Культура

Каліноўскі і Дунін-Марцінкевіч – у жывапісе і графіцы

02.02.2008 19:35

2 лютага а 17-й гадзіне на сядзібе БНФ адкрылася мастацкая выстава, прысьвечаная 170-м угодкам Кастуся Каліноўскага і 200-годзьдзю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.


Выстава арганізаваная суполкай “Пагоня” і сябрамі камісіі на культуры партыі БНФ.

Выстава адкрылася ў дзень народзінаў нацыянальнага героя Беларусі, аднаго з кіраўнікоў паўстаньня 1863 года, рэвалюцыянэра-дэмакрата, публіцыста Кастуся Каліноўскага. А 4 лютага – 200-годзьдзе выбітнага беларускага пісьменьніка, драматурга Дуніна-Марцінкевіча.

Распавядае мастак Аляксей Марачкін:

“Мы павінны памятаць пра наша слаўнае мінулае і асабліва пра такіх волатаў Адраджэньня, волатаў у змаганьні за Беларусь супраць русыфікацыі, супраць гвалту, супраць прыгнёту. Вось гэтыя дзьве фігуры вельмі важныя для нас. Паколькі заля тут невялікая, прадстаўленыя творы Міколы Купавы – вельмі цікавы цыкль яго лінарытаў, прысьвечаных паўстаньню 1863 года, творы, прысьвечаныя Дуніну-Марцінкевічу. Цікавыя творы Алеся Цыркунова”.

Выстаўленыя працы самога Аляксея Марачкіна. Асабліва ўражвае вялікі парадны партрэт Дуніна-Марцынкевіча, напісаны алеем у 1983 годзе. На выставе дэманструюцца таксама плякаты Ўладзімера Крукоўскага, палотны Міхася Карпука, Тодара Ладуцькі.

Мастак Алесь Цыркуноў выставіў два сваіх творы: “Люстэрка” – (прысьвячэньне Эдварду Яну Ромэру, грамадзкаму дзеячу, літаратару, перакладчыку і мастаку) і “Пакліканыя і ўтрапёныя прадвечнаю воляй” -- прысьвячэньне Кастусю Каліноўскаму. Мастак прызнаецца, што хацеў невялікім па памерах творам ахапіць увесь арэал таго ваяўнічага пэрыяду:

“Па пэрымэтры – выявы паўстанцаў, паўсотні прыкладна партрэтаў. Кампазыцыя па форме сваёй мае крыж з бел-чырвона-белай асновай. У цэнтры крыжа – выява кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Чатыры выявы, якія па баках – тых дзеячаў, якія жылі пазьней і адлюстравалі кожны ў сваёй галіне вобраз правадыра паўстаньня. У жывапісе – там малады Пётра Сергіевіч, у паэзіі – Максім Танк, у прозе, драматургіі – Уладзімер Караткевіч, у навуковых дасьледаваньнях – Генадзь Кісялёў”.

Сёньня ў сядзібе БНФ ладзіцца вечарына, прысьвечаная 170-м угодкам Кастуся Каліноўскага, з удзелам хору “Унія” і барда Эдуарда Акуліна.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Кастусь Аршыцкі
03.02.2008 19:48

Вось так трэба адзначаць такія даты. Моладзь БНФ - вучыцеся! Трэба не сьцягі вывешваць, а займацца справай.


Імя:: Вольга Абразцова Горад:: Менск
05.02.2008 22:45

2 Кастусь Аршыцкі: 1.Вы, як і прадстаўнікі ўлады, лічыце вывешванне сцягаў нейкай непрыстойнай справай? 2.Наконт "заняцця справай". Так, справа, якую зрабілі мастакі, вельмі добрая, складаная і прыгожая! “Пакліканыя і ўтрапёныя прадвечнаю воляй” я бачыла ў красавіку на выставе "Разам" і была вельмі ўражаная. Але ж да мяне аб'явы пра імпрэзы даходзяць у мінулым часе: ПРАЙШЛА сустрэча з мастаком ці з пісьменнікам, АДКРЫЛАСЯ выстава. А я б так жадала "ўжывую" пабачыцьтворцаў, паслухаць, што гэтыя разумныя людзі скажуць. Хай бы Радыё Свабода інфармавала пра такія імпрэзы хоць бы за нейкі час.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb