Блогі / Ян Максімюк

Межы свабоды

15.07.2008 18:36
Ян Максімюк

Часопіс „Нью Ёркер” („The New Yorker”) на вокладцы свайго апошняга выпуску зьмясьціў карыкатуру на кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, Барака Абаму, і ягоную жонку Мішэл.

На малюнку Абама стаіць у традыцыйным мусульманскім строі, а яго жонка ў камуфляжных нагавіцах і з аўтаматам Калашнікава за плячыма.

Пара знаходзіцца ў Авальным кабінэце Белага дому — у каміне гарыць амэрыканскі сьцяг, а на сьцяне вісіць партрэт, падобны на Усаму бін Ладэна.

Барак і Мішэл Абамы паказаныя ў жэсьце прывітаньня, у якім іхныя кулакі сутыкаюцца. Гэты жэст, дзякуючы тэлебачаньню, праславіўся на ўсю Амэрыку ў дзень, калі стала вядома, што Барак Абама атрымае намінацыю на прэзыдэнцкага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі. Вядучая тэлеканалу „Fox News”, І.Д. Хіл, была адхіленая ад працы ў сваёй праграме пасьля таго, як параўнала гэты жэст з прывітаньнем тэрарыстаў. Хіл потым прынесла публічнае прабачэньне за свае словы, назваўшы іх жартам.

Рэагуючы на галасы абурэньня, рэдактар „Нью Ёркера” Дэйвід Рэмнік растлумачыў, што малюнак не накіраваны супроць прэзыдэнцкага кандыдата, а зьяўляецца ўсяго сатырычным камэнтарам да некаторых памкненьняў у Амэрыцы прадставіць хрысьціяніна Абаму як патаемнага мусульманіна.

Варта тут нагадаць, што другое імя Барака Абамы — Хусэйн. Бацька Абамы — чарнаскуры кеніец, а маці — беласкурая амэрыканка. Абама нарадзіўся ў 1961 г. у Ганалулу на Гаваях. Ён — першы чарнаскуры намінант на прэзыдэнцкую гонку ў ЗША.

Сам Барак Абама адмовіўся камэнтаваць карыкатуру ў „Нью Ёркеры”. Але ягоны прэсавы прадстаўнік назваў малюнак „безгустоўным і абразьлівым”.

Такой падаецца гэтая карыкатура і мне. А тлумачэньні рэдактара „Нью Ёркера” пра яе накіраванасьць — ня надта мяне пераконваюць.

Але я хачу пры гэтай нагодзе нагадаць пра нешта іншае, беларускае.

Правільна, пра карыкатуры на прарока Мухамэда, якія перадрукавала газэта „Згода” з адной дацкай газэты, і за якія адказны рэдактар атрымаў тры гады зьняволеньня.

І яшчэ справу з сатырычнымі мульцікамі пра прэзыдэнта(ў) аднае саюзнае дзяржавы, пасьля прэзэнтацыі якіх у Інтэрнэце аўтары былі вымушаныя хавацца за мяжою, каб пазьбегчы турмы ў Беларусі.

Мне цяжка нават уявіць сабе сытуацыю, што рэдактар „Нью Ёркера” можа адчуць на сваёй скуры, што межы свабоды слова для яго раптам скурчацца да памераў турэмнай камэры, у якой ён страціць ня толькі веру ў амэрыканскую дэмакратыю, але і свае зубы.

Прэзыдэнты, ці проста кандыдаты ў прэзыдэнты, павінны быць прызвычаеныя да таго, што часам у прэсе ўбачаць нешта такое, што можа ім не спадабацца. Ці нават нешта безгустоўнае.

Рэч у тым, аднак, каб аб сваіх густах чытач меў магчымасьць вырашаць сам, без дапамогі КГБ і турэмных наглядчыкаў. Там — чытачы яшчэ могуць вырашаць. У нас — ужо (яшчэ?) не.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Mikalai Горад:: USA
16.07.2008 10:28

Treba prosta vebac' pra shto pisha New Yorker. Karikatura sapraudi zadumvalasia jak kpin u bok Makeina.
Karikatura dakladna vikonvae funkcii karikaturi i shum vakol jakraz ciazhka patlumachic'


Імя:: Дмитрий Горад:: Минск
17.07.2008 15:03

Ян, мерзкая карикатура на пророка - уголовное преступление. Что такое разжигание религиозной розни умным объяснять не надо. Много веков лилась кровь по сути не за что. Пан Ян, вам же не понравится карикатура, например, на Бенедикта XVI в качестве инквизитора в нацисткой каске.
Если Обама подаст в суд на New Joker, то поступит правильно. Хотя в такой стране как США будет трудно добиться правды. Формулировка этого "бесхитростного" редактора-республиканца прямо таки умиляет.


Імя:: Ян Максімюк
17.07.2008 17:14

Я ня думаю, што рэдактар „Нью Ёркера” зьяўляецца рэспубліканцам. Таму што тыднёвік па традыцыі лічыцца ў Амэрыцы „лібэральным”. Я думаю, тыднёвік, хутчэй за ўсё, спачувае дэмакратам. У 2004 годзе „Нью Ёркер” нарабіў шмат шуму, даўшы ў рэдакцыйным матэрыяле моцную падтрымку дэмакратычнаму кандыдату Джону Кэры — першую так выразную дэклярацыю палітычных схільнасьцяў за сваю 80-гадовую гісторыю.

А што да супярэчлівых публічных ацэнак розных важных асобаў, сьвецкіх і духоўных, дык мне прыгадваецца эпізод, калі славутая (і знакамітая) ірляндзкая сьпявачка Шынэд О’Конар падчас аднаго свайго жывога выступу ў амэрыканскім тэлебачаньні разарвала партрэт Яна Паўля ІІ. Вядома ж, публіка і шмат яе фанатаў былі абураныя тым, што яна зрабіла, і далі ёй адчуць гэта падчас яе наступных канцэртаў, дзе яе літаральна высьвіствалі са сцэны. Але ніхто не дамагаўся, каб яе пасадзіць у турму. Нават штрафу не наклалі, ні на О’Конар, ні на той тэлевізійны канал. Амэрыка.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks