Праграмы / Вянок памяці

Валеры Місюк (1977-2008)

21.07.2008 20:47
Тацяна Поклад

У Беларусі на Мядзельшчыне загінуў намесьнік старшыні Таварыства Беларускай культуры Літвы Валеры Місюк. Ён загінуў увечары 19 ліпеня – ў свой дзень нараджэньня, калі яму споўніўся 31 год.

“Таварыства беларускай культуры Літвы перажывае непапраўную вялікую страту, ва ўзросьце 31 год ад нас адышоў Валера Місюк”, -- паведаміў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) Хведар Нюнька, чыім намесьнікам быў Валеры.

“Валеры прыйшоў да нас яшчэ калі быў студэнтам. Зь першых дзён актыўна улучыўся у працу Таварыства беларускай культуры, праяўляючы нязломную энэргію і ініцыятыву”.

“Валера -- адзін з самых сумленных і праўдзівых людзей, якіх я толькі ведаў на сьвеце. Гэта вельмі разумны і вельмі інтэлігентны чалавек быў. Шмат каму ён павінен быць прыкладам сапраўднага беларускага інтэлігента, ён шмат што рабіў дзеля суполкі беларускай у Вільні”, -- кажа Артур Яўмен, маладзейшы сябра і калега Валеры Місюка.

Валеры Місюк закончыў Віленскі тэхнічны унівэрсытэт імя Гедыміна, у якім і выкладаў і рыхтаваў доктарскую дысэртацыю. Выкладаў таксама ў Віленскай калегіі і ў Акадэміі права. Апрача ўсіх мясцовых моваў на Віленшчыне, валодаў ангельскай і нямецкай мовамі. Валеры – вядомы беларускі актывіст у Літве, арганізатар многіх значных беларускіх імпрэзаў, як на мясцовым ўзроўні, так і міжнародных. Усе беларусы, зь якімі я размаўляла гэтымі днямі пасьля трагедыі, гаварылі аб тым, што Валеры Місюк ужо пачаў пасьпяхова рэалізоўваць сябе як лідэр, здольны палагодзіць нязгоды мясцовых беларусаў і аб'яднаць беларускую дыяспару Літвы.

Вось што кажа мастак і пісьменьнік Алег Аблажэй, актывіст ТБК ад часу яго заснаваньня:

“Няпраўда, што мы жывем у надта цяжкія часы -- няма цяпер ні голаду, ні эпідэміяў -- але праўда і тое, што нашыя часы ўсё больш прасякнутыя цынізмам, прагавітасьцю, фальшам. Але ніякі таму падобны бруд не прыставаў да Валеры. Гэты чалавек, як ніхто іншы, спакойна і разважліва, мог вырашыць любую праблему, любую спрэчку. Вырастаў лідэр, да якога гарнуліся людзі самых розных поглядаў і перакананьняў. Такія асобы патрэбныя, як паветра, як жыцьцядайныя вітаміны, любому грамадзтву, а тым болей беларускаму, разгубленаму і расколатаму ня толькі дзяржаўнымі мяжамі. І вось Валеры няма. І, як заўсёды ў такіх выпадках, галаву сьвідруе пытаньне: Чаму ён?! За што?!”

Інжынэр, спэцыяліст у электроніцы, з досьведам ранейшай інжынэрнай працы на адным з літоўскіх прадпрыемстваў, Валеры Місюк загінуў у выніку трагічнага выпадку ад удару электратокам, калі адведваў сваю бабулю на Мядзельшчыне, у самы дзень свайго нараджэньня. Добра вядома, што Валеры ніколі не злоўжываў алькаголем і не паліў. Сябра Валеры Місюка, студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Артур Юдзіцкі кажа:

“Я быў вельмі уражаны, ня мог паверыць, што такое магло здарыцца са спэцыялістам, інжынэрам, -- нейкая недарэчнасьць з электратокам... Ну магчыма, так склаўся лёс, магчыма там былі нейкія іншыя абставіны... Валера быў такі шчыры, добры чалавек. Ён быў сапраўдным патрыётам дэмакратычнай, незалежнай Беларусі. Нягледзячы на цяжкасьці ў дачыненьнях з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, ён усё роўна працягваў езьдзіць у Беларусь, дзе вось так трагічна і недарэчна загінуў. Цяжка штосьці казаць, калі ад нас адыходзіць зусім малады чалавек, наперадзе ў яго магло быць яшчэ столькі справаў, і грамадзкіх і асабістых”.

“Гэта быў надзвычай высакародны і разумны чалавек, які мог выступаць на любым узроўні, з любой трыбуны. Яго чакала выдатная кар'ера. На жаль, лёс склаўся па-іншаму. Ведаеце, ён быў патрыётам і дэмакратам зь вялікай літары”, -- кажа Хведар Нюнька.

Валеры Місюк будзе пахаваны ў аўторак 22 ліпеня, а 14-й гадзіне, на могілках каля вёсак Радкі і Нарач (былыя Кабыльнікі) на Мядзельшчыне.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: cioma
22.07.2008 20:11

Вечная памяць


Імя:: Сяржук
23.07.2008 09:49

Уладзімер Каткоўкі, Валеры Місюк...

Гэтыя людзі былі так патрэбны нам і Беларусі. Чаму так адбываецца?! Сьмерць забірае лепшых :(


Імя:: T.M.
23.07.2008 12:19

Сяржуку:
І мне, і маім сябрам – таксама -- адразу узгадаўся Уладзя Каткоўскі, як толькі вестка прыйшла аб цяперашняй трагедыі. Лепшых, самых лепшых...
Няма Уладзі, цяпер у Вільні -- няма Валеры. А мы усе застаемся з тым, чаму навучыліся і маглі навучыцца ад гэтых самых лепшых людзей, памятаць і жыць далей сьвятлей і мудрэй. Вечная памяць, і дай Божа, каб хапіла у нас сэрца і розуму на тое вялікае, што застаецца па такіх людзях – на памяць.


Імя:: Стась Горад:: Менск
24.07.2008 01:38

Я асабіста бачыў Валерыя толькі на адлегласці, але... Будучы на сьвяткаваньні 90 угодкаў абвяшчэньня БНР у Вільны, амаль адразу заўважыў у залі, якая збольшага складалась з рускамоўных пенсіянэраў ды "зялёнай" ЕГУшнай моладзі, асобу Валерыя (хаця тады яшчэ не ведаў імя), і проста шчыра узрадываўся, што сярод беларусаў Вільні ёсць такія інтэлегнтныя, сьветлыя, маладыя, пасьпяховыя асобы. Апошняя характарыстака бадай самая важная, бо менавіта "пасьпяховых", упэўненых у сабе прафісіяналаў вельмі не стае беларускаму руху увогуле.
Цяпер вельмі горка ад таго, што чалавека на якога было столькі надзей, столькі павагі, не стала сярод нас. Шчыра спачуваю сваякам, і не меньш шчыра ўсёй беларускай грамадзе Віленшчыны!

Камэнтары 1-4 (з 4)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks