Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратары апяюць краму “Рыба” на вуліцы Маркса <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Шэраг дзеячоў культуры плянуе з дапамогай творчага конкурсу выратаваць ад магчымага закрыцьця краму “Рыба” на вуліцы Карла Маркса, 26 у Менску.


Прадстаўнікі гарадзкіх уладаў пакуль што не даюць канкрэтнага адказу, што будзе з крамай “Рыба”. Маўляў, гэты аб’ект трапляе ў другую чаргу рэканструкцыі. Пытаньні капрамонту і перапрафіляваньня – гэта кампэтэнцыя гарадзкіх уладаў. Загадчыца крамы спадарыня Тамара супакойвае:

“Яны нам рэкамэндуюць зачыніць і зрабіць рамонт у краме. Крама застаецца, нам забаронена мяняць спэцыялізацыю. Прымушаюць нас вітражы памяняць. Многа размоваў, і многія пакупнікі да нас заходзяць і пытаюцца”.

На вуліцы Карла Маркса ўжо не працуюць іншыя невялікія крамы. Да прыкладу, “Прадукты” ці былыя “Каўбасы”. На дзьвярах шыльды – “Рамонт”. Затое адчыненыя дарагія бутыкі і ювэлірныя салёны.

Усё гэта адбываецца непадалёк ад крамы “Рыба”, помніка архітэктуры і дызайну савецкіх часоў, які ўпрыгожваюць фрэскі з выявамі рыб. У звароце дзеячы культуры заяўляюць, што ў выніку рэканструкцыі першых паверхаў будынкаў на вуліцы Маркса яна ператвараецца ў камэрцыйную турыстычную зону.

Літаратар Лёлiк Ушкiн сказаў:

“Калі цэнтар будзе толькі бутыкі і дарагія крамы, то гэта моцна парушыць форму камунікацыі паміж людзьмі. І фактычна цэнтар становіцца проста для багатых людзей. І тое, што праводзіць Лукашэнка ў цэнтры Менску, – гэта урбаністычная рэвалюцыя, якая парушае дэмакратычны стыль, этыку паводзінаў”.

Лёлік Ушкін занепакоены лёсам крамы “Рыба”:

“Фактычна, гэта адзіны пункт, які застаўся для камунікацыі людзей, што ня маюць шмат грошай, а іншыя проста хочуць кантактаваць у прыемнай атмасфэры, у моладзевай, студэнцкай, альтэрнатыўнай. Там часта зьбіраюцца аматары мастацтва. У любым выпадку, гэта месца, дзе было прыдумана вельмі шмат культурных праектаў”.

Аўтары заявы заклікаюць літаратараў, мастакоў прысьвяціць краме або прадстаўнікам рыбнага сьвету мастацкі твор. І потым маюць намер выдаць зборнік, які стане аргумэнтам у абарону крамы “Рыба”.

Пад зваротам падпісаліся паэт Зьміцер Плян, кампазытар Макс Вільветаў, паэт і мастак Зьміцер Вішнёў, паэт і кампазытар Ярыла Пшанічны, а таксама Лёлік Ушкін.

Зьміцер Вішнёў сказаў:

“У краме “Рыба” вельмі цікавае афармленьне, арыгінальныя жывапісныя працы, і мяне цікавіць лёс афармленьня. Што зь ім будзе? Савецкая забягалаўка ў добрым духу свайго часу. І не хацелася б, каб гэта ўсё зьнікла. У постсавецкі час яна раскруцілася сярод студэнтаў-анархістаў. Для многіх гэтае месца знакавае ў цэнтры Менску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG