Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады ня хочуць і ня ўмеюць размаўляць з грамадзтвам?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 20-га чэрвеня.

У чацьвер сустрэча жыхароў Менску, незадаволеных зьнішчэньнем Севастопальскага парку, з кіраўніцтвам адміністрацыі раёну адбывалася ў прысутнасьці міліцэйскага спэцназу і відэакамэры апэратыўнікаў. Чаму ўлады могуць размаўляць з насельніцтвам толькі з дапамогаю сілы? Ці магчыма стварэньне “дзяржавы для народу“ без удзелу самога народу? Як рэагуе на гэта грамадзтва? Удзельнікі: сацыёляг Сяргей Нікалюк і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Сіла як мэханізм камунікацыі

Валер Карбалевіч: “Апошнім часам усё часьцей здараюцца лякальныя канфлікты паміж насельніцтвам і мясцовай уладай. У Пухавіцкім раёне людзі пратэстуюць супраць будаўніцтва хімічнага заводу. У Менску жыхары пратэстуюць супраць забудовы Севастопальскага парку. Можна ўзгадаць іншыя канфліктныя сытуацыі, калі жыхары незадаволеныя будаўніцтвам новага дому ў сваім двары.

Нічога сэнсацыйнага тут няма: сытуацыя, калі адбываецца несупадзеньне інтарэсаў, звычайная для любой краіны. Але тут цікавая рэакцыя ўладаў. У асноўным супраць удзельнікаў пратэсту выкарыстоўваецца сіла. Працягваюцца суды над удзельнікамі мітынгу ў пасёлку Дружным, якія пратэставалі супраць будаўніцтва хімзаводу.

Вось учора адбылася сустрэча жыхароў, якія незадаволеныя разбурэньнем Севастопальскага парку, з кіраўніцтвам адміністрацыі раёну. Яна адбывалася ў прысутнасьці міліцэйскага спэцназу, відэакамэры апэратыўнікаў і з усімі іншымі атрыбутамі, якія звычайна спадарожнічаюць акцыям апазыцыі. Людзям проста не давалі гаварыць, задаваць пытаньні. Дык чаму ўлады могуць размаўляць з насельніцтвам толькі з дапамогаю сілы, а ніякіх іншых мэханізмаў камунікацыі не прызнаюць?”

Сяргей Нікалюк: “Менавіта таму, што людзі пратэставалі, улады так і рэагуюць. Іншая рэч, калі б гэта была скарга. Менавіта з дапамогай скаргі адбываецца ўзаемадзеяньне ўлады і грамадзтва. У адміністрацыю прэзыдэнта за год прыходзіць шмат лістоў. Часта на іх адэкватна адказваюць. Але мяжа паміж скаргай і пратэстам вельмі лёгка пераходзіцца”.

Уладзімер Мацкевіч: “Тут ёсьць некалькі розных аспэктаў. Найперш, возьмем суб’ектыўна-пэрсаналісцкі аспэкт. У мясцовых уладаў не хапае пэўных кампэтэнцыяў, жаданьня вывучаць пытаньне і іншае.

Увогуле дыктатарскія рэжымы разбэшчваюць як народ, так і ўладу, чынавенства. Людзі страчваюць здольнасьць уступаць у міжасабовыя адносіны, размаўляць і дамаўляцца. Улады могуць толькі падпарадкоўвацца вышэйшым начальнікам і загадваць.

Другі аспэкт — арганізацыйна-прававы. Мясцовая ўлада не адказвае перад насельніцтвам, бо яно яе не выбірала. Гэтая ўлада адказвае перад сваім начальствам. Таму навошта размаўляць з тымі, хто ёй падначалены?

Для дэмакратычных краін гэта зьява надзвычайная, калі ўлада ўступае ў канфлікт з грамадзтвам. Там улада выступае як пасярэднік у канфліктах паміж рознымі групамі.

А ў Беларусі, як у іншых краінах зь недэмакратычнымі рэжымамі, гэтая зьява звыклая. Тут улада выступае самастойным суб’ектам і канфліктуе з грамадзтвам. Але яна ня ўмее інакш, акрамя выкарыстаньня гвалтоўных мэтадаў”.

Ці магчыма стварэньне “дзяржавы для народу” без удзелу самога народу?

Карбалевіч: “Лукашэнка паставіў задачу пабудаваць “дзяржаву для народу“. Не выключаю, што ў гэтым сэнсе яго памкненьні шчырыя. Але падаецца, што адбываецца як у тым анэкдоце: што ні стварай, атрымоўваецца аўтамат Калашнікава. У выніку такога будаўніцтва атрымалася клясычная бюракратычная сыстэма, дзе ўлада лепш ведае, што патрэбна народу. Напрыклад, яна лічыць, што народу патрэбныя лядовыя палацы ў вялікай колькасьці, хоць у краіне не хапае дактароў, існуюць праблемы з мэдычным абсталяваньнем. І калі людзі публічна заяўляюць, што ў іх іншыя прыярытэты, то атрымоўваюць дубінкай па галаве.

Хачу заўважыць, што ў краіне створаная вялізарная ідэалягічная вэртыкаль, якраз дзеля таго каб працаваць з насельніцтвам. Але ў любых канфліктных сытуацыях з народам размаўляюць ня гэтыя ідэолягі, а міліцэйскі спэцназ. Дык ці магчыма стварэньне “дзяржавы для народу“ без удзелу самога народу?”

Нікалюк: “Адказ відавочны. У афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі на прэзыдэнцкім сайце адзначаецца, што народ называе яго “бацькам”. Гэта азначае погляд на дзяржаву як на вялікую патрыярхальную сям’ю. У ёй існуе толькі адзін суб’ект — бацька, які кіруе сям’ёй. Усе астатнія ніякіх асабістых правоў і інтарэсаў ня маюць. Таму толькі ўлада фармулюе грамадзкія інтарэсы і рэалізуе іх”.

Мацкевіч: “Давайце разьдзелім папулісцкую рыторыку і шчырыя памкненьні. Магчыма, калісьці ў Лукашэнкі былі шчырыя памкненьні пабудаваць “народную дзяржаву”. Але ж ёсьць лёгіка разьвіцьця падзеяў. Як казалі інквізытары, прычына зла ёсьць памылка ў мысьленьні. Памылковае ўяўленьне аб тым, што ёсьць народная дзяржава, роля ўлады, прыводзіць да гвалтоўных дзеяньняў з самых шчырых памкненьняў.

Усе дзяржаўныя інстытуты арыентаваныя не на тое, каб улічваць меркаваньні народа, а каб навучыць народ правільна жыць. Такі лад дзяржавы ўзыходзіць да старажытнай этатысцкай філязофіі Канфуцыя ў Кітаі”.

Як рэагуе на такую дзяржаўную мадэль само грамадзтва?

Карбалевіч: “А як само грамадзтва? Яно прыняло гэтыя правілы і маўчыць? Ці яно незадаволенае? Вось аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучаюць на восеньскія выбары галоўны мэсыдж: неабходны кантроль грамадзтва над уладамі. Можа, гэта трапляе ў кропку грамадзкіх адчуваньняў? Ці не?”

Нікалюк: “Існуе некалькі сацыялягічных аксыём. Так, тыя праблемы, якія апынаюцца ў цэнтры грамадзкай думкі, створаныя не аб’ектыўнымі прычынамі, а ёсьць вынікам актыўнасьці нейкіх палітычных суб’ектаў. Гэтыя суб’екты ўтвараюць нейкую пляцоўку, на якой спрабуюць якуюсьці праблему данесьці да масаў. Затым, калі нейкая праблема становіцца ў грамадзтве актуальнай, то аўтаматычна зьніжаецца актуальнасьць усіх астатніх праблемаў.

Тая праблема, якую цяпер акрэсьліла апазыцыя, ня можа быць асноўнай на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Таму праз пэўны час ёй давядзецца шукаць новую праблему і з дапамогаю сваіх абмежаваных мэдыйных рэсурсаў імкнуцца ўкідаць яе ў грамадзтва.

Як рэагуе грамадзтва? Справа ў тым, што няма адзінага грамадзтва, яно расколатае ў суадносінах 3:7. Большая яго частка хоча патэрналісцкага клопату дзяржавы. Пакуль Лукашэнка выконвае ролю “бацькі”, яна яго падтрымлівае. Другая ж частка грамадзтва не прымае нічога, што зыходзіць ад улады.

Калі папулярнасьць Лукашэнкі з аб’ектыўных прычын пачынае падаць, як адбывалася ў 2002-2003 гадах, то ў асяродзьдзі ягоных прыхільнікаў адбываецца раскол. Значная яго частка пераходзіць у стан тых, хто ня вызначыўся. Гэтыя людзі не пераходзяць да апазыцыі, а шукаюць сабе іншага лідэра падобнага тыпу”.

Мацкевіч: “Грамадзтва не прымае, а хутчэй трывае такую сыстэму. Шмат людзей лічаць тое, што адбываецца ў краіне, няправільным. Але яны прымаюць гэта як рэальнасьць і ўпэўнены, што інакш быць ня можа. Да такой сытуацыі спрычыніліся беларускія інтэлектуалы. Яны шмат разважалі пра сялянскі мэнталітэт, талерантнасьць беларусаў і іншыя міты.

Таму на асабістым узроўні беларусы не пагаджаюцца з гэтым, але ня могуць даць калектыўнага адказу на такія гвалтоўныя дзеяньні, бо яны не арганізаваныя. Толькі пэўныя групы, інтарэсы якіх часова супадаюць, даюць адказ, пратэстуюць.

Увогуле большасьць цікаваць не ажыцьцяўленьне самога прынцыпу кантролю грамадзтва над уладаю, а вырашэньне свайго лякальнага, прыватнага пытаньня.

Цяпер пра апазыцыю. Сёньня няма каму ў грамадзтве адрасаваць гэты мэсыдж. І сама апазыцыя не прадэманстравала здольнасьць кантраляваць уладу. І грамадзтва да гэтага не імкнецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG