Блогі / Валер Карбалевіч

Адзін з парадоксаў

25.01.2008 14:49


Акцыі пратэсту прыватных прадпрымальнікаў (ПП) даюць падставу паразважаць пра зьяўленьне ў Беларусі значнага сацыяльнага слою, які пачынае ўсё больш уплываць на грамадзка-палітычныя працэсы ў краіне. У разьвітых краінах яго называюць сярэдняй клясай. С. Нікалюк і В. Чарноў надрукавалі вялікі і грунтоўны артыкул на гэтую тэму на сайце “Наше мнение”. Яны нагадваюць крытэрыі вызначэньня сярэдняй клясы, прынятыя ў сацыялёгіі (узровень даходаў, сацыяльны статус і інш.). Увогуле, сярэдняя кляса зьяўляецца тады, калі людзі вырашылі праблему выжываньня і пачалі клапаціцца пра якасьць свайго жыцьця.

Можна доўга спрачацца, ці зьявілася ў Беларусі сярэдняя кляса, наколькі яна масавая. Але мала хто будзе аспрэчваць тое, што гэты працэс разьвіваецца даволі хутка. У краіне з спазьненьнем, але высокімі тэмпамі фармуецца спажывецкае грамадзтва. Пра спажывецкі бум сьведчыць хуткі рост цэнаў на жытло. На 23% за мінулы год павялічылася колькасьць імпартаваных аўтамабіляў. Але найбольш уражвае рост спажывецкіх крэдытаў. Асьцярожныя і ашчадныя беларусы пачалі, амаль як амэрыканцы, жыць за кошт пазыкаў, браць грошы ў банках для будаўніцтва кватэр, куплі дарагіх тавараў.

Паводле высноваў сацыёлягаў, сацыяльныя зьмены вядуць за сабою зьмены ўяўленьняў пра сьвет. Крах дыктатур у шмат якіх краінах у другой палове ХХ стагодзьдзя быў выкліканы найперш тым, што зьявілася шмат людзей, у якіх з ростам даходаў паўстала патрэба ў дэмакратыі. М. Залескі ў дакладзе для кіеўскай канфэрэнцыі “К новаму бачаньню Беларусі” ў верасьні 2007 году пісаў: “Той, хто займеў грошай больш, чым на хлеб, той што далей, то болей адчувае смак свабоды. А той, у каго грошай шмат, мусіць задумацца пра бясьпеку сваіх інвэстыцыяў. Гэтак людзі адкрываюць сьвет права”.

Гэтае правіла дзейнічае ва ўсім сьвеце, ня толькі ў краінах эўраатлянтычнай цывілізацыі, але і ў мусульманскай Турцыі, азіяцкіх дзяржавах: Японіі, Тайвані, Паўднёвай Карэі і інш.

А вось у Беларусі — адзін са шматлікіх парадоксаў — гэтая заканамернасьць пакуль ня выявілася. Нават наадварот, пераход да спажывецкага грамадзтва выклікаў рост даверу да палітыкі цяперашняга рэжыму. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, якраз у момант, калі краіна і яе грамадзяне, дзякуючы таннай расейскай нафце, атрымалі найбольшы даход, рэйтынг Лукашэнкі вырас да 63%. Такога высокага ўзроўню падтрымкі ён ня меў за ўсю гісторыю свайго кіраваньня. Дасьледчыкі НІСЭПД даводзілі, што за дзейнага прэзыдэнта прагаласавала значная частка сярэдніх слаёў насельніцтва, прадпрымальнікаў. Менавіта дзякуючы ім і вырас рэйтынг Лукашэнкі.

Возьмем тых жа прыватных прадпрымальнікаў — самых галоўных кандыдатаў у сярэднюю клясу. Іх у краіне сёньня звыш 200 тысяч чалавек. Тых прадпрымальнікаў, якіх закранула забарона мець наёмных работнікаў, налічваецца 64 тыс. Але на Кастрычніцкую плошчу выйшла ня больш за 3 тысячы чалавек. Прычым у дадзеным выпадку галоўным матывам пратэсту было нават не патрабаваньне свабоды, а карысьлівыя матэрыяльныя інтарэсы.

Зразумела, што тлумачэньняў гэтага фэномэна можна прапанаваць шмат. Што сярэдняя кляса ў Беларусі яшчэ ня склалася, а тое, што мы маем, можна кваліфікаваць як протаклясу. Што людзі, якія ўпершыню дарваліся да прыстойнага жыцьця, баяцца ўсё страціць. Што бізнэс у Беларусі (за выключэньнем прыватных прадпрымальнікаў) можа існаваць толькі “пад дахам” дзяржаўных структур. І іншае. Але насьцярожвае тэндэнцыя. Пакуль што спажывецкі бум умацоўвае пазыцыі Лукашэнкі.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Валеры Грыцук
25.01.2008 20:01

Дарэчы, дыктатар шматкроть паперэджваў “вшівых блох”, а тыя не верылі, вось і бачым “канец веровачкі”. Спадар Балыкін вельмі добра паказаў, што у “ІП” цякуць “кракадзілавы сьлёзы”. Тым , хто працуе у бізнесе трэба вызначыцца: 1.Або хочаш усё жыццё прыстасоўвацца як раб, альбо жыць у дэмакратычнай краіне. 2.Хочаш быць багатым, за кошт падману грамадзян і дзяржавы, альбо зарабляць “сярэднюю зарплату”. 3.Хочаш жыць чэсна, чыць чалавекам і паклапаціцца аб нармальнай будычыні сваіх дзяцей альбо выкручвацца, даваць хабар і падманваць, падманваць… Я безумоўна супраць Лукашэнка, але ягоны указ 760 падтрымліваю. Усе вельмі проста, на падставе Указа. Без эксплуатацыі несваякоў, толькі сямейны бізнес. Але ж НЕ -- большасьць “ІП” яшчэ і на іншым грамадзянах хочуць грошы зарабіць, то бок тыповая дзікая эксплуатацыя. Іншы бок справы: падаткі, бухгалтар. Ну калі ты , “ІП” і працуеш з сотнямі мільёнамі рублёў, то будзе у цябе грошаў і на бухгалтэра. “Падаткі вялікія”. А адкуль яны ўзяліся? “Улада такія напісала”. Дык змяні ўладу. Вельмі проста. І ня трэба ліць “кракадзілавы сьлёзы”.


Імя:: Месціч
26.01.2008 09:16

760 - генацыд свайго народу.


Імя:: Васiль
26.01.2008 10:08

1. Интересная публикация. Феномен имеет место. Наверное ПРОТОКЛЯСА состоит не только из предпринимателей. Про людей искусства говорили, тема трудная. Ну а что специалисты, в частности, многочисленная армия айтишников? Наиболее квалифицированные "весят" как целое предприятие. Как удается совмещать качественный личный быт с совком на улице и в заведениях, ведь в сумме остается совок? Кто-нибудь, поправьте, или объясните, пож. 2. Пав. Валер Грыцук, можно было бы принять ваши доводы, если бы вы пытались навести справедливость в школьном классе или студенческой группе со сходной для всех участников предысторией и историей. Вы говорите об очень разнородной публике, которую обстоятельства подвели к данной форме жизнедеятельности. Многие вошли в бизнес в продолжение комсомольской активности, помните, кооперативы МЖХ и т.п.? Я благодарен им за шмотки, сервис и налоги. Диалог и поиск общих интересов перспективней расчесывания идеологических обид. Не верю, что У-760 улучшит качество жизни нас и наших близких. Почти не скрываются его конкретные задачи. Правда, и они скорее всего, не будут решены, как надеются организаторы. Кто-то останется без работы, а мы с вами - с продукцией от тов.Нарышкина и книгой жалоб.


Імя:: П. Садоўскі
27.01.2008 09:18

Працытаваўшы М. Залескага (“Той, хто займеў грошай больш, чым на хлеб, той што далей, то болей адчувае смак свабоды. А той, у каго грошай шмат, мусіць задумацца пра бясьпеку сваіх інвэстыцыяў. Гэтак людзі адкрываюць сьвет права”.), вы пагаджаецеся зь ім ("Гэтае правіла дзейнічае ва ўсім сьвеце..."), а потым канстатуеце беларускі парадокс, спасылаючыся на 63%даверу да Лукашэнкі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 году:"...пераход да спажывецкага грамадзтва выклікаў рост даверу да палітыкі цяперашняга рэжыму...".Хачу асьцярожна паспрачацца наконт даверу. 1.Ці ня рана нам гаварыць пра спажывецкае грамадства? Мне здаецца, што нашы людзі купляюць рэчы працяглага карыстаньня (два-тры патрыманыя аўтамабілі ў сям'ю, некалькі тэлевізараў і г. д.), таму што баяцца ўкладаць грошы ў бізнэс, хаця б і малы. Тут трошкі хаваецца таямніца пакупніцкага буму, пра які любіць гаварыць афіцыйная прапаганда. Я кіруюся сваім уяўленьнем пра спажывецкае грамадства гледзячы, напрыклад на тую ж Германію.Абсалютная большасьць нашых людзей пакуль зводзяць канцы з канцамі.2.Тыя, каго можна аднесьці да катэгорыі шчасьлівых "спажыўцоў"(іх працэнтаў 3-5), не трымаюць свае грошы ў Беларусі. Ёсьць некаторыя блізкія да "цела" таварышы, што інвестуюць тут на Беларусі, але трымаюць "ушкі на макушке" і працуюць з кароткімі грашамі.Я ведаю асабіста некаторых асобаў гэтых дзьвюх падгрупаў.3.Тыя 63% - вельмі стракатая зьява.Тут, думаю,прадстаўнікоў маладой сярэдняй клясы амаль няма.Асноўная маса - пенсіянеры і сяк-так уладкаваныя на дзяржпрадпрыемствах працаўнікі, дзяржслужбоўцы, людзі ў пагонах і г. д. Калі правесьці нешта тыпу "выбарчага рэферэндуму" сёньня, вынікі даверу панізяцца працэнтаў на 15-20.Пры гэтым тыя асобы, пра якіх гаворыць М. Залескі, будуць у гэтых працэнтах слаба прадстаўлены.


Імя:: Николай
27.01.2008 13:03

Очень хорошо высказался Валерий Грицук. Спасибо. Я Вас Валерий поддерживаю. Протестной численности ИП не хватала. С вашей помощью, уважаемые ИП, здравый смысл в управлении экономикой и политикой в Нашим Государствам мог бы давно наступить. Но вы (ИП), к сожалению, долго шли до настоящего политического состояния. Втихаря вели свой бизнес (схавалiся у бульбу), зарабатывали и потребляли. Думали будете и дальше работать, не по полной программе платить налоги, не влезать в политику. Вы сваей пассивностью затормозили экономические и политические реформы в Республике Беларусь. Сегодня в нашей Республике сформировался только вертикально - олигархический бизнес. Не создан фундамент для среднего бизнеса с оттенками национальной свядомасци. Предлагаю быстро осмыслить настоящее и принять правильные оргвыводы. По моему мнению: надо срочно приступить к созданию Национальный Комитет защиты, развития и поддержки беларускага бизнеса. Прошу Валерия Карбалевича вместе с Валерием Грицук инициировать создания Национального Комитета. Я прошу зачислит меня в эту группу. Mikola, гаспадар iз пад Слуцка Вайду на сувязь сам у БЛОГАХ Валеры Карбалевiча.


Імя:: Валеры Грыцук
28.01.2008 15:39

Паважанае спадарства, вельмі добра, што пачалася істотная дыскусія. Дзякуй за падтрымку спадару Николаю. Цалкам пагаджаюся з паважаным Сп.Садоўскім і не пагаджаюся са сп.Васілем. ад 1991г. мінула дастаткова часу каб вызначыцца -- паглядзіце на суседзей. А тоя, што ў нас дыктатура,то віна грамадзтва. Наконт справедлівасьці. Даволі эфектыўна я патрабаваў справедлівасьці ў Першамайскім р-не г.Менска да 1996, як старшыня адпаведнай дэпутацкай камісіі. Але для Справядлівасьці, найперш неабходна адсутнасьць страху ў грамадзян. Але ИП прызвачаіліся , найперш, вырашасьць справы праз "асабістую дамову" і толькі потым страх. Я перакананы , што больш пратэстаў гэтай стракатай групы ня будзе. Без Дэмакратыі ў дзяржаве немагчыма дэмакратыя ў бізнісэ.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks