуміць у нашых душах. І ніхто ня ведае, чым для каго аднойчы абернецца гэты пошум векавечнай пушчы”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG