Блогі

Выбух у Менску: qui prodest?

05.07.2008 20:31

“Каму выгадна?”, – гэтае пытаньне задаюць зараз у сувязі з выбухам 3 ліпеня хіба ўсе. У вэрсіях няма недахопу. Але амаль усе яны, калі паглядзець аб’ектыўна, не вытрымліваюць выпрабаваньня калькуляцыяй выйгрышаў і пройгрышаў. На тле крыві паўстотні чалавек і страху ўсёй краіны гучыць цынічна, але толькі халодны аналіз можа дазволіць знайсьці адказ на пытаньне, якое сфармулявалі яшчэ старажытныя рымляне.

Пачнем, скажам, з улады. Ну, фразу Лукашэнкі з інтэрвію “Камсамолцы” пра “пагромы і выбухі”, якія нібыта рыхтуе апазыцыя, не працытаваў толькі лянівы. Ды і тое, што кіраўнік дзяржавы застаўся на месцы выбуху, хаця базавыя прынцыпы дзейнасьці службаў бясьпекі патрабавалі ягонага тэрміновага зьнікненьня адтуль, сапраўды дапускае самыя розныя інтэрпрэтацыі.

Але паспрабуем зрабіць тую самую калькуляцыю. На тле шматгадовых паўтарэньняў мантры пра стабільную і бясьпечную Беларусь тое, што адбылося ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня – мякка кажучы, выклік, а груба – поўха менавіта ўладзе. У галоўнае афіцыйнае сьвята, у двух кроках ад месца, дзе сядзеў самы гарант стабільнасьці і бясьпекі – вось вам. Такі дэманстрацыйны эфэкт, так выглядае, якраз і ўваходзіў у пляны арганізатараў выбуху, але калі гэта ўлады, то яны тады нагадваюць гогалеўскую унтэр-афіцэрскую ўдаву, якая “сама сябе высекла”.

Страты навідавоку, а якія выйгрышы? Зваліць злачынства на апазыцыю і раструшчыць яе дашчэнту? А то яе ня трушчылі без усялякіх выбухаў... А то яна сама не падыходзіць да выбараў у як ніколі раней расколатым стане... Хіба ў краіне нарастае вал масавага пратэсту, які апазыцыя можа асядлаць і павесьці масы на штурм прэзыдэнцкага палацу, так што для нэўтралізацыі такога жахлівага сцэнару добрыя ўсе сродкі? Нават у мазгох аўтараў былін пры дохлага пацука такое ўяўленьне наўрад ці існуе. А тады навошта?

Нават калі ўлада – халодная пачвара, то менавіта халодны разьлік павінен падказаць пачвары, што такія дзеяньні ёй скрайне нявыгадныя, мэта, якую можна такім шляхам дасягнуць, ня вартая выдаткаў, якія пачвара пры гэтым панясе.

Цяпер пра апазыцыю. Ну вынясем за дужкі ўласныя сымпатыі да яе, уяўленьне, што яна з маральных меркаваньняў на гэта ня можа пайсьці ніколі і ні за што, адкінем нават свае веды пра ўзровень яе арганізацыйнай моцы. Дапусьцім на хвіліну, што яна – халодная пачвара. І які тут балянс? Ну так, ну поўха, і што – народ узьненавідзець уладу і паўстане супраць яе? Лухта. А страты ў выпадку выкрыцьця – поўны разгром, прычым пры поўным ухваленьні гэтага народам. Ну не вар’яты ж апазыцынэры.

Шчыраваньні Лукашэнкі ў “Камсамолцы” наконт амэрыканцаў, якія замаўляюць у Беларусі выбухі – праява альбо скрайняга цынізму, альбо скрайняй мэгаляманіі беларускага кіраўніка. Амерыканцы пасьля 9/11 патрацілі мільярды даляраў і ахвяравалі жыцьцямі многіх сваіх грамадзян, змагаючыся з тэрарызмам ва ўсім сьвеце. І спансараваць тэрор з няпэўнымі мэтамі ў малазначнай па вялікім рахунку для іх краіне – гэта, відаць, менавіта тое, чаго ім не хапае для поўнага шчасьця. Насамрэч, калі б беларуская апазыцыя стала практыкаваць нешта падобнае, перад ёю шчыльна закрыліся б усе магчымыя дзьверы ў ЗША. А паколькі яна да меркаваньня ЗША ставіцца неабыякава, то гэта яшчэ адзін аргумэнт за тое, што ў выбуху яна – ні сном ні духам.

Вэрсія пра тое, што выбух – разборка паміж клянамі сілавікоў, спроба дыскрэдытаваць міністра Навумава, адказнага за бясьпеку на сьвяце, таксама ня надта вытрымлівае выпрабаваньне калькуляцыяй. Тое, што жадаючыя дыкрэдытаваць міністра ёсьць, вельмі імаверна, але якая рызыка! Гэта ж не Ломаця зьбіць, тут, калі праўда выплыве на паверхню, ініцыятараў разборкі ў такой форме чакае гарантаваны расстрэл. Не, як кажуць, сабе даражэй.

Мне асабіста наібольш імавернай падаецца вэрсія, якую выказаў мне Аляксандар Фядута.

У Беларусі пачаўся вялікі распродаж. Якімі эксцэсамі суправаджалася прыватызацыя ў суседніх краінах – добра вядома. Пры гэтым пляцоўка ўсіх магчымых беларускіх тэндэраў, конкурсаў і аўкцыёнаў – усяго адна, гэта кабінэт Аляксандра Лукашэнкі. І чаму не дапусьціць, што аднойчы там было сказана: “Вы, Аляксандар Рыгоравіч, нас “кінулі” (варыянт – на нашу цану не пагадзіліся). З намі так нельга. Вы аб гэтым горка пашкадуеце”. І як сказалі – так і зрабілі. Банальны рэкет. Як кажуць, бізнэс – нічога асабістага.

Перавага гэтай вэрсіі ў тым, што яна, па-першае, добра тлумачыць дэманстрацыйны характар выбуху – удар нанесены наўпрост на прэстыжу незгаворлівага партнэра. Па-другое, яна вытрымлівае, так бы мовіць, тэст на халодную пачвару. Выйгрыш – не няўцямны спадзеў на дэстабілізацыю ці маральнае права на знішчэньне апазыцыі, а рэчы сур’ёзныя – падтрыманьне рэпутацыі крутога бізнэсоўца ці, як кажуць, “канкрэтныя бабкі”. А рызыка – ну існуе, але не вар’яцкая. Выканаўца – залётны прафэсіянал, ужо даўно пакінуў Беларусь, замоўшчыкі – паважаныя замежныя бізнэсоўцы. Паспрабуй знайдзі, дакажы, а тым больш дастань.

Праўда, варыянт пра чысты рэкет мае таксама свае недахопы. Таму, каго рэкетуюць, у дадзеным выпадку Лукашэнку, трэба неяк паведаміць, хто ж яго рэкетуе і каму ён павінен ісьці на саступкі. А такое пасланьне “засьвечвае” яго аўтара. Дзе б ён ні жыў, улады гэтай краіны яго за такое вядзеньне бізнэсу па галоўцы не пагладзяць.

Але варыянт пра помсту гэтага недахопу пазбаўлены. Бізнэс-норавы постсавецкіх краінаў даволі спэцыфічныя: калі цябе “кінулі”, ты любой цаной павінен годна адказаць, інакш лічыць цябе “лохам”, і “кідаць” будзе кожны. Калі сцэнар такі, то замоўшчык нічога Лукашэнку паведамляць і не павінен, але сваім бізнэсовым партнэрам мякка намякне, што ў свой час Лукашэнка яго “кінуў”, а потым у Менску 3 ліпеня 2008 году здарыліся нейкія падзеі.

Нарэшце, ня выключана, што сапраўднай можа аказацца і першая вэрсія, вылучаная сьледзтвам. І справа тут ня ў слове “хуліганства”, а ў сутнасьці – адзіночка-вар’ят, ну, прынамсі, у пэўным сэнсе вар’ят. Супраць гэтага паўстае чалавечая рацыянальнасьць, паводле якой важныя рэчы маюць сувымяральныя прычыны. Але вось у 1981 годзе пасьля замаху на Рональда Рэйгана сьледчыя касьцьмі ляглі, шукаючы тыя важныя, сувымерныя прычыны, хто стаіць за гэтым – рускія, кітайцы, мафія, каму выгадна. А высьветлілася – ніхто, ніякай подбіўкі няма, сапраўды вар’ят Джон Гінклі хацеў такім чынам усяго толькі зрабіцца ўражанньне на актрысу Джодзі Фостэр, якая не адказвала на ягоныя заляцаньні. І тут формула “каму выгадна” не працуе, немагчыма пралічыць рацыянальнасьць вар’ята.

Вораг, змоўшчык – гэта зразумела, яго хаця б тэарэтычна можна знайсьці, пакараць, адпомсьціць яму, прадухіліць паўтарэньне гэтага жаху ў будучыні. Але што рабіць з усясьветным хаосам, які прымае аблічча звычайнага чалавека, якому чамусьці дастаўляе асалоду проста адчуваць, што лёсы дзясяткаў і соцень людзей – пад ягоным пальцам на маленечкай кнопачцы прыбору дыстанцыйнага кіраваньня?
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-11 (з 11)
Імя:: Генадзь Горад:: Менск
05.07.2008 23:17

...У "прынцапу". Я згодны з Панам Юрыям. Але? Колькі, "гістарычных" выпадкаў. Калі, найменна "фанатыкі" й варьяты. Рабілі теракты, цалкам(?!)"разменівыючы" Свет, падобные на ліпеньскі.
Ды. Колькі, за гэтымі, тэрактамі. Даволі, "часта Стаяла", найменна, сама Ўлада, або яе прэзэнтары. Якія лічылі, "зьдейсняннае". За дабро для Дзяржавы,Пасполиты и самое ўлады?...Га?


Імя:: Radykal
06.07.2008 00:39

Згодны з сп. Дракахрустам, што вэрсыя Фядуты - адзіная рацыёнальная. На яе карысьць гаворыць і тое, што Лукашэнка на лініі Сталіна практычна сказаў, што ён здагадваецца, хто гэта зрабіў (мы зь імі цяпер ня так пагаворым - значыць, ужо неяк гаварыў). Ведае, каго "кінуў"?
Якая ганьба, дарэчы, што мы змушаныя разважаць пра кіраўнікоў РБ ў тэрмінах расейскага крымінальнага жаргону...

З трохі йіншай опэры, я спрабую казаць у сетцы пра тое, што Лукашэнку й грамадзтву трэба было-б выкарыстаць гэтую смутную падзею, каб прынамсі вярнуцца да больш-менш нэўтральных адносін рэжыму й опозыцыі ды цывілізаванага сьвету з канца мінулага году альбо нават распачаць нейкі перамоўны процэс. Дык людзі нават слухаць ня хочуць. А дарма. Хто ведае, ці будзе другі шанц рэінтэґрацыі ў Эўропу. А акрамя Эўропы Лукашэнку-політыку, а можа й Лукашэнку-чалавеку няма дзе шукаць ґарантый бясьпекі. Усім было-б спакайней, каб ён скончыў політычную кар'еру ў якасьці галавы парляманцкай фракцыі звычайнай, шэраватай эўропэйскай краіны Беларусі. Як Туджман у Харватыі, як Мэчыяр у Славаччыне... Але хто пачуе голас на пустыні?


Імя:: Korj Горад:: Менск
06.07.2008 02:00

Чамусьцi не "пралічаны" самы відавочны, на маю думку, сцэнар - запалохваньне лукі яго атачэньнем, "советнікамі" з Лубянкі. Мазаічнага кантраляваць лягчэй за ўсё, трымаючы яго на мяжы інфаркту. Пра пацука што - народу распавядалі? Ды абсалютная большасьць рагатала з гэтага, а хто не рагатаў сам, дык далучыўся да рогату суседзяў-сяброў. А лука ён у вакууме - сяброў у яго няма, а сам ён відавочна непісьменны. І дыягназ доктара Шчыгельскага вымагае для кіраваньня такім "пацыентам" штодзённай яго апрацоўкі з запужваньнем. Я ўпэўнены, што гэты былы зампаліт насамрэч верыць ва ўсе тыя дуроты, што яму ў галаву ўводзяць - ворагаў-амерыканцаў, назіральнікаў са стрэльбамі &c.
А тое, што ён прабалбытаў хамсамолцы - яму напярэдадні прынесьлі "совершенно секретный" "экспертный аналіз", у якім не выключылі пагромаў і выбухаў. А гэты балбатун-саўгасьнік, як зь ім было не аднойчы (памятайма як ён журналістам распавёў пра перамовы у будынку амбасады!), каб пакрасавацца перад журналістамі, выбалбатаў усё, маўляў во які я дасьведчаны, выведка працуе і "бронепоезд на путі". Гэта, відавочна, не ўваходзіла ў пляны КГБ-Лубянкі, але супыняцца яны не сталі (а можа тыя, хто ведаў пра тэракт, можа тую хамсамолку й у руках не трымалі ў жыцьці - не ўся ж Лубянка са сваім мясцовым адздзелам тэракт рыхтавала - справа робіцца вузкім колам).
А тое, што аўтар даводзіць пра "мафійныя разборкі", дык па-першае "в нулевых люді договаріваются, а не вырезают всю грядку", а па-другое узарваць пад кустом пакет з балтамі для сур'ёзнага чалавека гэтак жа сьмешна, як накласьці купу пад дзьвер і падпаліць...


Імя:: Стась
06.07.2008 02:37

Ёсьць яшчэ адзін накірунак: паказаць людзям пры ўладзе, што яны ўжо ня Ўлада і што краіны Беларусь (як лічаць арганізатары выбуху) ня існуе: ні бел. спецслужбы, ні апазіцыя, ні грамадзяне Беларусі ня стануць псаваць сьвята НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ . Тым больш, што яно зьвязана з падзеямі (хоць і ня вельмі значнымі ў агульным кантэксьце) апошняе Сусьветнае вайны. Арганізаваным іслямістам таксама псаваць адносіны з партнёрамі і саюзнікамі у асобе нашых кіраўнікоў нязручна.
Але ў Расеі ёсьць добра арганізаваныя групоўкі, якія разглядаюць існаваньне Незалежнае Беларускае Дзяржавы як пэўную недарэчнасьць і анегдот. Больш за тое, яны апасрэдвана супрацоўнічаюць з рксейскімі прыўладнымі коламі. І тых і другіх “забадала адвязанасьць” беларускага кіраўніцтва як па-дробязях ў пытаньнях палітычных, так і перманентнае эканамічнае “кідалава”. Гэта рафінавана антыбеларускія (у этнічным сэньсе) сілы.
У самой краіне “Лукашэнка і К°” ёсьць іх аднадумцамі і выгадавалі цэлую плойму сваіх маладых заступнікаў (якія таксама хочуць “паруліць”), кшталту “Белых Россаў” зь “Белай Рассы”, якіх ванітуе ад однаго гуку нашае мовы. На маскоўскія грошы і тыя і другія трымаюць беларускі “назваўтваральны” этнас у прыніжаным і цалкам “опущенном” стане (гл. законы аб СМІ, законы і указы аб мове, глядзі архетэктурныя парэшткі).
Ўлады Беларусі вельмі жостка трымаюць вертыкаль улады, але па “гарызанталі” яны нічога ня могуць зрабіць, бо самі цалкам улезьлі ў залежнасьць ад Расеі. Да таго ж яны працягваюць нішчыць беларускую грамадзянскую супольнасьць, якая і ёсьць асноўным апірышчам сапраўднае ўлады і галоўным суб’ектам суверэнітэту.
Гэты выбух ёсьць для бел-кіраўніцтва камандаю “А ну! - У стойла!”. І каманда была зразуметая – Расейскія “спяцы” ўжо заняліся пошукамі (любімая гульня маскоўскіх “дзюдаістаў” – “нанайская барацьба” ). Яны знойдуць каго скажуць.
Зарас нашыя “Ісцінныя Славяне” і на палітычныя саступкі “Мядзьведзю” пойдуць і патрэбны кавалак маёмасьці аддадуць. Гэты выбух знак “Вы – ня Ўлада! Рабі, што скажу, а то аддаш усё!”.


Імя:: Anatol Starkou Горад:: Brooklyn, NY, USA
06.07.2008 15:34

Журналіст "Радыё Свабода" Юры Дракахруст:
"Мне асабіста найбольш імавернай падаецца вэрсія, якую я пачуў ад аднаго беларускага палітоляга.

У Беларусі пачаўся вялікі распродаж. Якімі эксцэсамі суправаджалася прыватызацыя ў суседніх краінах - добра вядома. Пры гэтым пляцоўка ўсіх магчымых беларускіх тэндэраў, конкурсаў і аўкцыёнаў - усяго адна, гэта кабінэт Аляксандра Лукашэнкі. І чаму не дапусьціць, што аднойчы там было сказана: "Вы, Аляксандар Рыгоравіч, нас "кінулі" (варыянт - на нашу цану не пагадзіліся). З намі так нельга. Вы аб гэтым горка пашкадуеце". І як сказалі - так і зрабілі. Банальны рэкет. Як кажуць, бізнэс - нічога асабістага."

Я, Anatol Starkou, не палітолаг і ня ведаю каго мае наўвазе "Радыё СВАБОДА", але на сайце ХАРТЫІ-97 у 13:06, 4.07 выказаў здагадку на тую ж самую версію. Глядзіце зноў
http://charter97.org/ru/news/2008/7/4/7914/
"Я лічу, што таму папакутавалі ўчора беларускія грамадзяне, што Аляксандр Рыгоравіч пакуль яшчэ не дазволіў камусьці з братэрскай яму Расеі прыватызацыю якога-небудзь нашага прадпрыемства ці ўвогуле Беларусі - яго прыватнага саўгаса "14 год лукашызму".

Следства будзе разглядаць шмат версій, але я ўпэўнены, што ні ў адной з іх мы не пачуем у будучыні ў лукашэнкаўскіх дзярж СМІ імя галоўнай датычнай да выбуху асобы - імя сённяшняга афіцыйнага кіраўніка Беларусі.

Не, я не меў і не маю на ўвазе прамы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі гэтага выбуху. Я маю на ўвазе яго ўскосны ўдзел. І ў першую чаргу не як гаранта нашай бяспекі, а як чалавека, які калісьці пераступіўшы праз Асноўны Закон-94 сказаў потым, што ў гэтай краіне, маўляў, калі што і можа адбывацца, то "с ведома президента". (Ўспамінайце "белыя плямы" у СМІ.)

Таму я лічу, што Рыгоравіч, за час свайго адзінаўладдзя, добра раскруціўшы тэму "братэрскага сяброўства", ў тым ліку, паміж новымі сынамі і ўнукамі русскага Калаша АКМ - новымі рускімі, (читай "новой русской братвой"), некалі кінуў кагосьці з іх. Вось чаму трэцяга ліпеня папакутавалі беларускія грамадзяне - таму, што яго, Лукашэнкі расейская братва, якая яму помсціць, не іх, беларускіх грамадзян браты, і, таму пакуль будзе сённяшняе дыктатарскае адзінаўладдзе на Беларусі гэтыя разборкі не скончацца, будзе ўскосны ўдзел А.Лукашэнкі.

Але, пісаў я далей на сайце ХАРТЫІ-97 у 13:06, 4.07,
"Калі ў хуткім часе будзе хапун сярод бел-чэрвона-белых усіх масцяў, то пасля лукашызму арганізатараў тэракту трэба будзе шукаць у лукашэнкаўскім асяроддзі."

Таму што ўсе 14 апошніх год сведчуць аб тым, што ўсё што не адбываецца на Беларусі, ўсё што не робіць палітык Аляксандр Лукашэнка ён робіць для сваёй ўлады і толькі дзеля сваёй ўлады. Бо хранічна хворы на гэтую хранічную хваробу.


Імя:: drakakhrust Горад:: Praha
06.07.2008 15:37

to Korj
Цікавае тлумачэньне, але на жаль яно не вытрымлівае той самы тэст на халодную пачвару. "Грузіць" босу наконт злавесных плянаў амэрыканцаў - гэта мілая справа. Але выбух, псаваньне сьвята, мора крові - гэта не піяр. А калі раптам гэта ўсплыве? Тады такім "грузіцелям" - расстрэл. Падлічыце самі балянс, дзе на адным баку - зорачка на пагоны, а на другім - куля ў галаву. Вы ведаеце ў атачэньні Лукашэнкі людзей, якія пойдуць на такую рызыку?


Імя:: Антон Горад:: Жыткавичы
06.07.2008 18:30

До тех пор,пока Беларусь остается заповедником-полигоном для восточного соседа,здесь все возможно.


Імя:: Drakakhrust Горад:: Praha
06.07.2008 20:21

Антону

Чыім палігонам былі ЗША 9 верасьня 2001 году, чый палігон Ізраіль ці Расея, дзе такія жахі здараюцца значна часьцей, чым у Беларусі?


Імя:: kaljuchka Горад:: Менск
06.07.2008 21:04

Простите, что по русски. Мне хотелось бы напомнить о предвыборной компании г. Лукашенко на взлете. Может не многие обратили внимание на "покушение", якобы организованное на кандидата? Вам это ничего не напоминает?


Імя:: Korj Горад:: Менск
07.07.2008 20:22

2 drakakhrust: Я казаў пра Лубянку. Iм не патрэбныя вашыя "зорачкi", iм трэба кантраляваць мазаiчнага.
У Расеi iх нават зь мяхамi гэксэгэну на скрадзенай машыне злавiлi - i што?
Я не казаў пра самадзейнасьць, я казаў пра сплянаваную акцыю ФСБ, магчыма разам зь iх тутэйшай фiлiяй, магчыма бяз яе. Пачвара - халадней няма куды.


Імя:: сабит
08.07.2008 17:44

ци ён наивны хлопчык, ци падкуплёны янками, кали гадае, што амерыка змагаецца з тэрарызмым. а хто бамбардырвау афганистан ци личылы вы кольки дзяцёу згинули афганских, кольки сирот залишылась иракских, кольки месцау знишчена? вёсак? то вайна з тэрарызмам? ци самосеньки тэрарызм? ци чуу буш плач удоу?
як ён адпаведацьме за уси сваи злачынства. то ёсць вельми выгадна амерыцы штоб пасля звалиць усё на лукашэнка. лукашэнка анёл парауняльна з бушам. стольки краин ён яшчэ не зруйнавау. стольки войн не разжэг. ён можа й панагадзиу в адной беларуси, а буш па усём сусьвету намагаецца.

Камэнтары 1-11 (з 11)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ